Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У РАЁНАХ, ЯКІЯ ПАЦЯРПЕЛІ АД ЧАРНОБЫЛЬСКАЙ КАТАСТРОФЫ, СКАРАЧАЕЦЦА СФЭРА МЭДЫЦЫНЫ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць

Мэдыкі ў чарнобыльскіх раёнах мяркуюць, што ў сёньняшніх варунках цяжка забясьпечыць насельніцтву, якое пацярпела ад радыяцыйнай катастрофы, якаснае мэдычнае абслугоўваньне — паўнавартасныя абсьледаваньні, лячэньне і прафіляктыку.

Пасьля ліквідацыі радзільнага аддзяленьня ў Краснапольскім раённым шпіталі цяжарныя жанчыны будуць плянава езьдзіць у суседні Чэрыкаў за 30 кілямэтраў альбо на сваім транспарце за сотню кілямэтраў у Магілёў.

Нараджальнасьць у Краснапольскім раёне — сярэдняя ў Магілёўскай вобласьці, ня менш за сто родаў на год. Аднак у аблвыканкаме прынялі плян скарачэньня ложкавага фонду, і каб яго выканаць, у Краснапольлі ліквідавалі радзільнае аддзяленьне. Суткі каштавалі там 26 тысяч рублёў, у межах рэформы трэба было скараціць выдаткі.

У шпіталі падкрэсьліваюць, што ліквідацыя радзільні — гэта вымушаная мера. Больш за тое, мэдыкам загадалі скараціць яшчэ 17 месцаў. Між тым на Краснапольшчыне, якая моцна пацярпела ад Чарнобыльскай аварыі, няма ніводнага сельскага шпіталю, і ўсе людзі зь вёсак едуць па мэдычную дапамогу ў раённы цэнтар.

У суседнім Касьцюковіцкім раёне таксама патрабавалася скараціць колькасьць месцаў у стацыянарах. Дзеля гэтага быў ліквідаваны сельскі ўчастковы шпіталь на 30 ложкаў, і замест яго ўтвораная амбуляторыя, на ўтрыманьне якой трэба менш сродкаў.

У Чэрыкаўскім раённым шпіталі скарацілі тэрапэўтычнае аддзяленьне на 20 месцаў. Гэта было сацыяльнае аддзяленьне, дзе ўтрымліваліся старыя адзінокія людзі.

Фінансаваньне мэдычнай сфэры чарнобыльскіх раёнаў Магілёўшчыны сёлета было прадугледжанае крышку большае за іншыя сельскія раёны.

Тым ня менш, грошай, паводле цьверджаньня мэдыкаў, хапае толькі на сьціплыя заробкі, і часткова — на лекі ды харчаваньне. Недастаткова сродкаў на якаснае правядзеньне мэдаглядаў насельніцтва, якое жыве і працуе на забруджаных радыяцыяй тэырыторыях, а таксама на прафіляктыку захворваньняў.

Аднак усе нарматывы — скарачэньне выдаткаў і разьвіцьцё платных паслугаў у райцэнтрах — застаюцца агульнымі для ўсіх раёнаў, у тым ліку і для тых, якія пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG