Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЯДЫ Ў ГОРАДНІ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Удзельнікі ўшанаваньня памяці продкаў падзяліліся на тры групы. Першая — з 11 асобаў – засталася ў цэнтры гораду. Яны наведалі бюст Адама Міцкевіча, які знаходзіцца перад Домам саюзу палякаў. Затым накіраваліся на вуліцу Першага траўня. Спачатку — да дому, дзе да 1951 году жыў Рыгор Шырма. Непадалёк знаходзіцца Дом-музэй Максіма Багдановіча, у якім паэт жыў у маленстве. На абодвух дамах да памятных шыльдаў былі прымацаваныя букеты і бел-чырвона-белыя сьцяжкі. Наступным на шляху стаў бюст Элізы Ажэшкі — пісьменьніцы, якая жыла і памерла ў Горадні.

Вялікі кош з кветкамі ўдзельнікі адзначэньня Дзядоў паднесьлі да бюсту Янкі Купалы, які стаіць перад Купалаўскім унівэрсытэтам. Дарэчы, ніхто ва ўнівэрсытэце да гэтага не дадумаўся. Апошні букет быў прымацаваны да шыльды паўстанцам Кастуся Каліноўскага, якая знаходзіцца на будынку чыгуначнага вакзалу. 14 сакавіка 1863 году на вакзале адбыўся бой паміж паўстанцкім атрадам гарадзенцаў і царскім войскам. Каля кожнага памятнага месца слова пра вядомых асобаў і пра паўстанцаў сказаў Сяргей Мальчык—кіраўнік гарадзенскай арганізацыі БНФ Адраджэньне.

На ўсім шляху за ўдзельнікамі Дзядоў сьледавала міліцэйская машына і два чалавекі ў цывільным.
XS
SM
MD
LG