Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ПЫТАНЬНІ ФІНАНСАВАЙ ІНТЭГРАЦЫІ БЕЛАРУСІ Й РАСЕІ ПРАГРЭСУ НЯМА


Міхал Стэльмак, Менск

Як паведаміў Пётар Пракаповіч, фінансавая інтэграцыя стрымліваецца Масквой. Гэта пацьвердзіла чарговае паседжаньне Міжбанкаўскай валютнай рады, якое адбылося ў мінулую суботу ў Менску. Як заяўляюць беларускія чыноўнікі, адказна да перамоваў пра адзіную валюту ставіцца толькі беларускі бок.

Паводле Пракаповіча, расейская дэлегацыя на чале са старшынём Цэнтральнага банку Сяргеем Ігнацьевым ніякіх новых ініцыятываў у Беларусь не прывезла:

(Ігнацьеў: ) “Мы канстатавалі, што, на жаль, такіх дакумэнтаў няма з боку Расейскай Фэдэрацыі. Таму быў абмеркаваны толькі беларускі падыход у пытаньні ўвядзеньня адзіных грошай і эмісійнага цэнтру. Расейскі бок адзначыў, што ў яго ёсьць іншы погляд на гэтае пытаньне”.

Пётар Пракаповіч выказаў крытычнае стаўленьне да ініцыятываў расейскіх палітыкаў, чые фінансавыя ініцыятывы разыходзяцца са зьместам саюзнай дамовы. На паседжаньні Міжбанкаўскай валютнай рады ішла гаворка і пра ініцыятыву расейскага прэзыдэнта паскорыць інтэграцыю.

Нагадаем, Уладзімер Пуцін выказаўся за ўвядзеньне адзіных грошай з 1 студзеня 2004 году. Аднак беларускі бок лічыць гэтую ініцыятыву нясвоечасовай. Вось што патлумачыў на гэты конт нашаму радыё Пётар Пракаповіч:

(Пракаповіч: ) “Што тычыцца прапановы Ўладзімера Ўладзімеравіча Пуціна і расейскага боку пра ўвядзеньне адзіных грошай раней чым плянавалася, то Беларусь ня супраць. Але гэта будзе залежаць ад таго, ці будуць выкананыя астатнія пагадненьні паміж нашымі краінамі”.

Між тым, як вынікае з тлумачэньня старшыні Нацбанку, Масква якраз і ігнаруе гэтыя пагадненьні. У прыватнасьці, як заявіў Пракаповіч, Расея ўсё яшчэ не стварыла для беларускіх прадпрыемстваў умовы гаспадараньня, аднолькавыя з расейскімі. Па-другое, расейскім бокам ня створаныя роўныя ўмовы для грамадзянаў у саюзнай дзяржаве. Ён падкрэсьліў, што беларусы ў Расеі пачуваюцца іншаземцамі.
XS
SM
MD
LG