Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СПОЎНІЛАСЯ ДЗЕСЯЦЬ ГАДОЎ З ДНЯ СЬМЕРЦІ ПРАФЭСАРА МІХАСЯ ТКАЧОВА


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Прафэсар Міхась Ткачоў памёр 31 кастрычніка 1992 году. У Горадні на доме, дзе ён жыў, усталявана мэмарыяльнай шыльда. Міхась Ткачоў быў вядомым археолягам і гісторыкам. За паўгоду да сьмерці ён узначаліў выдавецтва “Беларуская энцыкляпэдыя”. У 1991 годзе заснаваў або, інакш кажучы, аднавіў Беларускую сацыял-дэмакратычную грамаду. Быў сярод першых асобаў у змаганьні за незалежнасьць краіны.

Больш за дзесяць гадоў Міхась Ткачоў пражыў у Горадні. Выкладаў ва ўнівэрсытэце, пісаў кнігі, зьяўляўся прэзыдэнтам гісторыка-культурнага клюбу “Паходня”— аднаго зь першых у Беларусі. Гаворыць старшыня “Паходні” Мікола Таранда:

(Таранда: ) “Мне запомнілася, як ён расказваў — што такое “паходня”. Нас пыталі — што гэта такое “паходня”. Вы куды ў які паход сабраліся? Ён заўсёды гаварыў: калі ў мінулыя вякі на краіну навальвалася нашэсьце, тады запальваліся паходні і мужчыны ішлі абараняць свой край. І такім чынам, мы, запальваючы гэтую паходню, бярэмся за тое, каб адрадзіць нашую культуру, гісторыю, мову”.

Вядомы гісторык меў вельмі вялікі аўтарытэт, яму адразу прапанавалі ганаровую пасаду прэзыдэнта клюбу, створаную асабіста для яго. Гэта быў 1986 год. Можна сказаць, што дзякуючы дыпляматычнасьці Міхася Ткачова, “Паходня” дзейнічала не зважаючы ні на што. Хаця, паводле словаў Міколы Таранды, у абкаме ўвесь час хацелі прыкрыць адраджэнскі клюб. Гаворыць Мікола Таранда:

(Таранда: ) “Тая паходня, якую запаліў Ткачоў, якая разгарэлася, яна выхавала шмат людзей, якія – паглядзіш — кожны трымае сваю паходню. Кожны стаў кіраўніком нейкай іншай арганізацыі, суполкі. Выдаюць кніжкі, праводзяць нейкія канфэрэнцыі, кожны займае актыўную пазыцыю”.

Да вечарыны памяці Міхася Ткачова прымеркаваная прэзэнтацыя новай кнігі — “Castrum, urbis et bellum” — “Замак, горад, вайна”. Яна прысьвечаная Міхасю Ткачову, які займаўся вывучэньнем сярэдневечных замкаў Беларусі, узбраеньня і вайсковых падзеяў. Выданьне падрыхтавалі дацэнт Гарадзенскага ўнівэрсытэту Генадзь Семянчук і менскі гісторык Андрэй Мяцельскі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG