Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

МАСТАК А.МАРАЧКІН: “ДЗЯДЫ-88 — ЯК У ЯПОНСКІХ ФІЛЬМАХ”


Ірына Халіп, Менск

У Савецкім Саюзе ўсе адзначалі гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі, але амаль ніхто, як здавалася, ня ведаў, што адна з галоўных датаў на пачатку лістапада — Дзяды, якія мы адзначаем сёньня. І тым ня менш амаль 15 гадоў таму менавіта на Дзяды адбылася першая несанкцыянаваная дэманстрацыя на Курапаты. Тады яе ўдзельнікаў міліцыянты атручвалі газам і разганялі вадамётамі. Мастак А.Марачкін — актыўны ўдзельнік тых падзеяў. Сёньня ён госьць Ірыны Халіп.

(Халіп: ) “Амаль 15 гадоў прайшло з той першай дэманстрацыі ў Курапаты. Мне трохі сорамна сёньня пра гэтае гаварыць, але я тады ўпершыню пачула слова “Дзяды”. Адкуль вы яго ведалі? У Савецкім Саюзе было толькі адно сьвята ў лістападзе — гадавіна Кастрычніцкай рэвалюцыі…”

(Марачкін: ) “Гэта так, але я ўсё ж такі зь вёскі. А на Магілёўшчыне традыцыі здаўна шанаваліся, і я добра памятаю восеньскія і зімовыя Дзяды. Маці тады прыбірала стол, гатавала вячэру і ставіла ў кут шклянку зь нечым, стравы, і казала: “Гэта нашым дзядам”. Гарэла сьвечка. Вядома, гэта тады было пачуцьцё не такое глыбокае і рэлігійнае, але мне сапраўды тады здавалася, што дзяды садзяцца за стол разам з намі ў гэтую вечаровую пару.

А потым, на Дзяды ў 1988 годзе мы ўжо адчулі нешта новае — ня цені забытых продкаў, а ваяўнічыя цені гэтай улады, якая прайшлася па нашых сьпінах дубінкамі, і ўпершыню была газавая атака на мірнае шэсьце”.

(Халіп: ) “Але тады ўлада мела манапольнае права на арганізацыю шэсьцяў. І ніхто ня меў досьведу, як арганізаваць дэманстрацыю ці шэсьце. Як гэта было тады, як ішла арганізацыя?”

(Марачкін: ) “Сапраўды, улады не былі падрыхтаваныя да стыхійнага шэсьця, да нейкай самадзейнасьці. Зараз ужо цяжка сказаць, як гэта яно само атрымалася. Так, пра гэтае гаварылася: “30 кастрычніка зьбіраемся каля Маскоўскіх могілак”. Былі распаўсюджаныя ўлёткі. Як зараз памятаю: мы зьбіраемся, я нясу кветкі. Уся сям’я — мая жонка Ірына, нявестка, Ігар — мы ідзем з кветкамі, нас вітае Сяржук Вітушка і паказвае, куды трэба ісьці.

Адчувалася нейкая напружанасьць. Больш таго, за дзень прайшла пагалоска, што ня трэба туды ісьці, бо могуць быць ахвяры. Але мы ішлі ўскласьці кветкі людзям, якіх мы шануем, на Маскоўскіх могілках, а адтуль пайсьці на Курапаты.

І раптам, нечакана, нейкае хваляваньне, нейкія крыкі. І я гляджу — а там Міколу Купаву цягнуць у машыну, а ён упіраецца. Зянон Пазьняк там недзе сярод жанчын — яго нашыя жанчыны акружылі, каб міліцыянты не маглі яго схапіць. Я памкнуўся туды, і адразу адчуў моцныя дзябёлыя рукі нашых ахоўнікаў — людзей у міліцэйскай форме. Мяне таксама заціснулі ў аўтобус, і там я адчуў, што такое сьлезацечныя газы. Гэта, вядома ж, нічога страшнага — ня тое, што было ў Маскве. Мы ў пастарунку пабылі гадзін шэсьць, потым нас адпусьцілі. Адчуваньне было прыкрае, але, як потым казалі, “на Дзяды ішоў натоўп, а зь Дзядоў ішоў народ”.

(Халіп: ) “Можа, ад гэтага моманту і варта адлічваць пачатак беларускага супраціву?

(Марачкін: ) “Я думаю, так. Зараз, калі глядзіш на той час, як гэта было, дык тады ўсё і пачалося. І сёньня нічога не зьмянілася. Так, ёсьць дазвол прайсьці шляхам, але мае знаёмыя з “Мэмарыялу” і іншых дэмакратычных арганізацыяў, калі езьдзілі па школах і гаварылі пра бальшавіцкі тэрор, пра тыя ж Курапаты, — дык моладзь амаль што ня ведае. Усё робіцца так, каб забылася. І ўжо ўвогуле не гаворыцца пра сталінска-бальшавіцкі тэрор”.

(Халіп: ) “Адкуль жа вы ведалі пра бальшавіцкі тэрор? Тады ж яшчэ не было інфармацыі, хіба што першыя публікацыі ў часопісе “Огонек”.

(Марачкін: ) “Я і зараз ужо немалады чалавек, а тады, у студэнцкія гады, у 1966–67 годзе, у нас па руках хадзіла кніжка Салжаніцына “Архипелаг ГУЛАГ”. Акрамя таго, людзкая памяць пра тыя страшэнныя гады нікуды не падзелася, ня сьцёрлася. Майго дзядзьку Нічыпара ў 30-я гады схапілі, ён трапіў у Карэлію, на Беламорканал і там загінуў. І бацька мне распавядаў, як выратаваўся. У ягонай вёсцы ў 1938 годзе схапілі старшыню калгасу. Гэта быў малады талковы чалавек, невядома, куды яго пагналі, але яго зьнішчылі.

А бацька быў пісьменны — усё ж 4 клясы адукацыі. Ён быў вясковы бібліятэкар. І да яго прыехала каманда з райцэнтру Чэрыкава і пачала яго агітаваць: “Антон Мікалаевіч, вось ёсьць такая думка, што ты будзеш за старшыню калгасу”. І калі ўсе ўжо селі ў машыну ехаць у Чэрыкаў, адзін малады чалавек сказаў, што вады захацелася, і вярнуўся. І кажа: “Антон, калі хочаш застацца жывым, сёньня ж зьбірай клункі, пехам да Крычава (гэта каля 60 кілямэтраў) — і потым куды хочаш. Толькі тады ты застанесься жывым”. Бацька сапраўды сабраў клункі, пехам пайшоў у Крычаў і куды, ты думаеш, ён паехаў? У Сыбір! Ён добраахвотна паехаў у Сыбір, у Камсамольск-на-Амуры. І так ён выратаваўся. І тое, што бацька распавядаў, неяк трывожна лягло на сэрца: такі ж лёс мог быць і ў яго…”

(Халіп: ) “Калі вярнуцца ў 1988 год, можна ўзгадаць, што міністрам унутраных справаў тады быў Віктар Піскароў. Ён потым казаў, што ня меў нічога супраць шэсьця, але трэба было проста атрымаць дазвол… А яшчэ празь некалькі гадоў ён узначаліў у Вярхоўным Савеце камісію па ўшанаваньні памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Што гэта — парадоксы гісторыі?”

(Марачкін: ) “Ёсьць трансфармацыя людзей, і я да гэтага стаўлюся спакойна. Апостал Павал быў вельмі злосным ганіцелем хрысьціянства і самога Хрыста. А потым стаў ня проста верным вучэньню, ён там нават і перабольшваў, ён быў адданым. І Піскароў, магчыма, хацеў і свае грахі змыць. Нават самы апошні злачынца — праўда, я не магу так назваць Піскарова, таму што ён нікога не забіў — мае шанец сябе перарабіць, іначай паглядзець вакол і ўрэшце пазбавіцца сваіх грахоў”.

(Халіп: ) “Лукашэнка некалі ўзначальваў у Вярхоўным Савеце фракцыю “Камуністы Беларусі — за дэмакратыю”. І нават не пабаяўся выступіць супраць жнівеньскага путчу ў 1991 годзе. І што, чалавек сябе перарабіў?”

(Марачкін: ) “Мне здаецца, што тут — “лукавство”, па-расейску кажучы. Гэты чалавек вельмі прыстасаваны да часу. Быў такі час, калі яму было выгодна гэта рабіць. Сёньня яму выгодна абапірацца на тых пэнсіянэраў, якія паступова адыходзяць. Ён заўсёды абапіраецца на нешта часовае. А трэба быць пасьлядоўным. Так, можна зрабіць памылку. Так, быў іншы час.

У мяне зараз пытаюцца: а ці пісаў ты калі-небудзь партрэт Леніна? І я кажу: так, адін раз! Я быў тады студэнтам, і мне не далі стыпэндыю. Было стагодзьдзе Леніна, і мы рабілі плякат. Спэцыяльна зрабілі памылку: замест “достойно встретим столетие Владимира Ильича” мы напісалі “досрочно встретим”. Адзін раз я намаляваў яго ў Плешчаніцах, на ржавай блясе. І гвазьдзічак намаляваў вышэй — недзе ў куточку. Прыйшоў потым адзін сталінец і кажа: “Вышэй за Леніна нічога ня можа быць, у вас памылка”.

(Халіп: ) “Калі б вы былі палітыкам, мы б з вамі зараз абавязкова паразважалі, напрыклад, пра мясцовыя выбары, ці трэба ў іх удзельнічаць і гэтак далей. Так што дзякуй вам за тое, што вы не палітык. Але вось гляджу я на вас — разумны, прыгожы, таленавіты… Няўжо ніколі не зьбіраліся стаць палітыкам? З той дэманстрацыі 1988 году пачаліся многія палітычныя кар’еры. На шэсьце прыйшлі навукоўцы, мастакі, а потым яны сталі палітыкамі”.

(Марачкін: ) “Быў час, калі я балятаваўся ў той Вярхоўны Савет, яшчэ БССР. І маім супернікам у акрузе быў Чаргінец. Памятаю, у апошні дзень агітацыі я зьдзівіўся, бо ўся плошча каля Палацу чыгуначнікаў была поўная плякатаў пра нацыяналістаў. Такое было адчуваньне, што яшчэ трохі — і зь мяне б таксама зрабілі БНРаўца, нацыяналіста і ўвогуле пасобніка фашыстаў. Было прыкра.

Так, я імкнуўся ў палітыку, была падтрымка Зянона Пазьняка. Нам тады ўсім здавалася, што мы бачым тое, чаго ня бачаць тыя, хто называе сябе палітыкамі. Але, безумоўна, мы адчувалі, што лідэрства павінна быць у аднаго. Можа, у двух-трох. У той час Зянон Пазьняк сапраўды гуртаваў вакол сябе шмат адданых людзей. У тым ліку і я ўваходзіў у аргкамітэт БНФ. Ён яшчэ скажа сваё слова”.

(Халіп: ) “Дарэчы, колькі людзей выйшлі тады на дэманстрацыю?”

(Марачкін: ) “Думаю, за тысячу. Гэта не 500 і не 800, гэта шмат. І захаваўся здымак: у полі Пазьняк чытае свой зварот да народу, і сьнег ідзе, і такая карціна… Як у японскіх фільмах. І правільна, Ірына, ты сказала: з таго моманту пачынаецца супраціў у найноўшае гісторыі Беларусі”.

(Халіп: ) “А чаму зараз супраціў не такі, як тады?”

(Марачкін: ) “Думаю, ты памыляесься. І я гэта сьцьвярджаю нават не таму, што аптыміст. Мне здаецца, гэта хваля вялікая. Глядзіце, Малады Фронт, “Грамада”. Я разумею, хацелася б усё сцэмэнтаваць, і балюча, што не атрымліваецца выйсьці “шчыльнымі радамі”, як пяецца ў песьні. Але я думаю, у гэтым пляне мы маем пэрспэктывы”.

(Халіп: ) “У студыі быў мастак А.Марачкін, удзельнік першага шэсьця на Курапаты. Які цудоўны быў час тады! Здавалася, што ўсё наперадзе: і цэлае жыцьцё, і сьветлая будучыня. А зараз часам здаецца, што наперадзе толькі дзень мінулы. Але ад жахаў мінулага нас надзейна ахоўваюць нашыя продкі. Нашыя дзяды…”
XS
SM
MD
LG