Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТАЛІ ВЯДОМЫЯ ПЕРШЫЯ ВЫНІКІ МУНІЦЫПАЛЬНЫХ ВЫБАРАЎ У ПОЛЬШЧЫ


Аляксей Дзiкавiцкi, Варшава

Агульным вынікам муніцыпальных выбараў ва ўсёй Польшчы можна лічыць зьніжэньне папулярнасьці кандыдатаў ад кіроўнай цяпер кааліцыі Саюзу левых дэмакратаў і Вуніі працы, а таксама нізкія паказчыкі радыкальнай Лігі польскіх сем’яў і папулісцкай Самаабароны.

Што тычыцца беларускіх арганізацыяў Беласточчыны, дык сёлета празь беларускія выбарчыя камітэты яны ўпершыню самастойна вылучылі каля 400 кандыдатаў у самаўрадавыя структуры розных узроўняў, у тым ліку і на мэраў Беластоку і Бельска-Падляскага.

Разам з Саюзам левых дэмакратаў у выбарах бралі ўдзел толькі прадстаўнікі Беларускага грамадзка-культурнага таварыства, кіраўніцтва якога вядомае сваімі сымпатыямі да цяперашніх беларускіх уладаў.

З-за аварыі сэрвэру Цэнтральнай выбарчай каміссіі Польшчы ды моцных навальніцаў дакладныя вынікі выбараў пакуль невядомыя. Аднак, як паведаміў нашаму радыё адказны за інфармацыю Беларускага выбарчага камітэту ў Беластоку Яўген Вапа, паводле апошніх дадзеных, добрыя шансы захаваць пасаду бурмістра, ці мэра, места Бельск-Падляскі мае беларус Андрэй Сьцепанюк, які выйшаў у другі тур выбараў, маючы першае месца. У Гайнаўцы, калі браць ужо падлічаныя галасы, беларусы атрымалі 8 дэпутацкіх мандатаў у сэймікі, ці саветы, гораду і раёну. Пакуль невядома, ці атрымаюць беларусы месца ў радзе Беластоку.

Паводле спадара Вапы, вынікі выбараў сьведчаць пра тое, што на палітычнай арэне самастойныя беларускія сілы могуць быць раўнапраўнымі партнэрамі зь іншымі, ужо вядомымі партыямі і рухамі.

У цэнтры ваяводзтва – Беластоку – на пасаду мэра таксама балятаваўся беларус – парафэсар Антоні Мірановіч. Сярод 12 кандыдатаў ён заняў 5-е месца, набраўшы трохі больш за 6,5% адсоткаў галасоў. Вось як свае вынікі ацэньвае сам спадар Мірановіч:

(Мірановіч: ) “Вынік вельмі пазытыўны, бо мы бярэм удзел у выбарах у якасьці Беларускага выбарчага камітэту ўпершыню, і маем адразу 5-е месца. Умовы былі дрэнныя, бо шмат беларусаў стартавалі з выбарчых сьпісаў Саюзу левых дэмакратаў і, атрымліваецца, што беларусы змагаліся паміж сабой. Вынікі выбараў паказваюць, што ў Беластоку ёсьць сьвядомыя беларусы, для якіх галоўнай справай зьяўляецца справа беларускай нацыі і яе прадстаўніцтва ў самаўрадах”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Мірановіч, у часе выбараў вы адкрыта дэкляравалі сваю беларускасьць ды праваслаўнае веравызнаньне. На вашую думку, гэта зашкодзіла вам ці наадварот?”

(Мірановіч: ) “Ня думаю, што гэта мела вялікае значэньне. Сьвядомыя беларусы і так галасавалі за мяне. Мяне падтрымалі таксама і некаторыя палякі, пасьля таго, як азнаёміліся з маёй перадвыбарчай праграмай. Ім я падаўся найбольш канструктыўным кандыдатам”.

Дакладныя вынікі муніцыпальных выбараў на Беласточчыне будуць вядомыя ў наступны панядзелак.
XS
SM
MD
LG