Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ВІЦЕБШЧЫНЕ ЎШАНАВАЛІ ПАМЯЦЬ АХВЯРАЎ СТАЛІНІЗМУ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Сёньня ў Віцебску сябры Кансэрватыўна–хрысьціянскай партыі БНФ усталявалі тры мэмарыяльныя крыжы на месцах пахаваньня ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Гэтыя жалобныя мясьціны знаходзяцца амаль у самым цэнтры гораду – каля Летняга амфітэатру, дзе праводзіцца фэстываль “Славянскі базар”, каля вэтэрынарнае акадэміі ды побач з будынкам абласное ўправы КГБ. Аднак, нягледзячы на неаднаразовыя патрабаваньні і прадстаўнікоў апазыцыі, і простых віцяблянаў, якія памятаюць гады сталінскага тэрору, гарадзкія ўлады так і не згадзіліся правесьці ў гэтых месцах адпаведныя дасьледаваньні ды ўшанаваць памяць ахвяраў, і таму ўшанаваньне памяці закатаваных тут людзей сталася штогадовым абавязкам сяброў Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ.

Праўда, як паказаў папярэдні досьвед, усталяваныя імі крыжы зазвычай зьнікаюць ужо на другія суткі высілкамі міліцыянтаў або працаўнікоў камунальных службаў…

Аршанскія сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскае партыі БНФ правялі сёньня жалобнае шэсьце да месца расстрэлу беларускіх грамадзянаў на Кабыляцкай гары. Акцыя сталася несанкцыянаванай, бо гарадзкія ўлады зарэгістравалі заяву ейных арганізатараў толькі на сёмы дзень пасьля таго, як яна была пададзеная. Адмовілася падаць аб’яву пра сёньняшняе шэсьце і мясцовая тэлекампанія “Скіф”, нягледзячы на тое, што грошы за яе былі ўжо пералічаныя. Па гэтых фактах аршанскія апазацыянэры мяркуюць падаць пазоўныя заявы ў суд.

Сябры Таварыства беларускае мовы зладзілі сёньня памятную акцыю ў райцэнтры Сянно Віцебскае вобласьці. Яна прайшла на тамтэйшых могілках, дзе пахаваны адзін з заснавальнікаў БНР, беларускі паэт Андрэй Зязюля. На ягонай магіле сёньня гучалі вершы ды аповяды краязнаўцаў…

Адбыліся сёньня на Віцебшчыне і не зусім традыцыйныя імпрэзы, прысьвечаныя Дзядам. Так, усклаўшы кветкі да крыжа ў вёсцы Паляі пад Віцебскам, дзе таксама пахаваныя ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў, віцебскія “зубры” накіраваліся ў гарадзкую ды абласную ўправы КГБ, дзе пакінулі улёткі са словамі: “Сталінскія паслугачы з НКВД ператварылі Віцебск у брацкую магілу для соцень бязьвінных людзей. Мы памятаем і забітых, і забойцаў! Прыгледзьцеся да сябе: ці няма віны і на кім-небудзь з вас?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG