Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЫТАНЬНЕ АДКРЫЦЬЦЯ ЧАЧЭНСКАГА ПРАДСТАЎНІЦТВА Ў БЕЛАРУСІ БУДЗЕ ВЫРАШАЦЦА Ў МАСКВЕ


Ігар Карней, Менск

Былы міністар замежнаэканамічных сувязяў Беларусі Міхаіл Марыніч канстатуе, што колькасьць прадстаўніцтваў расейскіх рэгіёнаў у Беларусі ніяк не адпавядае якасьці ўзаемных стасункаў. Прыкладам, таваразварот паміж Беларусьсю і Калмыкіяй, альбо Дагестанам ці Алтайскім краем практычна роўны нулю. А таму і сэнсу ў існаваньні падобных місіяў няма.

(Марыніч: ) “Гэта практычна фармальныя прадстаўніцтвы. Усе яны дзейнічаюць у межах афіцыйнага палажэньня аб гандлёвых прадстаўніцтвах паміж Рэспублікай Беларусь і Расейскай Фэдэрацыяй. У маю бытнасьць дамовы былі заключаныя з Краснадарскім краем, Мурманскай, Цюменскай, Калінінградзкай абласьцямі — рэгіёнамі, дзе Беларусь мела свае рэальныя інтарэсы.

Да прыкладу, Мурманская вобласьць: туды мы традыцыйна, яшчэ за савецкім часам, пастаўлялі харчы, абутак, тэкстыль, а адтуль атрымлівалі апатыты для Гомельскага хімічнага заводу і шэраг іншай сыравіны. У дадзеным выпадку ўзважаны гандлёвы балянс і прадстаўніцтвы даюць свае вынікі. Праўда, адставаньні ў інвэстыцыйнай дзейнасьці паступова прыводзяць да таго, што прадуктаў харчаваньня зараз наадварот мы больш маем з Расеі, чым пастаўляем у расейскія рэгіёны”.

Прынцыповая згода Міністэрства замежных справаў Беларусі на адкрыцьцё ў Менску прадстаўніцтва Чачэніі выклікала ў спадара Марыніча зьдзіўленьне. Вось як ён камэнтуе магчымасьць гіпатэтычных стасункаў з рэгіёнам, амаль цалкам разбураным апошнімі войнамі.

(Марыніч: ) “Нічога, апроч непрыемных момантаў для беларускай эканомікі, мы ад іх не атрымаем. Калі няма ніякай кіраванасьці, то гэта цалкам крымінальны бізнэс. Немагчыма сёньня мець цывілізаваныя адносіны з Чачэніяй. Найперш неабходнае палітычнае ўрэгуляваньне чачэнскага пытаньня.

Расейскі ўрад павінен пайсьці на кансультацыі з клянамі, палітычнымі групоўкамі (за выключэньнем, натуральна, бандытаў), з агульнай масай насельніцтва, правесьці рэфэрэндум і даць большую свабоду. Пасьля гэтага можна весьці размовы з любым рэгіёнам Расеі, у тым ліку і з Чачэніяй. Пакуль жа адтуль можна экспартаваць толькі грубую сілу і сама ідэя цалкам беспэрспэктыўная. Пры любым раскладзе адносінаў з расейскімі ўладамі Беларусі гэта непатрэбна”.

У прэсавым цэнтры беларускага МЗС паведамілі, што пытаньне тэрмінаў адкрыцьця чачэнскага прадстаўніцтва цалкам залежыць ад пазыцыі зьнешнепалітычнага ведамства Расеі: альбо гэта будзе дазвол, альбо нота пратэсту. У расейскім МЗС запыт беларускага боку пакуль не абмяркоўваўся, бо ў сьвятле апошніх падзеяў з захопам закладнікаў кожная ініцыятыва чачэнскага боку патрабуе глыбокага вывучэньня. Вось што мне паведамілі ў дэпартамэнце інфармацыі расейскага МЗС.

(Супрацоўнік дэпартамэнту інфармацыі: ) “Пакуль інфармацыі па гэтым пытаньні няма. А што тычыцца прэцэдэнтаў прадстаўніцтваў Чачэніі, то ёсьць місыя ў Галяндыі. Ініцыятыва, наколькі я ведаю, ішла ад мясцовых уладаў, і пазыцыя МЗС пры гэтым ня ўлічвалася. У краінах СНД такіх выпадкаў не зафіксавана. Чаму нельга самастойна вырашыць пытаньне асобна беларускім бокам? — я кампэтэнтна растлумачыць не магу. Але калі зьявіцца адпаведная інфармацыя, мы абавязкова выставім яе на нашым сайце”.

Тым часам і беларускія, і расейскія палітолягі мяркуюць, што верагоднасьць адкрыцьця чачэнскага прадстаўніцтва ў Беларусі невялікая. Аргумэнтуюць гэта і захопам закладнікаў у Маскве, і канфэрэнцыяй чачэнцаў сьвету, што гэтымі днямі адбываецца ў Даніі.
XS
SM
MD
LG