Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЧАЧЭНЦАЎ, ЯКІХ ЗАТРЫМЛІВАЕ МАСКОЎСКАЯ МІЛІЦЫЯ, У ПРЫМУСОВЫМ ПАРАДКУ ЗДЫМАЮЦЬ АДБІТКІ ПАЛЬЦАЎ


Віктар Дзятліковіч, Масква

Дэпутат расейскай Дзярждумы ад Чачэніі Асланбек Аслаханаў гаворыць, што калі міліцыя затрымлівае грамадзянаў чачэнскай нацыянальнасьці, то ў іх у прымусовым парадку бяруць адбіткі пальцаў, што паводле расейскіх законаў можна рабіць толькі са згоды чалавека. Акрамя таго, паводле афіцыйных зьвестак, у Маскве ў апошнія два дні былі заўважаныя два выпадкі, калі невядомыя закідалі камянямі гандлёвыя пункты, якія належалі чачэнцам, і там жа былі заўважаныя надпісы антычачэнскай скіраванасьці. Такім чынам, можна сказаць, што як у расейскім грамадзтве ўзмацніліся антычачэнскія настроі, так і расейскія ўлады ўзялі пад жорсткі кантроль прадстаўнікоў чачэнскай дыяспары ў Маскве. Цікава, што нават тыя людзі, якіх праваахоўчыя органы лічаць прадстаўнікамі злачыннага сьвету, якія належаць да так званай чачэнскай арганізаванай злачыннасьці, таксама падпалі пад кантроль.

Безумоўна, ёсьць людзі, якія гавораць пра неабходнасьць палітычнага вырашэньня чачэнскага канфлікту. З буйных расейскіх палітычных партыяў гэта найперш Саюз правых сілаў. Яны гавораць пра тое, што мусяць усё-ткі пачынацца нейкія мірныя перамовы з чачэнскім бокам, і што галоўнае, менавіта з тымі, хто ваюе з расейскімі войскамі, бо няма ніякага сэнсу весьці перамовы з тымі чачэнцамі, якія і так падтрымліваюць расейскія ўлады.

Але гэтыя галасы нешматлікія, і што самае галоўнае, фактычна адзінай значнай фігурай, зь якой і меркавалася весьці перамовы, быў Аслан Масхадаў. Але зараз расейскія ўлады сказалі, што маюць доказы таго, што Масхадаў меў дачыненьне да захопу закладнікаў у Маскве, і такім чынам, зь ім яны весьці перамовы ня будуць. Узьнікае сытуацыя, што нават калі ўлады згодзяцца на перамовы з чачэнскімі сэпаратыстамі, дык не вядома, з кім весьці перамовы, бо ўсіх людзей, якія маюць больш-менш важкае становішча ў чачэнскім супраціве, яны лічаць злачынцамі, забойцамі, і ня хочуць весьці зь імі перамовы.
XS
SM
MD
LG