Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У НЯМЕЧЧЫНЕ ВЫСТАЎЛЕНЫЯ КАРЦІНЫ ЮНЫХ ПАСЬЛЯДОЎНІКОЎ ШАГАЛА ЗЬ БЕЛАРУСІ


Алена Панкратава, Менск

Паводле нямецкага выданьня “Die Welt”, побач з 62 карцінамі Марка Шагала, якія належаць аднайменнаму парыскаму фонду, у Гамбурскім замку Вайзэнгаўс экспануюцца таксама работы навучэнцаў менскай мастацкай шагалаўскай школы, якой кіруе вучань Шагала Рыхард Май.

Як лічаць арганізатары гамбурскай выставы — сям’я графаў фон Плятэн, пэўная блытаніна карэспандэнта зрабіла акцэнт на творчай пераемнасьці пакаленьняў, і ў выніку ў замак Вайзэнгаўс пачало прыходзіць яшчэ больш наведнікаў.

Насамрэч Рыхард Май, якога жыхары Гамбургу палічылі немцам, ёсьць Рышардам, беларусам польскага паходжаньня. Ён не настолькі стары, каб сапраўды быць вучнем Шагала. Гэта прадстаўнік больш позьняй генэрацыі. Тым ня менш, лічаць графы фон Плятэн, у творах Мая дый ягоных вучняў — нечаканы для постсавецкай краіны шагалаўскі кірунак.

Пра дзіцячую мастацкую школу пад кіраўніцтвам Мая нямецкія галерысты даведаліся праз каталёгі міжнародных выставаў, дзе былі надрукаваныя творы юных менчукоў. Пошукі юных менскіх талентаў і іхнага настаўніка працягваліся некалькі гадоў. Вось што расказвае сам спадар Май:

(Май: ) “Яны мяне некалькі гадоў шукалі, хто такі Май. Справа ў тым, што я ня вельмі прытрымліваюся нейкіх акадэмічных традыцыяў, дый і мае дзеці блізкія да такога вольнага кірунку. Працы дзяцей нагадваюць нейкі шагалаўскі момант. Мы — ня вучні ў строгім сэнсе гэтага слова, а пасьлядоўнікі. Гаворачы пра нас як пра школу Шагала, немцы пэўна ішлі ад беларускіх каранёў мастака. Для іх што Менск, што Віцебск – гэта адно і тое”.

Паводле графіні фон Плятэн, працы беларускіх дзяцей выклікалі вялікую цікавасьць у асяродку нямецкіх галерыстаў:

(Графіня фон Плятэн: ) “Гэтая выстава праходзіць у нас зь сярэдзіны кастрычніка, прычым зь вялікім посьпехам. Усе выстаўленыя карціны юных беларускіх мастакоў і іхнага настаўніка распрададзеныя яшчэ да зьяўленьня нататкі ў газэце. Лічу, што гэта вялікі посьпех. У карцінах адчуваецца сапраўдная пераемнасьць Шагалавых традыцыяў. Да нас падыходзілі людзі, якія хочуць займацца раскруткай юных беларускіх талентаў”.

Паводле немцаў, у юных беларускіх мастакоў назіраецца надзвычайнае адчуваньне фарбаў. Магчыма, гэта тое, што ідзе ад беларускай прыроды — балоцістых мясьцінаў зь іхным надзвычайным сьвячэньнем… Характэрна, што ў многіх дарослых беларускіх мастакоў, якія выстаўляюцца ў Нямеччыне, такое адчуваньне згубленае. Магчыма, не хапае сапраўднай мастацкай школы. Каб працягваць традыцыі вялікіх мастакоў у Беларусі, юным талентам трэба вучыцца ў Эўропе, — лічаць немцы.

З падобнымі высновамі згодныя далёка ня ўсе. Прарэктар Беларускай мастацкай акадэміі Міхал Баразна, які не аднойчы ўдзельнічаў у розных эўрапейскіх выставах, лічыць, што беларускія мастакі жывуць у такой прасторы, дзе інфармацыйна ўсё даступна. Праблема ў іншым. Сапраўдныя беларускія творцы і іхныя карціны аднойчы зьнікаюць з гэтай прасторы. Сёньня ў Беларусі амаль няма твораў Шагала (за выключэньнем графічных работаў), Малевіча, нават Селяшчука.

(Баразна: ) “Гэты працэс працягваецца шмат стагодзьдзяў. Можна першае ў якасьці яскравага прыкладу прывесьці — дзе крыж Эўфрасіньні Полацкай. Гэта зьява ня сёньняшняга дня, а ўсёй гісторыі. Чаму творы тут зьяўляліся, мастакі нараджаліся, але спадчына не акумулявалася менавіта тут, яна зьнікала і працягвае зьнікаць? Вось як выйсьці з гэтага становішча — гэта, сапраўды, тэма для дыскусіяў. Інтрыга”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG