Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВУЮ КАНЦЭПЦЫЮ ГІСТАРЫЧНАЙ НАВУКІ ПРАДСТАВІЎ ЯКАЎ ТРАШЧАНОК, ЯКІ ВЫКЛАДАЎ ГІСТОРЫЮ АЛЯКСАНДРУ ЛУКАШЭНКУ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

На “круглы стол” у Магілёўскім дзяржаўным унівэрсытэце сабраліся прадстаўнікі катэдраў гісторыі ўсіх беларускіх унівэрсытэтаў на чале зь міністрам адукацыі краіны. Пётар Брыгадзін патлумачыў выбар месца для прадстаўленьня новай гістарычнай канцэпцыі:

(Брыгадзін: ) “Мы сабраліся таму, што тут працуе адзін з аўтараў гэтай канцэпцыі, якая прапанаваная сёньня для абмеркаваньня – Трашчанок Якаў Іванавіч. Разьлічваем на цікавае абмеркаваньне. Я думаю, што мы можам выказацца наконт тых падыходаў, якія прапануе Якаў Іванавіч”.

Дацэнту Якаву Трашчанку больш за 70 гадоў. Ён піша падручнік “Гісторыя Беларусі” на просьбу Аляксандра Лукашэнкі, які ў свой час быў яго студэнтам.

Гістарычная канцэпцыя Якава Трашчанка рэка крытыкуе, як ён піша, “нацыянал-радыкальныя погляды” на гісторыю Беларусі. Трашчанок, у прыватнасьці, лічыць, што пра беларускую дзяржаўнасьць можна казаць толькі ў зьвязку з 20-м стагодзьдзем і БССР, а ўласна беларускі народ ратавала, паводле ягонага меркаваньня, толькі праваслаўная царква.

Кіраўнік інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук прафэсар Сташкевіч ухваліў гістарычную канцэпцыю Якава Трашчанка і вызначў ягоны падыход як “правільны нацыянальна-дзяржаўны”.

Правільныя пазыцыі гісторыкаў, паводле Трашчанка і Сташкевіча – гэта, напрыклад, лічыць Кіеўскую Русь крыніцай нараджэньня беларускага народу і не вызначаць Вялікае княства Літоўскае як беларускую дзяржаву.

Пытаньні і выступы ўдзельнікаў “круглага стала” тычыліся ня сутнасьці новай канцэпцыі гістарычнай навукі, а яе дэталяў. Адзін з магілёўскіх гісторыкаў Аляксандар Агееў адзначыў, што на абмеркаваньне было запрошанае вельмі вульмі вузкае кола навукоўцаў – менавіта тыя людзі, якія ня стануць спрачацца і ўхваляць новую канцэпцыю. Таму ўсё мерапрыемства выглядала хутчэй як фармальнасьць.
XS
SM
MD
LG