Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСЕЙСКАЯ МІГРАЦЫЙНАЯ СЛУЖБА ЛІЧЫЦЬ БЕЛАРУСАЎ ЗАМЕЖНІКАМІ


Ігар Карней, Менск

Паводле інфармацыі дэпартамэнту ўпраўленьня міграцыі пры Міністэрстве працы Беларусі, найменей 200 тысяч беларусаў сэзонна працуюць у Расеі. Пераважна нелегальна, на часовы ўлік у мясцовых органах улады становяцца толькі адзінкі. А ўвогуле нелегалаў у Расеі, паводле розных дадзеных, — ад пяці да дзесяці мільёнаў.

Новы закон “Аб прававым становішчы замежных грамадзянаў” мае ўпарадкаваць знаходжаньне іншаземцаў на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі. Бальшыня тых, хто ўяжджае ў Расею, будзе “фільтравацца” яшчэ на межах. Ці азначае гэта магчымасьць аднаўленьня памежнага кантролю і на беларуска-расейскай мяжы? Гаворыць прадстаўнік беларускага памежнага камітэту Ўладзімер Несьцяровіч:

(Несьцяровіч: ) “Мы адказваем за ахову дзяржаўнай мяжы ў тых месцах, дзе нясем службу. На мяжы з Расеяй беларускія памежнікі не стаяць. Але паколькі Расея абвесьціла пра новы закон толькі сёньня, то, паводле лёгікі, нашаму боку патрэбна прааналізаваць магчымыя наступствы і шляхі ўрэгуляваньня пытаньня. Раз у Расеі мільёны незаконных мігрантаў, то натуральна, расейскай уладзе трэба ўсур’ёз думаць, што рабіць з такой колькасьцю іншаземцаў на тэрыторыі краіны”.

Дзеля ўліку колькасьці замежнікаў, у Расеі ўводзіцца міграцыйная карта, альбо ўліковы ліст міграцыйнага кантролю. У МУС Расеі не хаваюць, што ня толькі зьявіцца магчымасьць кантраляваць іншаземцаў і ведаць пра тэрміны іхнага знаходжаньня, але скіроўваць гэтак званых працоўных мігрантаў плаціць падаткі. Беларусы ня будуць выключэньнем, — канстатуе намесьнік кіраўніка міграцыйнай службы МУС Расеі Вячаслаў Касталетаў.

(Касталетаў: ) “Усё павінна быць на законных падставах. Пакуль мы разглядаем беларусаў як грамадзянаў замежнай краіны, бо ніяк не аформленая адзіная саюзная дзяржава з адзінымі нормамі і правіламі. Эканомікі ў нас розныя, грошы розныя, падыходы да многіх праблемаў таксама розныя; пакуль няма адзінай краіны з адзіным грамадзянствам і кіраваньнем, мы гаворым пра беларусаў як пра замежных грамадзянаў. Таму яны мусяць выконваць нормы і правілы, усталяваныя расейскім заканадаўствам. У прыватнасьці, у частцы працы, прыцягненьня замежных адмыслоўцаў”.

Ці стасуецца гэта з саюзнымі пагадненьнямі пра роўныя правы грамадзянаў Расеі і Беларусі на тэрыторыі абедзьвюх краінаў, расейскі чыноўнік тлумачыць адмовіўся. А вось у беларускім дэпартамэнце міграцыі пры Міністэрстве працы лічаць, што пытаньне абавязковай рэгістрацыі беларусаў цалкам на сумленьні фэдэральных уладаў Расеі.

(Супрацоўнік дэпартамэнту ўпраўленьня міграцыі Міністэрства працы: ) “У дадзеным выпадку набываюць моц пастановы мясцовых ўладаў, а не дамова “Пра роўныя правы грамадзянаў Расеі і Беларусі”. У дамове няма патрабаваньня абавязковай рэгістрацыі. Але мы спадзяемся на адпаведныя крокі з боку расейскіх уладаў, як гэта зрабіў менскі гарвыканкам, скасаваўшы рэгістрацыю расейцаў пры найме на працу. Дамова пра роўныя правы грамадзянаў, якая ёсьць міжнародным актам, не адмененая; нашыя спэцыялісты кантактуюць з супрацоўнікамі расейскай міграцыйнай службы і тыя цьвердзяць, што паміж Расеяй і Беларусьсю закон правамоцны”.

Паводле папярэдняй інфармацыі, працэдура легалізацыі і атрыманьня дазволу на працу будуць каштаваць прыкладна сто даляраў. Кожныя тры месяцы іншаземец павінен альбо працягнуць тэрмін свайго афіцыйнага знаходжаньня, альбо пакінуць Расею. Адрозна ад замежнікаў, якія будуць атрымліваць міграцыйную картку яшчэ на мяжы, беларусы павінныя вырашаць працэдурныя пытаньні ў мясцовых аддзелах міліцыі.

Прадстаўнік міграцыйнай службы Расеі Вячаслаў Касталетаў не выключае, што стаўленьне да беларусаў ня будзе такім жорсткім, як да астатніх нелегалаў, паколькі, як ён выказаўся, “беларусы пакуль не даюць расейскім службам столькі галаўнога болю, як прадстаўнікі паўднёвых нацыянальнасьцяў”. Але ў выпадку парушэньня патрабаваньняў новага закону яны будуць неадкладна дэпартаваныя з краіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG