Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ЎРАЧЫСТАЙ ВЕЧАРЫНЕ Ў ГОНАР 120-ГОДЗЬДЗЯ З ДНЯ НАРАДЖЭНЬНЯ ЯКУБА КОЛАСА ПІСЬМЕНЬНІКАМ ВЫСТУПАЦЬ НЕ ДАЗВОЛЕНА


Галіна Абакунчык, Менск

Сьвяткаваньні ў Менску завершацца ўрадавай вечарынай, у якой, акрамя высокіх чыноўнікаў, мусілі браць удзел і многія беларускія пісьменьнікі. Аднак напярэдадні міністар культуры Гуляка забараніў даваць слова запрошаным літаратарам, спаслаўшыся на абмежаванасьць эфірнага часу, паколькі імпрэза будзе трансьлявацца па першай праграме тэлебачаньня. І гэта – толькі адна з шэрагу недарэчнасьцяў, што суправаджаюць юбілейныя імпрэзы цягам усяго году, – кажа дырэктарка літаратурнага музэю Якуба Коласа Зінаіда Камароўская. З прычыны недахопу грошай не ўдалося зрабіць шмат патрэбнага нават з праграмы, зацьверджанай урадам краіны. Гаворыць Зінаіда Камароўская.

(Камароўская: ) “У Пінску захаваўся дом, дзе Якуб Колас жыў, і ва ўрадавай пастанове аб сьвяткаваньні 120-годзьдзя Купалы й Коласа ёсьць пункт аб музэіфікацыі гэтага дома. Але там жыве некалькі сем’яў, якія трэба выселіць. Будзе вельмі крыўдна, калі мы страцім такі цікавы аб’ект. У іншых краінах чапляюцца за кожную нітачку, каб паказаць нашчадкам. Ну, а мы шмат трацім”.

Дзіцячае сьвята “Казкі жыцьця”, адкрыцьцё мастацкай выставы, міжнародная канфэрэнцыя, прысьвечаная творчасьці Якуба Коласа, літаратурныя сустрэчы “Каласавіны” на радзіме паэта – толькі частка імпрэзаў, якія адбудуцца цягам трох дзён. Аднак юбілей народнага паэта, які шмат зрабіў для станаўленьня нацыянальнай літаратуры й беларускай дзяржаўнасьці – гэта мізэрна мала, – мяркуе пісьменьнік Генрых Далідовіч:

(Далідовіч:) “Па-першае, трэба было многія выданьні надрукаваць, па-другое, усё гэта трэба было зрабіць на дзяржаўным узроўні й самым высокім. У тым ліку прэзыдэнт павінен быў прыйсьці й ушанаваць памяць і Купалы, і Коласа. І таму, я лічу, абсалютна ганебна, як адзначаецца цяпер сьвята Купалы й Коласа. Людзі, моцныя духам, пры любым рэжыме не патрэбныя”.

Паводле праграмы сьвяткаваньня 120-годзьдзя Якуба Коласа, зацьверджанай урадам краіны, сёлета ў Маскве й Санкт-Пецярбургу мусілі быць усталяваныя помнікі Янку Купалу й Якубу Коласу. Аднак і па сёньня гэтая ідэя застаецца толькі ў плянах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG