Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІСТ ЗЬ НЯВОЛІ


Ул. інф.

(Маркевіч: ) “Мой невялічкі юбілей, на вялікі жаль, азмрочаны. Як я ні імкнуўся пазьбегнуць прастуды, аднак усё-ткі захварэў. Ужо з раніцы адчуў, як нешта сьціскае горла. Бліжэй да абеду канчаткова зразумеў, што справы дрэнь. Увечары я ўжо ледзьве стаяў на нагах.

Па дарозе ў кашары зайшоў у дзяржаўную аптэку пад даволі дзіўным для невялічкіх Асіповічаў трохзначным нумарам 169. Танныхлекаў ад горла, галавы ды тэмпэратуры няма. Кошта таго, што ёсьць, пачынаюцца ад 8000, што, на мой погляд, занадта дорага для шасьці маленечкіх таблетак. Павагаўшыся трошкі каля прылаўка, рашуча выходжу на вуліцу і шыбую ў краму, дзе купляю літровы пакет малака і кавалак масла. Пачак соды застаўся у пакоі яшчэ ад папярэдніх кватэрантаў, мёд – цэлы слоік – на пазамінулым тыдні перадала сястра хартыста Дзімы Бандарэнкі, якая жыве ў ваколіцах Асіповіч. Так што лячыцца буду падручнымі спосабамі.

У хворага на “хіміі” ёсьць свае перавагі: ня трэба ўставаць на праверку пад гэты абрыдлы званок, ня трэба ўскокваць на выцяжку, калі ў пакой уваходзіць ахоўнік, ня трэба нават бегчы тэлефанаваць. І сапраўды, куды ты хворы пабяжыш? Ляжы сабе без усялякіх клопатаў, прымай гасьцей з суседніх пакояў, якім надта карціць паглядзець Мішкаў тэлевізар. Заплюшчыўшы гарачыя ад жару вочы, міжволі слухаю абрыўкі іхнае гамонкі. “Ты чуў, сіняга з двойкі назад у Бабруйск вярнулі. Цяпер ён у башні зноў сядзіць. Пракуратура вынесла пратэст, вырашылі, што прыгавор занадта мяккі, ну цяпер хлопцу ўпаяюць...” “Нічога не ўпаяюць, я зь ім у Гомелі сядзеў, ён такі, што з вады сухім выйдзе. Глядзі, каб увогуле не выпусьцілі”.

У перапынку на рэкляму ў пакой залятае начальнік першага атраду сп. Чарнецкі. Круглы твар ажно расплываецца ва ўсьмешцы. У руках – партрэт Лукашэнкі. “Мікалаевіч, ёсьць загад павесіць гэты партрэт у цябе над ложкам”. Ягоныя вусы ажно варушацца ад таго, што прыдумаў такі ўдалы жарт. Па старой завядзёнцы, я – гэтым разам, праўда, вельмі млява – пратэстую: “Віктаравіч, у рашэньні суду пра гэта ні слова...”

Позна ўвечары іду на кухню, каб згатаваць малако. Сёньня, аказваецца, дзяжурыць Пятровіч, ён жа, па-бацюшку, Нікіціч. Ён жа, як называюць “хімікі” паміж сабою спакойнага і разважлівага капітана, – Нікіта (з націскам на “а”). Трэба ж, якое супадзеньне. Якраз як і першага верасьня. Менавіта сп. Пятровіч сустрэў мяне тут першым, менавіта ён вызначыў мне мае цяперашнія апартамэнты. Дзяжурны праходзіць на кухню ўсьлед за мною. “Мікола, ці чуў ты што-небудзь пра падвышэньне пэнсійнага ўзросту,” – пытаецца ён у мяне. Нікіцічу праз тры месяцы на пэнсію, і ён вельмі заклапочаны плянамі ўраду падвысіць на пяць гадоў пэнсійны ўзрост. Галоўны клопат – ці пасьпее ён выйсьці на пэнсію перад тым, як гэты закон будзе ўхвалены. Я ня ведаю, аднак, каб лішне не трывожыць добрага чалавека, выказваю асьцярожны аптымізм на гэты конт. Нікіціч ажно расьцьвітае. “Мікола, у мяне ж проста па агародзе праходзіць цеплатраса. Я некалькі цяпліц на ёй пабудую, у мяне ж будуць самыя першыя агуркі ў Асіповічах, і ніякіх затратаў на ацяпленьне!”

Потым, падчас апошняй перад сном праверкі, вынырнуўшы з хворага, цяжкага сну яшчэ раз пачуў з калідора голас Нікіціча. Прыйшлі новыя тарыфы на пражываньне. Цяпер за пакой на чатырох чалавек прыйдзецца плаціць 18 тысячаў.

З Асіповіцкай папраўчай установы адкрытага тыпу,
асуджаны Мікола Маркевіч”.
XS
SM
MD
LG