Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТЭРАКТ У ТЭАТРАЛЬНЫМ ЦЭНТРЫ НА ДУБРОЎЦЫ ВЫКЛІКАЎ МОЦНУЮ КРЫТЫКУ НА АДРАС МАСКОЎСКІХ УЛАДАЎ


Віктар Дзятліковіч, Масква

Сёньня адбылася трохі дзіўная дыскусія паміж афіцыйнымі прадстаўнікамі: прадстаўнікі пракуратуры Масквы заявілі, што ў выніку штурму ад кулявых ранаў загінулі 45 чалавек, але Міністэрства аховы здароўя абвергла гэтую інфармацыю і паведаміла, што са 117 закладнікаў толькі двое былі забітыя кулямі, а астатнія атруціліся газам, які ўжылі спэцслужбы.

Марка газу, які быў выкарыстаны ў суботу, па-ранейшаму застаецца невядомай, і прадстаўнікі спэцслужбаў і ў афіцыйных інтэрвію, і ў неафіцыйных размовах з журналістамі гавораць, што гэтая інфармацыя ніколі ня будзе даведзеная да грамадзкасьці, да СМІ, бо яна сакрэтная.

Крытыка дзеяньняў расейскіх спэцслужбаў гучыць, але яна не ўзмацняецца. Больш крытыкі гучыць на адрас уладаў з-за таго, што яны дапусьцілі, што мог адбыцца сам гэты тэракт.

Перш за ўсё крытыкуюцца маскоўскія ўлады. Шмат якія жыхары Масквы і палітыкі дзівяцца – як магло адбыцца так, што ўзброеныя людзі – а іх было некалькі дзясяткаў – змаглі вольна праехаць па вуліцах Масквы і захапіць будынак за 5 кілямэтраў ад Крамля. Гэтае пытаньне зараз ставіцца перад маскоўскімі ўладамі і перад кіраўніцтвам праваахоўчых органаў.

Што да рэакцыі на менавіта вызваленьне закладнікаў, то збольшага людзі лічаць, што спэцслужбы мусілі штурмаваць гэты будынак, і ахвяры мусілі быць – іншая справа, што, магчыма, ня так многа; але гэта не крытыкуецца вельмі моцна.
XS
SM
MD
LG