Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ДЗЕНЬ ПАМЯЦІ ПРОДКАЎ КАЛЯ ТЫСЯЧЫ ЧАЛАВЕК УЗЯЛІ ЎДЗЕЛ У МЭМАРЫЯЛЬНЫМ МІТЫНГУ Ў КУРАПАТАХ


Ганна Соусь, Менск

Ля мэтро “Ўсход” на рагу праспэкта Скарыны й вуліцы Каліноўскага калёну актывістаў Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ чакалі каля сотні чалавек – актывістаў і прыхільнікаў партыі БНФ. Гаворыць мастак Аляксей Марачкін:

(Марачкін: ) “Сёньня мы зьбіраемся непадалёк ад Маскоўскіх могілак. На гэтым месцы было першае арганізаванае шэсьце для ўшанаваньня нашых продкаў. Мы ўсёй грамадой зараз чакаем калёну, якая ідзе сюды насустрач. Мы далучаемся да іх і ідзем на Курапаты”.

Многія людзі да гэтага ўжо наведалі Ўсходнія могілкі й ушанавалі памяць Уладзімера Караткевіча і Міхася Ткачова. Гаворыць Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў:

(Трусаў: ) “Я толькі прыйшоў з Маскоўскіх могілак. Як было прыемна бачыць там сотні людзей – і праваслаўных, і каталікоў, якія ўпарадкоўваюць магілы продкаў. Мы ўсклалі кветкі ад ТБМ на магілу Караткевіча й Ткачова. 2 лістапада стала агульнанацыянальным сьвятам не на загад уладаў, не на загад апазыцыі, а з імкненьня душы чалавека. Таму сёньня я прыйшоў на гэтае шэсьце зь вялікім задавальненьнем, бо я ўбачыў вынікі таго, што мы пачыналі пры канцы 1980-ых гадоў”.

Людзі аб’ядналіся ў адну калёну й цягам некалькіх гадзінаў ішлі доўгаю дарогаю на Курапаты. Увесь час ішоў дождж, але калёна не памяншалася. Людзі пелі беларускія песьні, трымалі ў руках кветкі, луналі бел-чырвона-белыя сьцягі.

Сярод удзельнікаў шэсьця быў і намесьнік старшыні партыі БНФ Віктар Івашкевіч.

(Івашкевіч: ) “Гэта сьвяточны дзень. Ня столькі акцыя пратэста, мы ж тут не зьбіраемся анікога зьвяргаць, а Дзень памяці продкаў. Узгадваючы тых продкаў, якія змагаліся за Беларусь, і нашае сёньняшнее змаганьне, здаецца, лягчэйшае ў параўнаньні да таго, што прыпала нашым продкам”.

Людзі ішлі па адной паласе праезнай частцы, міліцыянты не перашкаджалі шэсьцю. Дзесьці а трэцяй гадзіне калёна дасягнула Курапатаў. Там іх чакалі людзі, якія ня здолелі ўзяць удзел у шэсьці. Усяго ў Курапаты на Дзяды прыйшло каля тысячы чалавек.

Распачаўся мэмарыяльны мітынг. Намесьнік старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Сяргей Папкоў зачытаў зварот Зянона Пазьняка:

(Папкоў чытае зварот: ) “Мінула 13 гадоў з таго часу, як мы паставілі перад уваходам на могілкі Курапацкі Крыж Пакуты. Цяпер тут Народны Мэмарыял. Сотні крыжоў сьведчаць пра нашую памяць, пра беларускую трагедыю і перажыты час. Тут не змываецца кроў са злачынных рук. Тутака сёньня побач з намі прысутнічае наш вядомы беларускі мастак і мой прыхільны сябра Аляксей Марачкін. Ён напісаў карціну-абраз, якую вы бачыце – Маці Божая Курапацкая ўсіх нявінна растраляных. Гэта творчы дар, ахвяра мастака пра забітых у Курапатых”.

Выступ працявае Аляксей Марачкін:

(Марачкін: ) “Курапаты – гэта пункт адліку. Якімі нам быць, куды ісьці – ці да забыцьця, ці да прасьвятленьня. Гэты абраз пісаўся тады, калі здарылася няшчасьце ў суседняй краіне, у Маскве. І гэты абраз пісаўся з думкай пра тое, каб гэтая трагедыя ніколі не паўтарылася ў нас, на нашай зямлі. А гэта значыць, нам трэба быць незалежнымі”.

Капліцу-крыж з абразам Маці Божай Курапацкай усіх нявінна растраляных усталявалі побач з Крыжом “Пакутнікам Беларусі”. Сёньня ж ва ўрочышчы ля ямінаў-магілаў паўстала яшчэ 25 крыжоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG