Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІ ЎРАД ЗАПЭЎНІВАЕ, ШТО Ў СПРАВЕ ПРОДАЖУ ЗБРОІ ПРЫТРЫМЛІВАЕЦЦА МІЖНАРОДНЫХ НОРМАЎ


Уладзімер Глод, Менск

Журналістаў цікавіла, ці ёсьць сувязь паміж тым, што Беларусь першай у СНД падрыхтавала такі даклад, і тым, што сёлета ўвесну ў Менск прыяжджала група ўплывовых амэрыканскіх палітыкаў, якія адмыслова цікавіліся, каму Беларусь прадае ўзбраеньні. Спадар Байчораў на гэтае пытаньне адказаў так:

(Байчораў: ) "У цэлым – і так, і не. Спадар Пайфэр не даваў нам загаду рыхтаваць такі даклад, не выказваў такіх пажаданьняў. Але ён у агульным пляне сказаў, што Дзярждэпартамэнт вітаў бы палітыку больш транспарэнтную, больш адкрытую ў гэтай сфэры. Мы вывучылі досьвед, які існуе ў Заходняй Эўропе (такія справаздачы ёсьць штогадовай практыкай у большасьці краінаў Заходняй Эўропы, ЗША і Канады), і вырашылі – чаму б і ў нашай краіне не падрыхтаваць такую справаздачу. Я ня ўпэўнены, што яна ўсіх вас задаволіць, але гэта ёсьць першы крок, пробны камень. Будзем яе паляпшаць, паглыбляць…”

Паводле прадстаўніка МЗС, Беларусь датрымлівае ўсе міжнародныя санкцыі:

(Байчораў: ) “У тым ліку санкцыі супраць Іраку. Мы вядзем гандаль з Іракам, але гандаль у рамках вядомай праграмы “Нафта ў абмен на харчовыя і іншыя тавары”, і любы кантракт не праходзіць у Ірак без ухваленьня адпаведнага камітэту ААН”.

Інфармацыю пра тое, што Беларусь прадае зброю краінам-ізгоям, чыноўнік МЗС лічыць неаб’ектыўнай і тлумачыць, што ўсе дадзеныя пра гэта ідуць з адной і той жа крыніцы:

(Байчораў: ) “Калі прасачыць усе гэтыя крыніцы – з Польшчы, з Амэрыкі, зь Вільні, дадзеныя былі надрукаваныя ў “Washington Post”, дык крыніца для ўсіх адна, – адно маленькае агенцтва ў адной маленькай краіне. Агенцтва займае адзін пакой, сям’я там жыве адна. Вось і ўсё”.

Між тым, шмат хто з экспэртаў сьцвярджае, што цяпер ёсьць магчымасьці наўпрост таемна гандляваць зброяй ці перапрадаваць яе трэцім краінам. Вось што думае на гэты конт дырэктар Інстытуту палітычных дасьледаваньняў у Менску Вячаслаў Пазьняк:

(Пазьняк: ) “Гандаль зброяй адносіцца да так званага шэрага гандлю, паколькі тут можна схаваць тыя транзакцыі, што ажыцьцяўляюцца. Таму гандаль зброяй далёка не заўсёды адкрыты і транспарэнтны і не заўсёды падлягае кантролю. Гіпатэтычна гандляваць зброяй у пэўных межах магчыма без дазволу і кантролю міжнародных арганізацыяў”.
XS
SM
MD
LG