Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСІ СТВАРАЕЦЦА АРГАНІЗАЦЫЯ "ЭЎРАПЕЙСКІ РУХ"


Альгерд Невяроўскі, Менск

У склад аргкамітэту "Эўрапейскага руху" ўвайшлі вядомыя ў Беларусі асобы – Георгі Таразевіч, Станіслаў Багданкевіч, Міхаіл Марыніч, Вольга Іпатава ды іншыя. Ініцыятарам стварэньня гэтай арганізацыі стаў лідэр "Народнай грамады" Мікола Статкевіч. Вось што ён распавёў:

(Статкевіч: ) "Улетку я быў госьцем Эўрапейскага Зьвязу і зразумеў, што ў Беларусі гадоў праз 10 ёсьць рэальныя шанцы стаць сябрам гэтай арганізацыі. У Эўропе існуе "Эўрапейскі рух" – агульнаэўрапейская недзяржаўная арганізацыя, якая шчыльна працуе з Эўрапейскай камісіяй і займаецца падрыхтоўкай новых краінаў да ўступленьня ў Эўразьвяз. Яна добра працавала, напрыклад, у Польшчы й Прыбалтыцы.

Падчас сустрэчы з генэральным сакратаром гэтага руху спадаром Кронэрам ён папрасіў мяне паспрыяць стварэньню беларускага "Эўрапейскага руху".

Паводле лідэра "Народнай грамады", Брусэль ужо даўно прапаноўваў беларускім уладам пачаць падрыхтоўку да ўступленьня ў Эўразьвяз, але Аляксандар Лукашэнка гэтыя прапановы праігнараваў. Цяпер гэтай справай будзе займацца грамадзкая арганізацыя – арганізоўваць міжнародныя канфэрэнцыі, прапагандаваць ідэю далучэньня Беларусі да Эўразьвязу сярод насельніцтва і г.д.

Сябры аргкамітэту лічаць, што беларусы падтрымаюць іхныя ідэі. Так, зварот групы асобаў з заклікам стварыць у Беларусі "Эўрапейскі рух" быў апублікаваны месяц таму, і на гэты заклік адгукнулася шмат людзей. Мікола Статкевіч лічыць гэта невыпадковым, бо, паводле апошніх сацыялягічных дасьледаваньняў, 53% грамадзянаў Беларусі хочуць далучэньня краіны да Эўразьвязу.

Гаворыць намесьніца старшыні аргкамітэту "Эўрапейскага руху" Марына Адамовіч:

(Адамовіч: ) "На сёньняшні дзень надышоў час выбіраць. Ці хочам мы жыць у годнай эўрапейскай дзяржаве, якая імкнецца да шырокага супрацоўніцтва й узаемадзеяньня з такімі ж сувэрэннымі дзяржавамі Эўропы, ці мы вызначаемся на карысьць страты сувэрэнітэту ў розных дастаткова сумнеўных саюзах з Расеяй. Мы спрабуем згуртаваць вакол руху сілы, якія вераць у альтэрнатыўны шлях".

"Эўрапейскі рух" плянуюць зрабіць арганізацыяй з разгалінаванымі структурамі й зь мяккім кіраваньнем. Сёньня аргкамітэт прапанаваў вылучыць на пасаду прэзыдэнта руху былога амбасадара Беларусі ў Польшчы Георгія Таразевіча, а на ягоных намесьнікаў – экс-старшыню Нацбанку Станіслава Багданкевіча, пісьменьніцу Вольгу Іпатаву, былога дэкана факультэта гісторыі Белдзяржунівэрсытэту Пятра Шупляка і былога амбасадара ў Латвіі Міхаіла Марыніча.

Устаноўчы сход "Эўрапейскага руху" плянуюць правесьці 6 лістапада. А 11 лістапада ў Менск прыедзе генэральны сакратар "Эўрапейскага руху" спадар Кронэр. Мікола Стакевіч гаворыць, што ў беларускага аддзяленьня ёсьць усе шанцы празь месяц быць прынятым у склад агульнаэўрапейскага руху.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG