Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВАРШАВА ХОЧА, КАБ УВЯДЗЕНЬНЕ ВІЗАЎ ЯК НАЙМЕНШ ЗАШКОДЗІЛА ЎЗАЕМНЫМ КАНТАКТАМ З УСХОДАМ


Аляксей Дзiкавiцкi, Варшава

Прамаўляючы ў часе паседжаньня сэнацкай Камісіі ў справах эміграцыі і супрацоўніцтва з палякамі за мяжой, намесьнік міністра замежных справаў Польшчы Славамір Дамброва сказаў:

(Дамброва: ) “У адпаведнасьці з вынікамі перамоваў з Эўрапейскім Зьвязам, якія прадугледжваюць прыстасаваньне польскіх законаў да стандартаў Эўразьвязу, візы для грамадзянаў Беларусі, Украіны і Расеі будуць уведзеныя ад 1 ліпеня 2003 году”

Спадар Дамброва падкрэсьліў, што Польшча ўводзіць візавы рэжым для сваіх усходніх суседзяў апошняй сярод краінаў-кандыдатаў на далучэньне да Эўрапейскага Зьвязу. Каб наведаць, напрыклад, Чэхію ці Вугоршчыну, беларусам патрэбныя візы ўжо даўно. Паводле намесьніка міністра, Варшава хоча, каб увядзеньне візаў як найменш зашкодзіла ўзаемным кантактам з Усходам.

(Дамброва: ) “Бяручы пад увагу гаспадарчыя, палітычныя і грамадзкія прычыны, трэба разглядаць увядзеньне спрошчаных мэтадаў перасячэньня мяжы. Напрыклад, выкарыстоўваць як мага нізкія аплаты за візы, наколькі гэта дазваляюць законы Эўразьвязу”.

Паколькі паседжаньне камісіі Сэнату было прысьвечанае супрацоўніцтву з палякамі за мяжой, не магло не паўстаць пытаньне пра магчымыя палёгкі ў часе атрыманьня візаў дзеля грамадзянаў Беларусі, Украіны і Расеі польскага паходжаньня.

(Домброва: ) “Нажаль, Шэнгенскія пагадненьні не прадугледжваюць ніякіх выключэньняў у перасячэньні супольнай мяжы з нагоды нацыянальнасьці ці паходжаньня. Пад увагу бярэцца толькі грамадзянства. Мы як краіна, якая намагаецца далучыцца да агульнаэўрапейскай сыстэмы аховы межаў, мусім з гэтым лічыцца.

Аднак гэта не азначае, што Польшча ня можа выкарыстоўваць пэўных прэфэрэнцыяў у стаўленьні да палякаў, якія апынуліся за мяжой не з ўласнага жаданьня, а з-за гістарычных зьменаў. Каб забясьпечыць асобам польскага паходжаньня кантакты з Польшчай і сваякамі, якія тут жывуць, польскія консульскія ўстановы будуць выдаваць ім візы, якія дазваляюць знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы працяглы час, а таксама спрашчаць доступ да консульстваў, дапамагаць у пераадоленьні фармальнасьцяў ды скарачаць тэрмін чаканьня на візы”.

Славамір Дамброва адзначыў таксама, што пытаньне аб увядзеньні Польшчай адмысловай карты паляка для асобаў польскага паходжаньня, што жывуць у іншых краінах, урад не разглядае.

“Досьвед Вугоршчыны, якая ўрэшцэ адмовілася ад увядзеньня карты вугорца, паказвае, што гэта ня самая лепшая ідэя”, – сказаў намесьнік міністра замежных справаў Польшчы Славамір Дамброва.
XS
SM
MD
LG