Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК ДРАМАТЫЧНЫЯ ПАДЗЕІ Ў МАСКВЕ МОГУЦЬ ПАЎПЛЫВАЦЬ НА БЕЛАРУСКАЕ ГРАМАДЗТВА?


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: палітоляг Уладзімір Падгол, намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч

(Валер Карбалевіч: ) “Даўно вядома, што беларускае грамадзтва знаходзіцца ў расейскім інфармацыйным полі. І значная частка людзей успрымае расейскія падзеі як свае. Таму драматычныя падзеі ў Маскве мінулага тыдня не маглі не выклікаць пэўнай рэакцыі беларусаў. Якая яна, гэтая рэакцыя? Падобная да расейскай грамадзкай думкі ці не?

Расейскія сацыёлягі правялі дасьледаваньні і ўжо маюць уяўленьне аб тым, што думаюць расейцы аб гэтых падзеях. У Беларусі такіх дасьледаваньняў пакуль няма. Тым ня менш, зараз мы паспрабуем абмеркаваць магчымы ўплыў драматычных падзеяўйу Маскве на разьвіцьцё грамадзкіх і палітычных працэсаў у Беларусі.

Першае пытаньне, якое я хацеў бы задаць сваім суразмоўцам. Здаецца, беларускае грамадзтва не да канца ўсьведамляе, што яно зьбіраецца аб’ядноўвацца з краінай, якая знаходзіцца ў стане вайны. І першая, і другая чачэнскія войны, і выбухі дамоў у Маскве амаль не паўплывалі на настроі беларусаў інтэгравацца з Расеяй. Магчыма, людзі разумеюць гэта, але чамусьці на надаюць гэтаму вялікага значэньня? Ці паўплываюць апошнія падзеі ў Маскве на гэтыя ўяўленьні беларускага грамадзтва?”

(Уладзімер Падгол: ) “Я б падзяліў беларускае грамадзтва на людзей з рацыянальным мэнталітэтам і людзей з ірацыянальным мэнталітэтам. Першая катэгорыя насельніцтва — гэта людзі, якія думаюць, разважаюць. Яны вельмі насьцярожана ставяцца да аб’яднаньня з гэтай крымінальнай Расеяй, якая ваюе.

А вось людзі з ірацыянальным мэнталітэтам, якія ўспрымаюць сьвет не на падставе фактаў, а на падставе ілюзіяў і мітаў, успрымаюць расейскую рэальнасьць інакш. На мой погляд, на гэтых людзей узьдзейнічае два важных чыньніка. Па-першае, па расейскіх тэлеканалах пастаянна ідуць крымінальныя сэрыялы, якія кожны дзень паказваюць забойствы і кроў. Яны па-свойму адлюстроўваць расейскае жыцьцё. А з другога боку, расейскія тэлеканалы паказваюць рэальныя забойствы, вайну ў Чачэніі і г.д.

Ужо даўно экспэрты ў галіне сацыяльнай псыхалёгіі прыйшлі да высновы, што калі забіваюць аднага чалавека, то гэта страшна, гэта ўражвае людзей. А калі забіваюць мільён чалавек — то гэта ўжо статыстыка, якая не кранае душы. І таму паказаныя па тэлэбачаньні забойствы, вайна ў Чачэніі ўспрымаюцца насельніцтвам як нешта кшталту крымінальных сэрыялаў, як нешта далёкае і нерэальнае. Зразумела, што гэта не засьцерагае такіх людзей ад жаданьня інтэграцыі з Расеяй.

Па-другое, зараз можа пачацца завочнае спаборніцтва Лукашэнкі і Пуціна па навядзеньню парадку ў сваіх краінах, у каго больш моцная рука. І тут беларускі прэзыдэнт відавочна выйграе. У Беларусі адкрытая мяжа з Расеяй, існуе свабодны ўезд у краіну, тым ня менш, у дзяржаве парадак. А ў Расеі ўсё наадварот”.

(Карбалевіч: ) “Мне здаецца, што вось так жорстка дзяліць усё грамадзтва на людзей з рацыянальным і ірацыянальным мэнталітэтам можа і не зусім правільна. Таму што большасьць людзей мае элемэнты таго і другога, у іх існуюць і рацыянальныя, і ірацыянальныя ўяўленьні і памкненьні”.

(Віктар Івашкевіч: ) “Па-першае, я б адзначыў, што нельга казаць, што большасьць беларускага грамадзтва імкнецца ўвайсьці ў склад Расеі. Значная частка грамадзтва хацела б мець саюз з Расеяй у такім выглядзе: атрымліваць танныя газ і нафту, а наўзамен нічога не даваць. Гэта і ёсьць ідэальная мадэль саюзу для большасьці людзей і, дарэчы, для Лукашэнкі. Рэальна ўваходжаньня ў склад Расеі паводле апошніх дасьледаваньняў НІСЭПД жадае толькі 22% насельніцтва.

Па-другое, я думаю, беларусы ўсьведамляюць, што ў Расеі ідзе вайна. Апошні крызыс у Маскве з захопам закладнікаў толькі крыху дапоўніць агульную карціну.

З маіх размоваў з простымі людзьмі ў мяне склалася такое ўражаньне, што ў іх такое дваістае стаўленьне да чачэнскай вайны. З аднаго боку, чачэнцы бароняць сваю дзяржаву. Але, з другога боку, чачэнцы захопліваюць закладнікаў, рэжуць ім галовы, гандлююць рабамі. І беларусы прыходзяць да агульнай высновы: дзякуй Богу, што ў нас такіх праблемаў няма. І гэта яшчэ раз сьведчыць пра тое, што большасьць беларусаў ня хоча ўваходзіць у склад Расеі”.

(Карбалевіч: ) “Вядома, што расейскае грамадзтва цалкам падтрымала дзеяньні расейскай улады і расцэньвае вынік вырашэньня гэтага крызысу з закладнікамі ў Маскве як перамогу. Улада паказала сілу, і народ яе падтрымаў, нягледзячы на велізарныя ахвяры. А як вы думаеце, як беларускае насельніцтва ацэньвае дзеяньні расейскай улады падчас гэтых падзеяў? Як перамогу ці як паразу, як непрафэсіяналізм і нядзеяздольнасьць інстытутаў расейскай улады?”

(Падгол: ) “Я думаю, што такія высновы рабіць рана. Але вось што мяне зьдзівіла. БТ апошнія два дні пачало даваць рэпартажы аб падзеях у Маскве ў крытычным пляне. Расейскія ўлады крытыкуюцца за недахопы падчас гэтых падзеяў. Прычым гэта робіцца тонка: цытуюцца замежныя газеты. Дарэчы, так робіць і “Народная Воля”.

Таму калі б незалежная прэса і дзяржаўнае тэлебачаньне сумеснымі намаганьнямі працягвалі пэўны час крытычную ацэнку дзеяньняў расейскіх уладаў, то, магчыма, праз пэўны час беларускае грамадзтва і ўспрыняло б гэтыя дзеяньні як непрафэсіяналізм ці паразу. Але пакуль што гэта тэндэнцыі, якія толькі праглядаюцца”.

(Івашкевіч: ) “Я лічу, што большасьць беларускага грамадзтва нэгатыўна ставіцца да захопу закладнікаў. І натуральна, што ў такім выпадку людзі ставяцца з пэўнай сымпатыяй да ўладаў, якія перамаглі гэтых чачэнцаў.

Адначасова ёсьць крытычнае стаўленьне да ўладаў, якія недастаткова падумалі аб тым, як пазьбегнуць многіх ахвяраў. Такім чынам, атрымліваецца такая дваістая карціна. З аднаго боку, добра, што гэтых захопнікаў пабілі. А з другога боку, дрэнна тое, што падрыхтоўка была недасканалая. Таму што ўлады менш думалі аб простых людзях, чым аб сваіх палітычных інтарэсах”.

(Падгол: ) “Хацеў бы дадаць, што зноў тут можна аналізаваць суадносіны вобразу Лукашэнкі і вобразу Пуціна ў сьвядомасьці нашых грамадзянаў. Вось цяпер паведамілі, што зь Беларусі выслалі 10 чачэнцаў. Гэтаму папярэднічала высылка яшчэ аднаго чачэнца, які ваяваў. Я чуў шмат ад каго такую думку: “Вось каб Пуцін павысылаў усіх чачэнцаў з Масквы, то было б усё спакойна, як у Беларусі. Вось Лукашэнка ўсіх выслаў, таму ў нас і парадак”.

(Карбалевіч: ) “Працягваючы думку, якую выказаў спадар Падгол, я б хацеў паставіць такое пытаньне: як суб’екты беларускай палітыкі (улады, палітычныя партыі) могуць выкарыстаць гэтую маскоўскую трагедыю з закладнікамі? Магчыма, яны могуць выступіць зь нейкімі новымі прапановамі, напрыклад, закрыць мяжу з Расеяй?”

(Івашкевіч: ) “Я думаю, даволі рэальна з боку ўладаў увядзеньне пашпартнай праверкі на мяжы, асабліва ў дачыненьні да так званых “асобаў каўкаскай нацыянальнасьці”. І потым зрабіць з гэтага PR. Таму, я згодны са спадаром Падголам, што Лукашэнка можа дэманстраваць тут у Беларусі большую ўладу, чым Пуцін у Расеі. І гэта не патрабуе вялікіх выдаткаў.

Што тычыцца палітычных партыяў. Зьвернемся да матэрыялаў НІСЭПД. Паводле іх 53% грамадзян Беларусі выступае за інтэграцыю ў Эўрапейскі Зьвяз. І гэта пры тым, што пакуль ні адна партыя ці грамадзкая арганізацыя не арганізоўвала мэтанакіраванай агітацыі ў гэтым кірунку. Я думаю, што апазыцыйным партыям цяпер трэба падымаць блакітна-зоркавы сьцяг як напрамак выратаваньня беларусаў ад той вайны і страху, якія ідуць з усходу.

Паводле матэрыялаў НІСЭПД, 49% людзей ужо не баяцца пашырэньня NATO на ўсход. Можа, час таму ж БНФ падняць пытаньне аб уваходжаньні Беларусі ў NATO, каб абараніцца ад тэрарызму з усходу. Я думаю, у гэтым ёсьць пэрспэктыва”.

(Падгол: ) “Я спачатку скажу, як ня выкарысталі гэтую сытуацыю апазыцыйныя палітыкі. Калі Нямцоў з Хакамадай пайшлі ў гэты будынак з закладнікамі, лягічна там было б убачыць таго ж Лябедзьку, які ідзе вызваляць беларусаў. Магчыма, што яго б не пусьцілі, але трэба было прадэманстраваць намер.

Дзяржаўныя мас-мэдыі ўжо выкарыстоўваюць гэтую сытуацыю. Па тэлебачаньні паказваюць, як зь цягнікоў здымаюць нелегальных мігрантаў з афра-азіяцкіх краінаў, якія хочуць праехаць у Эўропу. І ў гледачоў складваецца ўражаньне, што наша мяжа на моцным замку, і ніякі тэрарыст ні праскочыць”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, мы прыйшлі да высновы, што апошнія драматычныя падзеі ў Маскве могуць мець пэўны ўплыў на беларускае грамадзтва. Сёньня цяжка сказаць, наколькі гэты ўплыў будзе вялікі. Відавочна, што і ўлады, і іншыя палітычныя суб’екты паспрабуюць выкарыстаць гэтыя падзеі сабе на карысьць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG