Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ АДБЫЛАСЯ ЦЫРЫМОНІЯ ЗАКЛАДКІ ПЕРШАГА КАМЕНЯ Ў ПАДМУРАК НАЦЫЯНАЛЬНАЙ БІБЛІЯТЭКІ


Галіна Абакунчык, Менск

Галоўным удзельнікам сёньняшняй урачыстасьці быў Аляксандар Лукашэнка, а таму ўся тэрыторыя пад будаўніцтва была ачэпленая яшчэ далёка на падыходах і задоўга да ягонага прыезду. Хлопцы ў цывільным забаранялі мінакам нават блізка падыходзіць да месца, загадвалі жыхарам найбліжэйшых дамоў не стаяць на бальконах і прыбіраць разьвешаную бялізну.

Прэсавая служба Лукашэнкі не дазволіла карэспандэнту Свабоды прысутнічаць на імпрэзе, зрэшты, не змаглі паўдзельнічаць у адкрыцьці “агульнанароднай будоўлі” нават былыя жыхары Сьляпнянскага завулку й многія ахвотныя.

(Спадар: ) “Я думаў, што зайду на адкрыцьцё, цікава паслухаць, прэзыдэнт усё ж. Падышоў, і не пусьцілі. Кажу — я тут жыў. Ну і што, кажуць, гэта ня мае значэньня, не паложана”.

(Спадарыня: ) “Не пускаюць. Я б з задавальненьнем пайшла бы, паглядзела, дык жа там па сьпісах. Крыўдна, што пражываеш жыцьцё, а дзе бы хацелася пабыць простаму люду — усё няможна, недаступна”.

Сёньня на месцы былога Сьляпнянскага завулку вялікая пляцоўка, яшчэ не прыбраная ад старога друзу. Літаральна за некалькі хвілінаў да цырымоніі тут працавалі дворнікі, а рабочыя пасьпешліва ўсталёўвалі па ўсім пэрымэтры высокі мэталёвы плот. Каб пасьпець у прызначаны Лукашэнкам тэрмін, будаўнікі ўвогуле працавалі ўсю ноч, — кажуць жыхары 9-павярховіка па праспэкце Францішка Скарыны.

(Спадарыня: ) “Учора нанач, ужо цямнелася — я з балькона назірала, стаялі два такія прыгожыя дамы. Сёньня прачнуліся — нічога няма, адна пляцоўка”.

(Спадарыня: ) “Я толькі бачыла ўпоцемках. Думаю: што яны там капошацца ў цемры? Столькі ў людзей працы тут было, а яны спалілі”.

Мы паведамлялі раней, што ў апошніх двух дамах у Сьляпнянскім завулку заставаліся сем’і Міхаіла Вяшчыцкага і Веры Раманчык. Яны адмаўляліся перасяляцца ў новае жытло, бо атрымалі кватэры ў недабудаваных дамах. Сем’і намерваліся заставацца тут на зіму, і Першамайскі выканкам пагражаў іх выселіць прымусова праз суд. Як склаўся іхны лёс? — пытаюся ў загадчыцы аддзелу жыльлёвай палітыкі Першамайскага выканкаму Ірыны Філіпавай.

(Філіпава: ) “Пайшлі на кампраміс: кватэра не гатовая да засяленьня, але грамадзянцы спадабалася, і яна пагадзілася. Бацька з дачкой таксама пагадзіліся з аргумэнтамі й пайшлі на ранейшы варыянт. Ніводнага суду ў нас не было. Учора апошнія рэчы вывозілі. Усё гэта адбывалася ўчора літаральна. Вельмі напружаны дзень быў”.

Паводле Ірыны Філіпавай, адселеныя дзьве апошнія сям’і будуць чакаць завяршэньня будаўніцтва дома яшчэ ня менш за два-тры месяцы, а дагэтуль ім давядзецца жыць у сваіх знаёмых альбо сваякоў.
XS
SM
MD
LG