Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ЛУКАШЭНКА ХУТЧЭЙ ДАМОВІЦЦА ЗЬ ВЯЧОРКАМ, ЧЫМ ЗЬ ЛЯБЕДЗЬКАМ”


Валянцін Жданко, Менск

Большасьць лістоў, дасланых на мінулым тыдні нашымі слухачамі — на тэму драматычных маскоўскіх падзеяў, наступствамі якіх стала гібель больш як ста закладнікаў у канцэртнай залі на Дуброўцы. Галоўнае пытаньне, на якое спрабуюць адказаць аўтары большасьці допісаў:
– чаму стала магчымай гэтая трагедыя?
– ці можна засьцерагчыся ад падобных падзеяў у будучыні, ня вырашыўшы чачэнскую праблему?
– якія высновы мусіць зрабіць на падставе гэтага досьведу Беларусь?

Вось што піша на гэтую тэму Аксана Новікава зь Менску:

“Мне здаецца, што ахвяры тэрарыстаў у любым выпадку ёсьць адначасова і ахвярамі свайго ўраду, які ведаў пра небясьпеку, якую ўяўляюць ягоныя дзеяньні ў Чачэніі, але сьвядома ўводзіў людзей у зман.

Ужо амаль дзесяць гадоў у Чачэніі льецца кроў, і грамадзкасьць прызвычаілася да гэтага. Я сустракала ў Францыі ўцекачоў з Чачэніі. Людзі бяз дай прычыны не ўцякаюць са сваіх хатаў. Артабстрэлы, жорсткія “зачысткі” са зьнявагамі, пабоямі, арыштамі — там гэта звычайная зьява. І пра ўсё гэта распавядаюць звычайныя людзі, не палітыкі і не журналісты. Чачэнскія байцы, трапіўшы ў палон, ня маюць правоў ваеннапалонных, іх называюць бандытамі.

Пуцін прыйшоў да ўлады на хвалі ваеннай гістэрыі і працягвае тую ж жорсткую палітыку ў Чачэніі, баючыся за сваю ўладу. Лічу, трэба неадкладна забыцца на ўсе амбіцыі і сесьці за стол перамоваў, хоць бы паводле прыкладу таго, як урад Вялікабрытаніі шмат гадоў вядзе перамовы з кіраўніцтвам Ірляндзкай рэспубліканскай арміі. Тут простая лёгіка: пакуль вядуцца перамовы — не гучаць выбухі.

Нязграбныя спробы зваліць усё гэта на Масхадава, Аль-Каіду і міжнародны тэрарызм гучаць даволі непераканаўча, бо ўсё гэта ўнутраная расейская праблема”.

Мушу заўважыць, Аксана, што катэгарычна сьцьвярджаць пра адсутнасьць любых сувязяў тых ці іншых групаў чачэнскага супраціву зь міжнароднымі цэнтрамі тэрарыстаў наўрад ці было б слушна, і гэта асобная праблема. Аднак у галоўным вы, відавочна, маеце рацыю: у Чачэніі церпіць трагедыю цэлы народ, і адказнасьць за гэта павінна несьці найперш Масква.

Наш сталы слухач Георгі Белаконь з Калінкавічаў бачыць выйсьце з гэтай сытуацыі:

“Я не прыхільнік тэрарыстаў, але бачыць па тэлевізары мёртвыя твары маладых прыгожых чачэнак, якія страцілі сваіх блізкіх і з адчаю пайшлі на гэты ўчынак, было цяжка. Пакуль самі будзем прычыняць камусьці боль, гэты ж боль да нас і вернецца.

Расея змагаецца, не з прычынай, а з наступствамі сваіх дзеяньняў у Чачэніі. Яна правакуе чачэнцаў на такія акцыі. І гэтае пытаньне трэба неяк вырашаць. Няхай фармальна Чачэнія застаецца ў складзе Расеі. Але ж можна расейскія войскі замяніць войскамі ААН, як у Косаве, альбо хоць бы войскамі мусульманскіх краінаў СНД”.

Гэтыя ж пытаньні хвалююць і Віктара Кавешнікава зь Менску:

“Што прымусіла чачэнскіх хлопцаў і дзяўчат аддаваць свае жыцьці ў далёкай чужой Маскве? Няма сумневу, што прычына — безвыходнасьць і нянавісьць да расейскіх акупантаў, якія ажыцьцяўляюць пасьлядоўны генацыд чачэнскага народу. Падчас другой расейска-чачэнскай вайны, паводле ацэнак заходніх аналітыкаў, загінула ўжо 80 тысяч мірных жыхароў Чачэніі. Людзі гінуць пад бомбамі, ад катаваньняў у фільтрацыйных лягерах, ад куляў расейскіх салдатаў. Забіваюць самых адукаваных, прыгожых, проста здаровых людзей”.

Далей Віктар Кавешнікаў выказвае меркаваньне, што зь беларусамі расейцы на працягу мінулых дзесяцігодзьдзяў таксама абыходзіліся ня вельмі літасьціва, аўтар ліста нагадвае пра ахвяраў сталінскага ГУЛАГу і пра трагічныя наступствы чарнобыльскай катастрофы, пра татальную русіфікацыю і пагрозу дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі, якая зыходзіць у тым ліку і ад палітыкі сёньняшніх беларускіх уладаў. На падставе ўсяго гэтага слухач робіць наступныя высновы:

“Чамусьці за ўсё гэта расейцы ня вельмі паважаюць Лукашэнку. Гаспадары заўсёды грэбуюць і пагарджаюць сваімі марыянэткамі. Расейскі палітык Барыс Нямцоў вунь як дазволіў сабе выказацца пра Аляксандра Лукашэнку. А той пакрыўдзіўся, не пусьціў Нямцова да мясцовых калябарантаў. Але замяніць Лукашэнку на менш амбітнага палітыка, які будзе выконваць тую ж ролю, для Расеі — справа часу”.

Не магу пагадзіцца з вамі, Віктар, калі вы толькі на Расею ці на расейцаў ускладаеце адказнасьць і за пакуты беларусаў у ГУЛАГу, і за Чарнобыль, і за русіфікацыю. Ад сталінскай дыктатуры, як і ад наступстваў Чарнобылю, людзі цярпелі, незалежна ад нацыянальнасьці. І русіфікацыю ў Беларусі праводзілі і праводзяць ня толькі расейцы, і ня толькі ў ціску Масквы тут справа. Падзеі апошніх сямі гадоў, калі беларуская мова і культура церпяць найбольшыя страты, па-мойму, даволі пераканаўча пра гэта сьведчаць.

Да падзеяў, зьвязаных з дэпартацыяй Барыса Нямцова, вяртаецца ў сваім лісьце і Раман Стасэвіч з Магілёва:

“Вы зашмат увагі надалі гэтаму выпадку. Калі затрымліваюць і кідаюць у вязьніцу беларускага грамадзяніна ды патрыёта, вы часу на асьвятленьне адводзіце разоў у пяцьдзясят меней. Прытым, здаецца, вашыя сымпатыі цалкам на баку новага інтэгратара Нямцова.

Я ніводнага разу, пачынаючы з 1994 году, ні ў чым не падтрымліваў Лукашэнку, але што да дэпартацыі любога расейскага інтэгратара — ці то Нямцова, ці то Селязьнёва, ці то Барадзіна — цалкам падтрымліваю. Бо любая інтэграцыя з Расеяй для Беларусі — гэта павольнае забойства.

Расейскія стратэгі-інтэгратары чакаюць на стварэньне ў Беларусі антылукашэнкаўскай, але прарасейскай апазыцыі. І вось ужо ёсьць гатовыя гандляваць Беларусьсю дзеля прыходу да ўлады, я кажу пра частку АГП ды іншых палітыкаў, якія ўбачылі ўладу на маскоўскім сподку — Лябедзьку, Нісьцюка, Фралова, Сініцына...

Лукашэнка, відавочна, ні з кім ня хоча ісьці на дыялёг і дзяліць сваю ўладу, але можа стварыцца такая сытуацыя (і да гэтага ідзе), што ён вымушаны будзе рабіць тое, чаго ня хоча, ды ісьці на саступкі. Дык вось, у гэтай сытуацыі ён хутчэй пойдзе на дыялёг зь беларускай патрыятычнай, чым з прамаскоўскай апазыцыяй. Бог дае нам магчымасьць рабіць дабро, ісьці да свабоды, а не шырокай дарогай — у маскоўскі палон”.

З высновай, спадар Стасэвіч, пагаджаюся, а вось што да асьвятленьня гэтых падзеяў, тут ёсьць прынцыповыя заўвагі. Мы надаем тым ці іншым падзеям увагу і час у эфіры ў залежнасьці ад іх грамадзкай значнасьці, цікавасьці да іх з боку нашай аўдыторыі.

І вашую ўзьнёсласьць з нагоды дэпартацыі ці то Нямцова, ці то любога іншага расейскага палітыка наўрад ці можна падзяліць. Бо гэта сьведчыць зусім не пра пераацэнку беларускімі ўладамі сваёй ранейшай палітыкі, а толькі пра тое, што адзін палітык помсьціць другому за ягоную непрыязнасьць. І пры гэтым зусім не зважае на законы сваёй дзяржавы.

Віктар Туравец зь Ліёну (з Францыі) піша:

“Ня згодны я з вамі, спадар Жданко, што Аляксандар Лукашэнка — моцны палітык. Па-першае, дзе б ні спаборнічаў чалавек, ці то ў палітыцы, ці ў спорце, ці ў бізнэсе — ён можа лічыцца моцным толькі тады, калі перамагае суперніка на роўных умовах, у межах закону, даказваючы сваю моц вынікамі на карысьць грамадзтва, сваёй радзімы. Нічога гэтага ў дзеяньнях Лукашэнкі не было, няма і ня будзе.

А па-другое, лічу, што ён ужо і не палітык пасьля таго, што зрабіў з дэпутатамі Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, якім чынам зьмяніў Канстытуцыю, адхіліў старшыню Цэнтарвыбаркаму, праігнараваў рашэньне Канстытуцыйнага суду... Лукашэнка добра разумее, хто ён, што нарабіў і якая будучыня яго чакае. Але ўсё роўна дзень, калі пераможа Беларусь, набліжаецца”.

Гаворачы пра сілу Аляксандра Лукашэнкі, як палітыка, я меў на ўвазе ягоную здольнасьць дасягаць пастаўленых палітычных мэтаў, заваёўваць і ўтрымліваць уладу, перамагаць альбо ўхіляць апанэнтаў, падпарадкоўваць сваёй волі іншых. Вы, спадар Віктар, разважаеце пра маральнасьць палітыкі, сумленнасьць палітычнага дзеяча, няўхільнае выкананьне ім закону. Але высокая маральнасьць у палітыцы — зьява ўвогуле нячастая, а ва ўмовах былога Савецкага Саюзу — асабліва.

Сіла можа быць стваральнай і разбуральнай. А якую сілу выяўляе Аляксандар Лукашэнка, да якіх наступстваў прывядуць ягоныя сумнеўныя палітычныя перамогі, пра гэта вы, спадар Віктар, па-мойму, слушна напісалі.

На заканчэньне ліст ад Рамана Зіноўева з расейскага сяла Іванцееўека Маскоўскай вобласьці:

“Рэальную праўду па расейскай праграме цяжка пачуць, слухаю вас. Закрануў адзін ліст, які пачуў у вашай праграме — пра тое, што людзі ў Расеі прывыклі, што аб іх выціраюць ногі. У Беларусі — не, таму і пратэстуюць супраць страты сувэрэнітэту... А ў нас Маскоўская вобласьць ператварылася ў каўкаскую яму, і ўсе маўчаць. Прывыклі...”

У Беларусі ня ўсе пратэстуюць, спадар Зіноўеў. Але так і ў любым грамадзтве, на пратэст нават супраць сапраўды грамадзка небясьпечнай зьявы адважваецца толькі нязначная частка актыўных і неабыякавых людзей.

Не зусім зразумела, што вы маеце на ўвазе, кажучы пра Падмаскоўе як пра “каўкаскую яму”. Верагодна, тое, што там шмат выхадцаў і ўцекачоў з Каўказу. Але ці вінаватыя гэтыя людзі, што яны вымушаныя былі ўцякаць ад вайны, голаду, разбурэньняў і беспрацоўя, якія прыйшлі туды разам з расейскімі войскамі? Ці ня варта праявіць да іх хоць крыху калі не спагады, то хоць бы цярпімасьці і разуменьня?

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Эмануіл Юрай са Смалявічаў, Мікалай Вязьмін, Мікалай Лясовіч і Васіль Пясецкі зь Менску, Алесь Марціновіч з Баранавічаў і Юры Гіль зь Вільні.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
XS
SM
MD
LG