Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЧАЛІСЯ ПЕРАМОВЫ ПРА МАНДАТ МІСІІ АБСЭ Ў БЕЛАРУСІ


Валер Каліноўскі, Менск

Міністар замежных справаў Беларусі Міхаіл Хвастоў спазьніўся на сустрэчу, прымусіўшы генэральнага сакратара АБСЭ Яна Кубіша чакаць. У МЗС усяляк падкрэсьлівалі, што і візыт спадара Кубіша, і перамовы з афіцыйнымі беларускімі прадстаўнікамі адбываюцца з ініцыятывы самой АБСЭ.

Прыбыўшы ў Менск, спадар Кубіш падкрэсьліў кампрамісны характар свайго візыту. Вось што ён сказаў пра мэту сваіх сустрэчаў:

(Кубіш: ) “Паглядзець на будучыню з гледзішча адыходу ад таго пэрыяду, які быў у нашых адносінах да нядаўняга часу, і пошуку сродкаў супрацоўніцтва ў будучыні. Апошні супрацоўнік місіі пакінуў Беларусь, гэта сьведчыць пра не найлепшы стан нашых дачыненьняў, але трэба закрыць гэтую старонку і разгарнуць новую”.

Спадар Кубіш пасьля перамоваў зь міністрам Хвастовым яшчэ раз назваў цяперашні стан адносінаў АБСЭ і Беларусі “ненармальным”, але пра нейкія санкцыі з боку АБСЭ ў выпадку працягу парушэньня беларускім бокам Мэмарандуму 1997 году размовы не ідзе.

(Кубіш: ) “Я ўвогуле не хачу гаварыць пра санкцыі, я думаю, што пасьля такога абмену думкамі пачнуцца канкрэтныя перамовы пра супрацоўніцтва Беларусі як аднаго з удзельнікаў АБСЭ з гэтай арганізацыяй. І я заўсёды большы аптыміст, чым пэсыміст”.

Міхаіл Хвастоў быў задаволены перамовамі і дыпляматычна казаў, што Менск зацікаўлены ў супрацоўніцтве з АБСЭ, што спадар Кубіш разумее сутнасьць прэтэнзіяў беларускага боку і што пытаньне аб прыпыненьні сяброўства ў гэтай арганізацыі Беларусь не разглядае:

(Хвастоў: ) “У адносінах выхаду з арганізацыі мы ня ставім перад сабой такіх мэтаў і задачаў. Ня думаю, што і сама арганізацыя будзе ініцыяваць гэтае пытаньне”.

Спадар Хвастоў не выключае далейшай прысутнасьці місіі АБСЭ ў Беларусі, аднак афіцыйны Менск бачыць гэтае пытаньне ў кантэксьце цэлага комплексу дачыненьняў з АБСЭ. У прыватнасьці, размова йдзе і пра сяброўства Нацыянальнага сходу ў Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ. Але, як падкрэсьліў Ян Кубіш, наўпростай залежнасьці тут няма. Гэта толькі пачатак перамоваў, якія будуць працягвацца.

З прадстаўнікамі апазыцыі ў Яна Кубіша сустрэчаў не было. Сам пачатак гэтых перамоваў адразу пасьля чарговага дэмаршу Менску, зьвязанага з высылкай апошняга дыплямата АБСЭ Аліны Жасан, быў успрыняты ў апазыцыйных колах неадназначна. Гаворыць экс-міністар ва ўрадзе Міхаіла Чыгіра Аляксандар Сасноў:

(Сасноў: ) “Справа ў тым, што Лукашэнка ня пойдзе ў адваротны бок. А АБСЭ схіляецца нешта зьмяніць… Я не магу казаць, што гэта вікторыя Лукашэнкі, але гэта і не параза яго. Я так думаю, што гэта ў большай ступені параза АБСЭ, таму што яна, відаць, перагледзіць мандат, і гэтая місія будзе мець, на мой погляд, чыста такі тэхнічны характар”.

А вось лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька мяркуе, што кампраміс — на карысьць АБСЭ:

(Лябедзька: ) “У любым выпадку прынцыповае пытаньне, будзе місія ці ня будзе місіі. І немагчыма супрацоўнікам місіі рэглямэнтаваць, з кім сустракацца, з кім не сустракацца, езьдзіць у беларускія рэгіёны ці ня езьдзіць. Але для АБСЭ прынцыпова захаваць сваю місію ў Менску. Для Лукашэнкі да гэтага часу было прынцыповым, каб гэтай місіі наагул не было”.

А.Лябедзька мяркуе, што ва ўмовах пагаршэньня стасункаў з Расеяй афіцыйны Менск можа пагадзіцца на нейкае кампраміснае рашэньне.
XS
SM
MD
LG