Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ЧАРГОВАЕ АБМЕЖАВАНЬНЕ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА Ў БЕЛАРУСІ” — АГЛЯД НЯМЕЦКАГА ДЫ ШВАЙЦАРСКАГА ДРУКУ


Алена Панкратава, Менск

Як піша швайцарская “Tagblatt”, расейская праваслаўная царква мае ў Беларусі прывілеяванае становішча, і цяпер ужо на афіцыйным узроўні. Нямецкая “Frankfurter Rundschau” называе новы закон аб рэлігіі чарговым шахматным ходам Аляксандра Лукашэнкі: беларускі лідэр, якія называе сябе праваслаўным атэістам, такім чынам, зрабіў яшчэ адзін крок на шляху ўмацаваньня сваёй аўтарытарнай, цалкам у савецкіх традыцыях, палітыкі.

Паводле аглядальнікаў, цяпер тых жа каталікоў, пратэстантаў, юдэяў, а таксама прадстаўнікоў іншых рэлігійных меншасьцяў могуць напаткаць сапраўдныя абмежаваньні свабоды веравызнаньня. Гэта адаб’ецца як на правядзеньні царкоўных службаў, так і на рытуалах: вянчаньні, пахаваньні...

Як рэагуюць самі беларусы на такі ціск дзяржавы ў галіне правоў чалавека, — гэтую тэму журналісты заходніх выданьняў абмяркоўваюць непасрэдна з прадстаўнікамі Беларусі.

Швайцарская “Der Landbote” друкуе гутарку зь менскім лекарам, які праходзіць стажыроўку ў мястэчку Вінтэртур. Як вынікае з размовы, сёньня Беларусь ня ёсьць той краінай, дзе насельніцтва ў якасьці галоўных каштоўнасьцяў бачыць дэмакратыю і захаваньне правоў чалавека. Паводле меркаваньняў беларускага лекара, ягоная Радзіма, на жаль, усё больш паглыбляецца ў палітычную ізаляцыю, а ейныя жыхары ня маюць ніякай матывацыі дзеля таго, каб зьмяніць палітычныя традыцыі ў краіне, калі лёс грамадзтва залежыць ня толькі ад кіраўніка-дыктатара, але і ад саміх грамадзянаў.

Нечаканую выснову робіць журналіст нямецкай “Westfalenpost”. Правёўшы некалькі працяглых размоваў з маладымі менчукамі, якія прыехалі ў Нямеччыну на запрашэньне гімназіі Тэадор Хойс, ён піша, што ягоныя суразмоўцы з большым інтарэсам абмяркоўвалі пытаньні расейскай, а не беларускай палітыкі. Менавіта расейскім палітыкам аддавалі яны і больш сымпатыяў. Гэты фэномэн самі менчукі тлумачылі тым, што ў сябе дома яны глядзяць выключна расейскае тэлебачаньне, а таму больш ведаюць пра тое, што адбываецца ў Крамлі, Маскве, Расеі, а не ў Беларусі.
XS
SM
MD
LG