Пераважная большасьць людзей сталага веку лічыць, што падвышэньне пэнсіі ня стане істотным дадаткам да іхнага бюджэту, бо цэны растуць значна хутчэй за дзяржаўную індэксацыю. Вось іхныя меркаваньні:
(Спадарыня: ) “Гэта нам кінуць аб’едзеную костку. Цэны кожны дзень растуць. Гэта ня толькі недастаткова, гэта зьдзек з нас”.
(Іншая спадарыня: ) “Пэўна, што не кампэнсуюць. Бо рост цэнаў у некалькі разоў перавышае нашыя надбаўкі. Мы як былі жабракамі, так і застанемся”.
(Спадар: ) “А колькі разоў ужо за год цэны падымаліся і усе маўчалі? Вазьміце любы прадукт, любы тавар — ён жа больш павысіўся чым на 12%”.
(Жанчына: ) “Усё адразу падаражэла. Я ўчора схадзіла на Камароўскі рынак паглядзела, усё падаражэла. Я адна жыву, трэба ж і за кватэру заплаціць. І хлеб падаражэў, і ўсё астатняе. А чаму так? Як падвышаюць пэнсіі, адразу ж падвышаюцца й цэны. Нікога гэта не хвалюе”.
(Карэспандэнт: ) “Зь сёньняшняга дня на 12,7% падвышаныя пэнсіі. Скажыце, гэтае падвышэньне кампэнсуе вашыя выдаткі, зьвязаныя з ростам цэнаў?”
(Бабуля, якая зьбірае міласьціну: ) “Адкуль жа можа хапіць, дзетачка, якая ж гэта пэнсія? 58 тысяч — дзе ж мне хопіць гэтай пэнсіі. Не хапае. Усё жыцьцё хадзілі вось так пабіраліся. Дрэннае нашае жыцьцё. Хоць бы куды старых забіралі, далі б нейкі прытулак і кармілі. А так ходзім во зьбіраем хто што дасьць, нават паесьці няма калі. Бядуем мы старыя, бядуем”.
(Спадарыня: ) “Пэўна ж не хапае, бо цэны на ўсё даўно падвысіліся. Таму якая тут можа быць кампэнсацыя”.
(Іншая спадарыня: ) “Аб чым вы гаворыце? Толькі й хапае на харчаваньне, дый тое не на вартаснае. А так вось адзеньне данашваем”.
(Спадар: ) “Цэны вырасьлі па ўсіх паказьніках. Адна кватэра чаго каштуе”.
(Бабуля: ) “Дзе яно хопіць, што я купляю? Хлеб, сыра хочацца, дык ня купіш. Каўбасы хочацца, але не магу купіць. Цукар ды хлеб толькі ем. Нават бульбы ня купіш. На тыдзень толькі б гэтых грошаў хапіла б, каб так па-людзку, па-чалавецку жыць”.
І толькі адна жанчына лічыць, што старым людзям хапае іхнай пэнсіі:
(Жанчына: ) “Ведаеце, старыя людзі ўвогуле не патрабавальныя, яны як ёсьць, так і жывуць. Я лічу, што нам старым на хлеб і малако хапае. А, што нам яшчэ трэба. Няхай маладыя сабе грошы зарабляюць, неяк круцяцца, жывуць”.
Усе ж астатнія апытаныя перакананыя, што іхнае жыцьцё блізкае да жабрацкага.