Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“РАСЕЯ МОЖА ПЕРАТВАРЫЦЦА Ў АГРОМНІСТЫ ІЗРАІЛЬ”


Юры Дракахруст, Прага

Захоп закладнікаў у Маскоўскім тэатры стаў у адзін шэраг зь нядаўнімі выбухамі ў Інданэзіі, тэрактамі на Філіпінах, акцыямі тэрарыстаў-самагубцаў у Ізраілі.

Цяжка сказаць, ці спадзяваліся арганізатары захопу закладнікаў ў Маскве, што расейскі ўрад выканае іх патрабаваньні. Пры цяперашняй расейскай ўладзе Будзёнаўск ня мог паўтарыцца. І варта адзначыць, што ў дадзеным выпадку расейскі ўрад мала чым адрозьніваецца ад ўрадаў іншых краінаў. Калі пасьля тэрарыстычнага нападу на Амэрыку Ўсама Бін Ладэн патлумачыў, што калі амэрыканцы сыйдуць з Кувэйту і Савудаўскай Арабіі, то працягу тэрору ня будзе, ягоную прапанову ніхто ў Амэрыцы нават не разглядаў. Урад Ізраілю, які мае, бадай, самы багаты і самы сумны досьвед змаганьня з тэрорам, прынцыпова не вядзе перамовы з захопнікамі закладнікаў.

Захоп закладнікаў ставіць урад краіны перад трагічнай дылемаю: ратаваць сваіх людзей трэба і ўратаваць немагчыма, бо саступка захопнікам, тым больш зьмена пад іх ціскам дзяржаўнай палітыкі азначае фактычна ліквідацыю самой дзяржавы.

Ня выключана, што падзеі ў маскоўскім тэатры сталі далёкім рэхам саступкі падчас крызысу ў Будзёнаўску – калі шляхам захопу закладнікаў можна было прымусіць саступіць тады, то чаму нельга зараз?

Варта адзначыць, што вядучыя дзяржавы сьвету ўсталі ў гэтай сытуацыі на бок расейскіх уладаў, нягледзячы на велізарныя страты сярод закладнікаў. Прэсавы сакратар прэзыдэнта ЗША падкрэсьліў, што і загіблыя закладнікі, і расейскі ўрад сталі ахвярамі. Усю адказнасьць ён усклаў на тэрарыстаў, а міністар Італіі ў справах Эўразьвязу Рока Бутыльёнэ заявіў: “Нельга саступаць тэрарыстам. Ніколі. Закладнікі, што загінулі ў выніку атручаньня, забітыя тэрарыстамі, а ня Пуціным” – лічыць італьянскі ўрадовец.

Гэтыя ацэнкі былі настолькі салідарнымі яшчэ і таму, што ніхто ня можа гарантаваць, што заўтра, так бы мовіць, у скуры Пуціна не апынецца любы зь лідэраў вядучых дзяржаваў сьвету.

Наступствам крызысу з закладнікамі стаў канфлікт паміж Расеяй і Даніяй. Дацкія ўлады дазволілі правесьці ў Капэнгагене кангрэс чачэнцаў, сярод якіх нямала прыхільнікаў супраціву. МЗС Расеі адрэагаваў гэты дазвол надзвычай рэзка, падкрэсьліўшы, што ўдзельнікі кангрэсу – “пасобнікі тэрарыстаў”. Масква заявіла, што калі чачэнскі кангрэс у Капэнгагэне пройдзе, Расея ня прыме ўдзелу ў саміце Эўразьвязу, які мусіць адбыцца таксама ў дацкай сталіцы. Аднак Данія не саступіла, а кіраўніцтва Эўразьвязу вырашыла перанесьці саміт Зьвязу з Даніі ў Бэльгію, у Брусэль.

Калі захопнікі закладнікаў хацелі паспрыяць спыненьню вайны, то яны дасягнулі адваротнага, парынамсі, у кароткатэрміновай пэрспэктыве. Магчымасьць перамоваў зараз стала больш сумнеўнай, бо ў гэты момант нават перамовы выглядаюць саступкаю ўжо забітым захопнікам. А той факт, што яны прымушалі закладнікаў тэлефанаваць сваім родным і заклікаць іх выходзіць на антываенныя дэманстрацыі, у маральным сэнсе абясцэньвае і самыя шчырыя пратэсты супраць вайны.

Тым ня менш, крызыс з закладнікамі высьветліў сапраўдную цану чачэнскай вайны. Гэтая цана – пагроза жыцьцю ня толькі салдатаў на далёкім поўдні, але і кожнага расейца, у тым ліку і ў сталіцы. Як адзначыў адзін антываенны актывіст, Расея можа ператварыцца ў агромністы Ізраіль. Прыклад Ізраілю тут дарэчы – ізраільскае грамадзтва гатовае плаціць штодзённую крывавую плату за тое, што лічцыць сваім нацыянальным інтарэсам. І ў цяперашні момант, калі закладнікі вызваленыя, а іх захопнікі забітыя, расейскае грамадства можа ўзважыць, ці варта плаціць гэтую цану і ў чым палягае ў Чачні яго нацыянальны інтарэс.

Яшчэ некалькі словаў пра пэрспэктывы расейска-чачэнскага ўрэгуляваньня. Кіраўнік групы захопнікаў Маўсар Бараеў заявіў, што падпарадкоўваецца чачэнскаму лідэру Аслану Масхадаву. У той жа час сам Масхадаў заявіў, што асуджае любыя дзеяньні, накіраваныя супраць цывільнага насельніцтва, і лічыць непрымальным тэрарыстычны мэтад вырашэньня якіх бы то ні было праблемаў. Разам з тым, на што зьвяртаюць увагу расейскія выданьні, з вуснаў чачэнскага лідэра не прагучала закліку да Бараева і ягоных людзей вызваліць закладнікаў. У гэтай сытуацыі захоп закладнікаў у Маскве сапраўды стаў ударам па палітычных пазыцыях Аслана Масхадава: ці ён кантралюе чачэнскіх шахідаў і тады падзяляе адказнасьць за захоп закладнікаў, ці ён не кантралюе іх, што зьніжае яго вагу як партнэра ў магчымых перамовах з Масквою.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG