Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БРАНСКІМ ДЗЯРЖАЎНЫМ УНІВЭРСЫТЭЦЕ ШЭРАГ СТУДЭНТАЎ ПАЧАЛІ ВЫВУЧАЦЬ БЕЛАРУСКУЮ МОВУ


Казімер Яноўскі, Гомель

У Бранскім унівэрсытэце ўжо некалькі гадоў існуе Цэнтр славяназнаўства. Сёлета тут адчынілі новае аддзяленьне – рэгіёназнаўства. Акурат ягоныя студэнты і сталі вывучаць беларускую мову. Распавядае дырэктар Цэнтру, доктар гісторыі Сяргей Міхальчанка.

(Міхальчанка: ) “Беларуская мова для нас не зьяўляецца самамэтай, а як бы сродкам для вывучэньня беларускай эканомікі, права, культуры, літаратуры і гэтак далей. Гэта комплекснае вывучэньне Беларусі, якое ўключае ў тым ліку і вывучэньне беларускай мовы”.

Паводле словаў дырэктара, яны рыхтуюць спэцыялістаў у галіне міжнародных стасункаў. Ва ўнівэрсытэце спадзяюцца, што такія адмыслоўцы будуць запатрабаваныя. Вось што, у прыватнасьці, мяркуе на гэты конт намесьніца дэкана Вера Панамарэнка:

(Панамарэнка: ) “Мы плянуем, што ў першую чаргу яны пойдуць у нашу Бранскую абласную адміністрацыю. Агульнавядома, што губэрнатар Бранскай вобласьці актыўна займаецца праблемай беларускага накірунку ў рамках расейска-беларускіх стасункаў”.

Намесніца дэкана таксама паведаміла, што беларуская мова ў бранскіх студэнтаў карыстаецца нават большай папулярнасьцю, чымся мовы скандынаўскіх краінаў.

(Панамарэнка: ) “У нас 30 чалавек на першым курсе рэгіёназнаўства. З іх 20 займаюцца беларускай мовай і толькі 10 – нарвэскай”.

У пэрспэктыве ў Бранскім унівэрсытэце плянуюць зарганізаваць беларускую катэдру. Расейцы ўжо зьвярталіся ў навучальныя ўстановы Гомеля, Менску з просьбай накіраваць філёляга, эканаміста, магчыма, нават правазнаўцу зь веданьнем беларускай мовы.

Пакуль прыцягнуць да выкладаньня ўдалося толькі выпускніцу філязофскага факультэту Белдзяржунівэрсытэту Алену Яфімаву. Яна і навучае бранскіх студэнтаў беларускай мове.
XS
SM
MD
LG