Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

9 ДЗЁН ГАЛАДАЕ Ў МІЛІЦЭЙСКІМ СПЭЦПРЫЁМНІКУ ВАЛЕРЫ ЛЕВАНЕЎСКІ — СТАРШЫНЯ СТРАЙКАМУ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Бачыцца з Валерыем Леванеўскім можа толькі адвакат Сяргей Ярашэвіч. Паводле адваката, Леванеўскі ў нармальным настроі, але схуднеў на пару кіляграмаў. Пасьля заканчэньня арышту Валеры хоча падаць скаргу — у парадку нагляду ў абласны суд, бо лічыць, што яго пакаралі беспадстаўна.

Падчас кастрычніцкага страйку прадпрымальнікаў частка іх прыйшла да Гарадзенскага аблвыканкаму, каб сустрэцца з чыноўнікамі. Валерыя Леванеўскага абвінавацілі ў тым, што ён арганізаваў такім чынам несанкцыянаваны мітынг прадпрымальнікаў. У Ленінскім судзе Горадні яго пакаралі арыштам на 15 сутак. Зь першага дня ён пачаў галадаць за кратамі і галадае ўжо 9 дзён.

Увечары арыштаванаму дазваляюць тэлефанаваць. Доўга размаўляць не даюць. І дзяжурны па спэцпрыёмніку робіць заўвагі — пра палітыку па тэлефоне не гаварыць. Старшыня незарэгістраванага прафсаюзу рынку “Паўднёвы” Аляксандар Васільеў учора меў тэлефонную гутарку з Валерыем Леванеўскім. Той паведаміў, што застудзіўся ў камэры, мае на целе фурункул. Яго нават разы тры ўжо вазілі ў бальніцу.

Цяперашняя галадоўка ў міліцэйскім спэцпрыёмніку — ужо трэцяя для Валерыя Леванеўскага. Перад тым ён галадаў чатыры месяцы таму. Выпусьцяць яго на волю 7 лістапада.
XS
SM
MD
LG