Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ПАЛЕПШАЕ ЖЫЦЬЦЁ ПЭНСІЯНЭРАЎ ПАСЬЛЯ ПАДВЫШЭНЬНЯ ПЭНСІЯЎ?


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: прафэсар Уладзімер Кулажанка, аглядальнік Радыё Свабода Міхал Залескі.

(Валер Карбалевіч: ) “З 1 лістапада ў Беларусі адбудзецца падвышэньне ўсіх відаў пэнсіяў. Сярэдні памер працоўнай пэнсіі павялічваецца на 12,7% і складзе 94 700 рублёў. Калі глядзець на афіцыйную статыстыку, то, здаецца, што ў пэнсійным забесьпячэньні беларускіх грамадзянаў усё добра. Пэнсіі пастаянна падвышаюцца. Сёлета мінімальныя працоўныя і сацыяльныя пэнсіі падвышаліся ў лютым, траўні і жніўні, а працоўныя пэнсіі — у лютым. Памер пэнсіяў у Беларусі адзін з самых высокіх у СНД. Цяпер сярэдняя пэнсія складае 43,8% ад сярэдняй зарплаты, а пасьля павелічэньня гэтая лічба дасягне 45%.

Дык ці сапраўды ў Беларусі добрыя пэнсіі? Ці згодныя з гэтай высновай самі пэнсіянэры? Якія крытэры сьведчаць пра стан пэнсійнага забесьпячэньня?”

(Уладзімер Кулажанка: ) “Пэнсійнае забесьпячэньне заўсёды залежыць ад узроўню эканамічнага разьвіцьця. У нас эканамічны ўзровень недастатковы для таго, каб задавальняць патрэбы насельніцтва. Адпаведна і пэнсійнае забесьпячэньне застаецца нездавальняючым. Большасьць пэнсіянэраў не задаволеныя сваімі пэнсіямі.

Акрамя таго, у любой краіне памер пэнсіі яшчэ мала пра што гаворыць. У нас важнай праблемай зьяўляецца пастаянны рост цэн, які апярэджвае намінальнае пэнсійнае забесьпячэньне.

Суадносіны сярэдняй пэнсіі да сярэдняга заробку ў памеры 43–45% — зусім не выдатны паказчык. У краінах Захаду пэнсіі складаюць 60–70% ад заробкаў. Такім чынам, пэнсійнае забесьпячэньне нельга лічыць нармальным. Яно відавочна адстае ад патрэбаў пэнсіянэраў”.

(Міхал Залескі: ) “У нас памер пэнсіяў, мабыць, вызначаюць па такім крытэры: старому патрэбна значна менш, чым маладому. Давайце мы проста палічым. У нас сярэдняя сям’я — тры чалавекі. І яна ўтрымліваецца на два сярэднія заробкі. Значыць, на ўтрыманьне аднаго чалавека на месяц патрэбна 1/3 сумы дзьвюх сярэдніх заробкаў. А ў нас пэнсія 43% ад сярэдняга заробку. То бок амаль у два разы меншая, чым трэба. Таму пэнсіі ў нас невялікія. І людзі скардзяцца, што ім не хапае грошай на жыцьцё.

Можам узяць яшчэ адзін прыклад. Колькі мяхоў бульбы можна купіць на пэнсію, каб на зіму запасьціся? Палічыце, і ўсё робіцца відавочным”.

(Карбалевіч: ) “Ці падвысіцца ўзровень жыцьця пэнсіянэраў пасьля падвышэньня пэнсіяў?”

(Кулажанка: ) “Я лічу, што само па сабе павышэньне пэнсіяў — гэта станоўчы факт. І пэнсіянэры будуць задаволеныя, што хоць крыху (12,7%) пэнсіі будуць падвышаныя. Але ў рэальным вымярэньні ніякага павышэньня не адбудзецца. Таму што апошняе павышэньне пэнсіяў было даўно. І яно не пасьпявае за ростам цэнаў, ня можа дагнаць іх. Таму пэнсіянэр ходзіць у краму як на выставу”.

(Залескі: ) “Узровень жыцьця пэнсіянэраў пасьля падвышэньня пэнсіяў залежыць ад таго, ці будуць расьці камунальныя плацяжы, ці будуць выпісваць бясплатныя лекі (таму што зараз гэтую практыку рэзка скарацілі). Сапраўды, павялічэньне пэнсіяў не даганяе рост цэнаў. Толькі на кароткі час пасьля падвышэньня пэнсіяў пэнсіянэры адчуюць невялікую палёгку. А потым зноў цэны пачнуць расьці”.

(Карбалевіч: ) “Сапраўды, нават паводле афіцыйных зьвестак падвышэньне пэнсіяў “зьядае” рост цэн. За 9 месяцаў гэтага году сярэднія пэнсіі ўзрасьлі на 24%, а індэкс спажывецкіх цэнаў — на 24,4%. І зараз разам з паведамленьнем аб падвышэнньі пэнсіяў прыйшла інфармацыя аб росьце коштаў жыльлёва-камунальных паслугаў і элекраэнэргіі, перавозкі пасажыраў чыгуначным транспартам?

Хацеў бы зьвярнуць увагу на такі чыньнік. Летась дзяржаўныя выдаткі на выплату пэнсіяў складалі прыкладна 9% сукупнага ўнутранага прадукту Беларусі, што перавышае сярэдні ўзровень па СНД амаль удвая. У Расеі, напрыклад, гэты паказчык не перавышае 5%. Але адначасова з гэтым расьце запазычанасьць суб’ектаў гаспадараньня па страхавым плацяжам у Фонд сацыяльнай абароны. Здаецца, чым далей, тым больш сёньняшні ўзровень пэнсійнага забесьпячэньня проста не па сілах дзяржаве. Яна ўзяла на сябе абавязкі, якія ўжо ня ў стане выканаць. І гэтая тэндэнцыя ўзмацняецца. Як бы вы маглі пракамэнтаваць гэтую сытуацыю?”

(Кулажанка: ) “Так, я згодны з тым, што нават сёньняшні ўзровень пэнсійнага забесьпячэньня дзяржаве цяжка ўтрымліваць. Справа ў тым, што колькасьць пэнсіянэраў у разьліку на 100 працоўных увесь час расьце і дасягнула лічбы 60. А прадукцыйнасьць працы не расьце з тае прычыны, што дарэшты зьедзеныя асноўныя вытворчыя фонды, няма інвэстыцыяў.

Запазычанасьць суб’ектаў гаспадараньня, перш за ўсё дзяржаўных прадпрыемстваў, у Фонд сацыяльнай абароны, зь якога выплачваюцца пэнсіі, дасягнула сумы 22 мільярды рублёў. І гэта невыпадкова, таму што запазычанасьць па заробках ніколі не была такой вялікай, і дасягнула 100 зь лішнім мільярдаў рублёў. То бок, у прадпрыемстваў няма грошай ня толькі на пэнсіі, але нават і на заробкі.

І ўладам няма куды адступіцца. На дзяржаўным пэнсійным утрыманьні 2,5 мільёна чалавек. Таму чакаць паляпшэньня пэнсійнага забесьпячэньня па часе не прыходзіцца”.

(Залескі: ) “Пакуль што яшчэ дзяржава здольная падтрымліваць цяперашні ўзровень пэнсійнага забесьпячэньня. Калі ж дзяржава ня здолее выплачваць сёньняшнюю пэнсію, то яна можа пазбавіцца падтрымкі свайго надзейнага электарату. Але ўтрымліваць такую сытуацыю робіцца ўсё больш цяжка. Таму што ў нас салідарная пэнсійная сыстэма — то бок маладыя працоўныя людзі кормяць пэнсіянэраў. І як працуе эканоміка, так выплачваюцца і пэнсіі. А не рэфармаваная, не рэструктурызаваная эканоміка ня дазваляе нават працоўным людзям саміх сябе карміць на здавальняючым узроўні. Здаецца, што нядоўга ўжо засталося чакаць, пакуль гэтая сыстэма пачне разбурацца”.

(Карбалевіч: ) “Усьведамляючы, што дзяржаве проста не па сілах падтрымліваць цяперашні ўровень пэнсійнага забесьпячэньня, ва ўрадзе абмяркоўваецца пэнсійная рэформа. Цяперашняй пэнсійнай сыстэмай не задаволеныя ўсе. Не задаволеныя пэнсіянэры нізкім узроўнем пэнсіяў, які прымушае іх працаваць.

Не задаволеныя наймальнікі, таму што вельмі высокія унёскі ў Фонд сацыяльнай абароны — 35% ад фонду зарплаты. Для параўнаньня, у Польшчы гэты паказчык складае 16%, у Чэхіі — 19,5%. Тым больш, што ў сувязі з дэмаграфічнай сытуацыяй суадносіны паміж працоўнымі і пэнсіянэрамі ўсё больш зьмяняюцца ў бок пэнсіянэраў. Але ці можна правесьці пэнсійную рэформу ў адрыве ад рынкавых рэформаў усёй эканамічнай сыстэмы?”

(Кулажанка: ) “Я лічу, што пэнсійная рэформа можа ажыцьцявіцца на аснове пазытыўных зрухаў у эканоміцы, калі будзе разьвівацца прыватны сэктар і ня будуць падвышацца эканамічныя законы.

Важнай праблемай пэнсійнай рэформы зьяўляецца такі чыньнік. Прыватныя пэнсійныя накапленьні кожнага працоўнага чалавека павінныя капіталізавацца. Пэнсійны фонд павінен інвэставаць грошы ў даходныя праекты. Толькі тады ў яго вырастуць магчымасьці выплачваць дастойныя пэнсіі да таго часу, калі людзі выйдуць на пэнсіі. Але ўся праблема ўпіраецца ў стан нашай эканомікі, якая зьяўляецца нярынкавай, нерэфармаванай”.

(Залескі: ) “У нас няма мэханізму, які дазваляў бы ператок капіталу. І я згодны з прафесарам, што новая пэнсійная сыстэма можа запрацаваць толькі пры ўмове інвэстыцыяў пэнсійнага фонду ў прыбытковыя сфэры эканомікі. А калі ў сёньняшніх умовах перайсьці на новую сыстэму, то гэтыя грошы пэнсійнага фонду будуць альбо марнавацца, альбо ісьці на выплату пэнсіяў сёньняшнім пэнсіянэрам. І таму гэтая сыстэма зараз нежыцьцяздольная. Немагчыма праводзіць пэнсійную рэформу ў адрыве ад усіх астатніх эканамічных рэформаў”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, цяперашняе падвышэньне пэнсіяў не вырашае праблемы задавальняючага пэнсійнага забесьпячэньня. Пэнсійная рэформа насьпела. Але яе ажыцьцяўленьне ўпіраецца ў існую эканамічную сыстэму, у адсутнасьць у дзяржаўнага кіраўніцтва палітычнай волі праводзіць рынкавыя рэформы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG