Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАКУРАТУРА СПЫНІЛА КРЫМІНАЛЬНУЮ СПРАВУ СУПРАЦЬ ПАМОЧНІЦЫ ПРАКУРОРА, ЯКАЯ КАТАВАЛА ПРЫЁМНАГА СЫНА


Галіна Абакунчык, Менск

Сёньняшняму рашэньню папярэднічалі дзьве псыхіятрычныя экспэртызы, якія прайшоў Мікіта. Іхныя вынікі сьведчаць, што хлопчык здаровы. Ягоная былая прыёмная маці пагадзілася прайсьці толькі адну, якая таксама канстатавала, што Князева здаровая, але зьбівала хлопчыка нібыта ў стане афэкту. На гэтай падставе й было прынятае рашэньне аб закрыцьці крымінальнай справы супраць былой супрацоўніцы пракуратуры — кажа кіраўнік сьледчага аддзелу Менскай абласной пракуратуры Сяргей Дунец.

(Дунец: ) “Спыненая з прычыны адсутнасьці складу злачынства. Яна грамадзка-небясьпечны ўчынак зьдзейсьніла, але віны яе няма, таму што была ў стане афэкту. За такія дзеяньні крымінальнай адказнасьці няма”.

Нагадаю, што крымінальная справа супраць Тамары Князевай была распачатая яшчэ ў лютым, калі яе 10-гадовы прыёмны сын Мікіта быў дастаўлены ў Менскі дзіцячы хірургічны цэнтар моцна зьбіты. Сьледзтва высьветліла, што ўсынавіцелька зьбівала хлопчыка сыстэматычна, і суд пазбавіў пракурорку бацькоўскіх правоў, а малога ўзяла пад апеку вясковая сям’я Назарэнкаў.

Цяперашняя маці Мікіты кажа, што ўся сям’я вельмі любіць Мікіту, і яны не разумеюць, навошта было зьбіваць хлопчыка, які добра вучыцца й вельмі паслухмяны. Яны абураныя, што крымінальная справа закрытая, і перакананыя, што гэта зроблена несправядліва. Гаворыць Кацярына Назарэнка:

(Назарэнка: ) “Свой свайго ня судзіць. Як магла абласная пракуратура пакараць свайго ж работніка. Яе павінныя былі пазбавіць права працаваць, дыскваліфікаваць як работніка. Гэта яшчэ раз падкрэсьлівае, што простаму чалавеку няма чаго ісьці шукаць праўду, бо тыя яе ўсё роўна ня знойдзеш”.

Сацыяльны пэдагог школы, дзе вучыўся Мікіта, Ніна Чумак кажа, што гэты выпадак сьведчыць, што дзеці ў сваёй краіне бяспраўныя й безабаронныя, бо сёньня ў Беларусі законы ня дзейнічаюць. Гаворыць Ніна Чумак:

(Чумак: ) “Тут галоўнае – гонар мундзіра. Усё рабілася, каб гэтую справу спыніць — гэта па-першае. Па-другое, ніхто не нясе адказнасьці за дзіця. Я ўсё ж думала, што ў нас ёсьць правы дзіцяці. Гэты выпадак даказвае, што ў нас закон не абараняе дзіця”.

У зьвязку з закрыцьцём крымінальнай справы Тамара Князева можа вярнуцца на ранейшую пасаду памочніцы пракурора па нагляду за непаўнагадовымі, адкуль звольнілася з уласнага жаданьня. Акрамя таго, у ейнай уласнасьці застаецца маёмасьць хлопчыка, якая перайшла да яе пасьля ўсынаўленьня, а таксама службовая кватэра, якую супрацоўніца пракуратуры атрымлівала й на прыёмнага сына.
XS
SM
MD
LG