Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Я – СУПРАЦЬ ЛЮБОЙ ВАЙНЫ”


Казімер Яноўскі, Гомель

На музычны спэктакль “Норд-Ост” Вольга патрапіла з 17 аднаклясьнікамі і трыма настаўніцамі. Сядзелі яны на балконе ў першым радзе. Захоп палаца напачатку ўсе ўспрынялі як жарт. І толькі калі аднаго з хлапцоў стукнулі і загадалі закласьці рукі за галаву, прыйшло адчуваньне страху. У групе была настаўніца-псыхоляг, яна і падбадзёрвала сваіх выхаванцаў.

Падчас страляніны школьнікі на прыклад дарослых клаліся на падлогу і прыкрываліся зьнятымі сьпінкамі крэслаў.

Цікаўлюся, ці ведала Вольга, што ў залі былі беларусы?

(Протас: ) “Я даведалася толькі, калі спыталі, хто ёсьць з замежнікаў. Адзін чалавек сказаў, што ён зь Беларусі. Болей ніхто не прызнаўся”.

(Карэспандэнт: ) “А вы як сказалі?”

(Протас: ) “Я нічога не казала. Пабаялася. Падумала, што лепей мне быць са сваім клясам, з настаўнікамі”.

(Карэспандэнт: ) “Да замежнікаў было іншае стаўленьне?”

(Протас: ) “Такое ж самае. Аднак сказалі, што не адпускаюць замежнікаў, усіх дзяцей таму, што разумеюць: калі адпусьцяць, адразу пачнецца штурм”.

(Карэспандэнт: ) “Як вы ставіліся да чачэнцаў? Спачувалі, ненавідзелі? Што вы думалі пра іх?”

(Протас: ) “З аднаго боку, канечне, няправільна, што яны захапілі мірных жыхароў. Але мы ў іх болей бачылі добрага, чым кепскага. Яны нам давалі есьці, піць. Ні ў кога не стралялі бяз дай прычыны. Яны з намі, калі размаўлялі, распавядалі, пра сваё жыцьцё ў Чачэніі. Іх родных пазабівалі, блізкіх таксама. Таму яны ад безвыходнага становішча паступаюць такім чынам. Мне нават іх стала крыху шкада”.

(Карэспандэнт: ) “Выходзіць, спачувалі?”

(Протас: ) “У нейкай ступені, так”.

(Карэспандэнт: ) “Усе яны былі ўзброеныя, абвязаныя ўзрыўчаткаю. Заля была замініраваная. Самага страшнага не адбылося. Скажыце, яны проста не пасьпелі ўзарваць палац ці, магчыма, пашкадавалі вас, закладнікаў?”

(Протас: ) “Я думаю, што ўзарваць яны маглі. Часу было дастаткова. Яны гэтага не зрабілі. Можа, шкада нас стала. Я думаю, калі б яны хацелі, яны б узарвалі. Але яны гэтага не зрабілі”.

(Карэспандэнт: ) “Чаму ўсё-такі, на ваш погляд, яны гэтага не ўчынілі?”

(Протас: ) “Магчыма, яны не хацелі гэтым самым абвастраць сытуацыю ў сваёй краіне. Калі б яны ўзарвалі закладнікаў – 800 зь лішкам чалавек, то што б было ў іх у Чачэніі?”

(Карэспандэнт: ) “Пасьля гэтых трагічных, страшных падзеяў, як вы ставіцеся да вайны ў Чачэніі?”

(Протас: ) “Пасьля ўсяго гэтага я да любое вайны стаўлюся як да непатрэбнага. Гінуць і пакутуюць нявінныя людзі. Прычым, не адзін, ня два, а тысячы. Я – супраць любой вайны”.

Маскоўскія лекары адпусьцілі Вольгу на некалькі дзён. З сабою ёй далі лекі. Яшчэ цэлы год Вольга павінна быць пад мэдычным наглядам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG