Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУД ВЫНЕС МЯККІЯ ВЫРАКІ ЎДЗЕЛЬНІКАМ АКЦЫІ САЛІДАРНАСЬЦІ З ДЫПЛЯМАТАМІ АБСЭ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Кастусь Хадыка і Сяргей П’яных арганізавалі пікет каля будынку менскай групы АБСЭ 29 кастрычніка — у той дзень, калі апошняя замежная прадстаўніца гэтай арганізацыі Аліна Жасан пакідала Беларусь. Спадары Хадыка і П’яных трымалі ў руках плякат з патрабаваньнем да ўладаў спыніць ціск на місію АБСЭ.

Акцыя працягвалася каля 40 хвілінаў. Пасьля пікетоўцаў затрымала міліцыя. На Кастуся і Сяргея склалі пратаколы за арганізацыю недазволенага вулічнага мерапрыемства і ў той жа дзень адвезьлі ў суд. Аднак судзьдзя быў вымушаны адкласьці разьбіральніцтва, бо абодва затрыманыя запатрабавалі адвакатаў.

Гаворыць Кастусь Хадыка:

(Хадыка: ) “Я шкадую толькі пра тое, што на гэтую акцыя выйшла нас двое. Беларуская грамадзкасьць мусіла была падтрымліваць такую арганізацыю як АБСЭ, таму, што яе роля ў справе ўсталяваньня ў Беларусі дэмакратыі вельмі важная. Людзі, што лічаць сябе прыхільнікамі дэмакратыі, мусілі б адзначыць той факт, што прадстаўніцтва АБСЭ фактычна зьнікае”.

Сяргей П’яных падзяляе думку свайго калегі:

(П’яных: ) “Пэўна хацелася б, каб прыйшло больш людзей. Падтрымалі б маральна ды проста выказалі сваё стаўленьне да дзеяньняў уладаў з нагоды выцісканьня місіі АБСЭ зь Беларусі”.

Судзьдзю Антаневіча сёньня цікавіла, чаму пікетоўцы не атрымалі афіцыйнага дазволу на правядзеньне акцыі. Удзельнікі акцыі казалі, што ня мелі на гэта часу, бо пра тое, што беларускія ўлады не працягнулі акрэдытацыю Аліне Жасан, даведаліся толькі напярэдадні яе ад’езду.

Дзьмітры Антаневіч прызнаў спадароў П’яных і Хадыку вінаватымі ў арганізацыі недазволенага пікету і вынес ім папярэджаньні. Судзьдзя патлумачыў свой мяккі вырак тым, што яму стала шкада беспрацоўнага Сяргея П’яных — бацькі дваіх малых дзяцей. Кастусь Хадыка лічыць, што на рашэньне судзьдзі паўплывалі й іншыя абставіны:

(Хадыка: ) “На маю думку, ёсьць дзьве прычыны, якія б маглі на гэта паўплываць — гэта пазыцыя судзьдзі, бо ён мякка паставіўся. Другая прычына — прысутнасьць сёньня ў Беларусі генэральнага сакратара АБСЭ”.

Прадстаўнікі амбасадаў ЗША, Вялікабрытаніі й групы АБСЭ, якія прысутнічалі ў судзе, ад камэнтароў на гэтую тэму ўстрымаліся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG