Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВАРШАВЕ АДБЫЛАСЯ ВЫСТАВА ВЯДОМАГА МАГІЛЁЎСКАГА ФОТАМАСТАКА АЛЯКСАНДРА ЛІЦІНА


Аляксей Дзiкавiцкi, Варшава

Выстава працаў Аляксандра Ліціна была наладжаная пры дапамозе Фундацыі польска-чэска-славацкай салідарнасьці ды Інстытуту Беларускай Культуры ў Варшаве разам з Варшаўскім ліцэем №25 і ў ягоным памяшканьні.

Гэтая навучальная ўстанова добра вядомая мясцовым беларусам, бо тут нярэдка ладзяцца самыя розныя беларускія імпрэзы – бардаўскія канцэрты, прэзэнтацыі мастацкіх твораў ды іншыя.

Сваю зацікаўленасьць гэткімі падзеямі тлумачыць спадарыня Марына Гуля – настаўніца ліцэю і асоба, якая найбольш спрыяе арганізацыі беларускіх імпрэзаў.

(Гуля: ) “Гэта нашыя суседзі, і яны маюць вельмі шмат рэчаў, якія можна паказаць і якія тут цікавыя. Таму, калі мы маем магчымасьці, дык заўсёды запрашаем творцаў зь Беларусі ці Ўкраіны. У ліцэі вельмі ўдзячная публіка, а навакольныя жыхары ўжо добра ведаюць пра нашую дзейнасьць ды ахвотна наведваюць нашыя імпрэзы”.

Аляксандар Ліцін, які браў удзел у працы больш чым сотні фотасалёнаў і выставаў у розных краінах сьвету, у Польшчы ўпершыню. Сюды ён прывёз некалькі дзясяткаў працаў, аб’яднаных у калекцыю з назовам “У пошуках жанчыны”, прысьвечаную, як можна зразумець, беларускім жанчынам. Журналіст Юры Раманаў называў творы Ліціна “спробай праверыць Прозу жыцьця на трываласьць пры дапамозе Паэзіі фатаграфіі”. Больш трапна пра творчасьць магілёўскага фотамастака, бадай, і ня скажаш.

Сам спадар Ліцін лічыць, што ў Беларусі цяпер запатрабаванае хіба што толькі газэтнае фота:

(Ліцін: ) “А што да мастацкай фатаграфіі, дык яна ніколі тут не была нікому патрэбная”.

Варта адзначыць, што на пачатку 1990-х спадар Ліцін актыўна супрацоўнічаў зь незалежнымі магілёўскімі газэтамі і зьяўляецца сябрам Беларускай асацыяцыі журналістаў.
XS
SM
MD
LG