Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ТРЭБА АДГАРОДЖВАЦА АД ІМІГРАНТАЎ?


Віталь Тарас, Прага

Толькі ў 2001 годзе 15 тысяч беларускіх грамадзянаў назаўжды пакінулі радзіму. Гэта афіцыйныя зьвесткі. Колькі нелегальных уцекачоў зь Беларусі патрапілі на Захад за апошня гады – дакладна невядома.

Брытанскі часопіс “Economist” прысьвяціў тэме іміграцыі рэдакцыйны артыкул. Паводле гэтага аўтарытэтнага выданьня, неабходная больш гнуткая палітыка ў дачыненьні да імігрантаў: ня столькі адгароджвацца дадатковымі бар’ерамі, колькі шукаць шляхі інтэграцыі замежнікаў у заходняе грамадзтва.

З пашырэньнем ЭЗ Беларусь у літаральным сэнсе слова апынецца на мяжы паміж Захадам і Ўсходам. З аднаго боку, усё больш маладых людзей у Беларусі выказваюць жаданьне эміграваць на Захад. Паводле некаторых сацыялягічных зьвестак, такіх – больш за палову апытаных. З другога боку, Беларусь сама апынулася на шляху нелегальнай міграцыі з Усходу.

Паводле зьвестак беларускай міліцыі, нядаўна падчас адмысловай апэрацыі ў краіне былі выяўленыя 5 тысяч замежных грамадзянаў, затрыманыя пяць групаў нелегальных мігрантаў колькасьцю пяцьдзесят чалавек. У якасьці прыкладу прадстаўнік МУС Беларусі распавёў журналістам, што ў Берасьцейскай вобласьці былі затрыманыя дзьве аўтамашыны, якімі кіравалі двое грамадзянаў Украіны. Яны перавозілі 10 грамадзянаў Сірыі і 8 грамадзянаў Віетнаму.

Мы распавядалі таксама пра дэпартацыю ў Расею чачэнскай сям’і, якая жыла ў Менску без прапіскі. Гэта сталася адным зь першых дзеяньняў ў адказ на нядаўнія падзеі з захопам і гібельлю закладнікаў у Маскве. Аднак наўрад ці падобныя дзеяньні здольныя вырашыць праблему нелегальнай міграцыі ў прынцыпе.

Тэрарыстычныя акцыі ў Маскве, перад гэтым у Інданэзіі, а ў яшчэ большай ступені –тэрарыстычны напад на ЗША 11 верасьня мінулага году ўзмацнілі апасеньні, што рост іміграцыі нясе пагрозу нацыянальнай бясьпецы. Пра гэта згадвае ў апошнім нумары і часопіс “Economist”.

Магчымасьць ваеннага канфлікту ў Іраку, палітычная нестабільнасьць на Балканах, у былых савецкіх рэспубліках, а таксама эканамічны заняпад, нізкая адукаванасьць і адсутнасьць пэрспэктываў для энэргічных і здольных людзей у многіх краінах сьвету – вось толькі некаторыя прычыны росту эміграцыі. Паводле брытанскага часопісу, няма нічога дзіўнага ў тым, што многія людзі гатовыя плаціць уласным жыцьцём нават толькі за надзею на больш высокі заробак і лепшыя пэрспэктывы для сваёй сям’і.

Розьніца паміж багатымі і беднымі краінамі палягае ня толькі ў цэнах на прадукты. У заходніх краінах, дзе насельніцтва старэе і дзе эканоміка разьвіваецца нізкімі тэмпамі, існуюць найбольшыя даходы. Імігранты гатовыя працаваць у тых галінах, дзе не хапае рабочай сілы. Напрыклад – у шпіталях, дзе гатовыя наймаць замежных лекараў і сярэдні мэдычны пэрсанал, на фермах падчас збору ўраджаю, у якасьці нянек, у рэстарацыях і на падсобных працах.

Аднак, шэраговыя выбаршчыкі ў разьвітых краінах ня хочуць гэтага заўважаць. Яны зважаюць на іншае – людзі на вуліцах гавораць на дзіўнай мове, стравы, якія гатуюць замежнікі, нязвыкла пахнуць. Імігранты сутыкаюцца з усё большым супрацівам. Нават у краінах, якія ўзьніклі дзякуючы іміграцыі – напрыклад, у ЗША – палітыкі вагаюцца, ці ня трэба зрабіць больш жорсткімі правілы ўезду. У Эўропе – у такіх краінах, як Францыя, Данія, Аўстрыя і Галяндыя – у заканадаўства ўжо ўнесеныя больш строгія абмежаваньні на іміграцыю.

Паводле часопісу, важна пераканаць выбаршчыкаў заходніх краінаў, што іміграцыя ня толькі пажаданая, але ж і адпавядае іх доўгатэрміновым інтарэсам.

Часопіс зьвяртае ўвагу на неабходнасьць улічваць пры зьменах у нацыянальным заканадаўстве дзьве вельмі важныя для дэмакратыі рэчы – права на палітычны прытулак і права на ўзьяднаньне сем’яў. Аднае толькі канвэнцыі ААН аб правох уцекачоў недасткова для краінаў, якім штогод трэба прымаць рашэньні адносна дзясяткаў тысячаў уцекачоў.

Палітыка ў сфэры іміграцыі павінна палягаць ня столькі ў новых абмежаваньнях, колькі ў гнуткасьці – піша “Economist”. Калі размова ідзе пра іміграцыю з краінаў трэцяга сьвету, трэба аддаваць перавагу тым, хто гатовы інтэгравацца ў заходняе грамадзтва, у тым ліку ў сфэры культуры. Гэта азначае, што імігранты павінны хутка навучацца мовам краіны перабываньня, што яны прымаюць эўрапейскія стандарты паводзінаў, што замежнікі павінны быць стрыманымі ў патрабаваньнях адносна свайго традыцыйнага адзеньня альбо рэлігійных абрадаў.

Але ёсьць і іншы аспэкт. Дракоўнаўскі кантроль на мяжы перашкаджае эмігрантам езьдзіць дамоў, паколькі ёсьць пагроза, што вярнуцца пасьля гэтага будзе больш складана і будзе каштаваць даражэй. Таму міграцыя замест свабоднага перасоўваньня людзей ператвараецца ў шлях з аднабаковым рухам. Палітыка адкрытых дзьвярэй адчыніць дарогу новым ідэям, новым прадуктам і новым відам бізнэсу – піша “Economist”.
XS
SM
MD
LG