Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСІ ЗЬЯВІЛАСЯ НОВАЯ НЕЗАЛЕЖНАЯ ГАЗЭТА


Ігар Карней, Менск

Заснавальнікі новай газэты "Местное время" — журналісты Анатоль Гуляеў і Аляксандар Коктыш. Пра прыярытэты штотыднёвіка распавядае яго галоўны рэдактар Анатоль Гуляеў.

(Гуляеў: ) "Прыярытэты будуць скіраваныя на жыцьцёва важныя для чытачоў тэмы. Калі эканоміка — дык эканоміка папулярная, без шматслоўных аглядаў. Калі сацыяльная сфэра, дык будзем распавядаць нашым чытачам, колькі каштуюць кватэры, колькі паліва, колькі патрэбна плаціць за харчовы кошык. Сваю аўдыторыю акрэсьліваем ва ўзросьце ад 25 да 55 гадоў з адукацыяй ад сярэдняй і вышэй. Гэта людзі дзеяздольныя, актыўныя, якія хочуць жыць лепей і ў стане дамагчыся гэтага ўласнымі сіламі. Што тычыцца карэннага адрозьненьня выданьня, то мы ўпершыню ў Беларусі робім рэгіянальныя выпускі. Такім чынам, адначасова выдаем як бы чатыры выданьні: нацыянальны выпуск і тры рэгіянальныя — Пінск, Горадня, Полацак-Наваполацак. Увогуле, сёньня ў сьвеце назіраецца адметная тэндэнцыя: рэгіянальная прэса разьвіваецца лепей за сталічную. Людзі проста жадаюць ведаць, што адбываецца побач зь імі".

Яшчэ напярэдадні выпуску газэты ў журналісцкіх колах гаварылі пра непасрэднае дачыненьне да заснаваньня газэты былога міністра сельскай гаспадаркі, а зараз аднаго з апанэнтаў рэжыму Васіля Лявонага. Але намесьнік рэдактара Аляксандар Коктыш гэта адмаўляе:

(Коктыш: ) "Безумоўна, і Анатоль Гуляеў, і я пэўныя стасункі зь Лявонавым маем. Але гэты чалавек ніякага фармальнага дачыненьня ня мае да газэты".

(Карэспандэнт: ) "Назва "Местное время"дастаткова распаўсюджаная ў Расеі..."

(Коктыш: ) "Мы выдатна разумеем: сталічны рынак мас-мэдыяў падзелены. Гэта не азначае, што мы зьбіраемся адмаўляцца ад барацьбы, канкурэнцыі з нашымі калегамі са сталічных выданьняў. Але ў першую чаргу мы зарыентаваныя на рэгіёны, не ахопленыя ні дзяржаўнай, ні незалежнай прэсай. Таму і назоў такі ўзьнік: мы ідзем у рэгіёны. У гэтым і ёсьць нашае беларускае "ноў-хаў". Мы, дарэчы, адмыслова езьдзілі ў Варшаву, у "Gazetu Wyborczu", каб параіцца з калегамі, як нам разьмяшчаць рэгіянальны выпуск у нашай газэце".

Газэта "Местное время" зьявілася напярэдадні выбараў у мясцовыя саветы. Аднак яе рэдактар Анатоль Гуляеў заяўляе, што выданьне ня будзе ўмешвацца ў хаду барацьбы за месцы ва ўладных структурах, будзе аб'ектыўна інфармаваць грамадзкасьць пра сытуацыю ў краіне і ніякім чынам не зьбіраецца падтрымліваць у перадвыбарчай кампаніі тую ці іншую палітычную партыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG