Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК АДЧУВАЮЦЬ СЯБЕ БЕЛАРУСЫ — БЫЛЫЯ ЗАКЛАДНІКІ?


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Яшчэ ўчора Тацяна Ткачук казала, што ня зьедзе з Масквы бяз Вольгі Золінай, зь якой яе цяпер зьвязвае ня толькі даўняе сяброўства, але і перажытыя разам тры дні закладніцтва. Але пляны зьмяніліся, і як паведамілі мне ў беларускай амбасадзе ў Маскве, сёньня Тацяна Ткачук будзе ўжо ў Менску.

Што да Вольгі Золінай, то яна адчувае сябе лепш, і ня выключана, што днямі адпусьцяць дадому і яе. Вось што згадвае Тацяна Ткачук пра тое, як яны ў закладніках падрымлівалі адна адну:

(Ткачук: ) “Мая сяброўка Золіна мне казала: “Таня, у нас з табой усё будзе добра”. Такія ў нас думкі былі, і так яно сталася”.

Тацяна Ткачук адзначае, што перад штурму яна і Вольга выпілі лекі і заснулі, а прачнуліся ўжо ў шпіталі. Магчыма, тое, што яны спалі падчас газавай атакі, у нейкім сэнсе ўратавала іх ад моцнага атручваньня. Хоць многае залежыць ад індывідуальных асаблівасьцяў арганізму. Вось Тацяна ўжо адчувае сябе добра, а Вольга яшчэ слабая. Як стала вядома, пасьля вяртаньня дадому Вольга Золіна плянуе прайсьці курс лячэньня ў адным зь менскіх шпіталяў.

У 9-й менскай клініцы ўжо чакаюць і Віктара ды Ганну Савіцкіх. Маці Віктара Савіцкага Валянціна Міхайлаўна паведаміла нашаму радыё, што нявестка з сынам магчыма прыляцяць заўтра ці пазаўтра, і празь дзень іх пакладуць у клініку. Горш адчувае сябе Віктар, які, як кажа ягоная маці, спрабаваў уратаваць сваю жонку.

(Валянціна Савіцкая: ) “Яна лепш сябе адчувае, а ён горш, бо, яны кажуць, калі ўсё гэта пачалося, ён неяк яе прыкрыў сабой. Прытуліў да сябе, ці што такое зрабіў, але яны кажуць, што ён з-за гэтага больш наглытаўся таго газу”.

Валянціна Савіцкая ўжо некалькі разоў размаўляла з сынам і нявесткай па тэлефоне. Кажа, што сын, хоць і адчувае сябе дрэнна, але жартуе і ўсяляк маральна яе падрымлівае.

Паводле афіцыйных зьвестак, выпісалася са шпіталю ў Маскве яшчэ адна закладніца-беларуска, былая супрацоўніца 36-га дзіцячага садку ў Магілёве Ларыса Краўцова. Аднак пакуль няма дадзеных пра тое, што яна вярнулася дадому ў Магілёў. У Маскве жыве ейная сястра, разам зь ёю Ларыса Краўцова і пайшла на мюзыкл “Норд-Ост”.

Памерлую ў мінулую суботу мянчанку Людмілу Багачову сёньня пахавалі ў Маскве. Гэтак вырашылі яе сыны, якія стала жывуць у расейскай сталіцы. Людміле Багачовай было 55 гадоў.
XS
SM
MD
LG