Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК МУСІЎ КІРАЎНІК БЕЛАРУСКАЙ ДЗЯРЖАВЫ РЭАГАВАЦЬ НА ПАДЗЕІ Ў МАСКВЕ?


Ганна Соўсь, Менск

Аляксандар Лукашэнка працягвае свой афіцыйны візыт на Ўсход. У суботу, якраз пасьля штурму тэатральнага цэнтру ў Маскве, ён выляцеў у Бахрэйн, а сёньня знаходзіцца з афіцыйным візытам у Кувэйце. Адметна, што ўкраінскі прэзыдэнт Леанід Кучма перапыніў свой афіцыйны візыт у Харватыю пасьля таго, як стала вядома, што сярод закладнікаў былі грамадзяне Ўкраіны.

Ці ня мусіў быў і Аляксандар Лукашэнка адкласьці свае візыты ў сувязі з тым, што сярод закладнікаў былі грамадзяне Беларусі? З гэтым пытаньнем я зьвярнулася да мінакоў на менскіх вуліцах.

(Спадар: ) “Думаю, што павінен быў адкласьці, таму што там былі нашыя грамадзяне”.

(Спадарыня: ) “Ён павінен быў, як і ўсе прэзыдэнты, падтрымаць Расею, і гэтым паказаць, што ён хоча аб’яднаньня з Расеяй. Бяда ў людзей была, і ўвесь народ перажываў, толькі Лукашэнка адзін не перажываў. Ён паехаў у такія краіны, дзе таксама мусульмане. Мяркую, што ён павінен быў застацца”.

(Спадар: ) “Проста магчымасьці Рыгоравіча... Яго далей за Віцебскую вобласьць не пускаюць... Думаю, каб ён туды не паехаў, дык не паехаў бы нікуды ў блізкім часе”.

(Спадарыня: ) “Я мяркую, што спадар прэзыдэнт мае свае нейкія думкі наконт гэтага візыту, якія нам зусім невядомыя”.

(Спадар: ) “Мы вельмі далёкія ад сучаснай палітыкі, Лукашэнка не зьяўляецца тым чалавекам, які можа ўзначальваць дзяржаву, і таму мне абсалютна нецікава, што ён і якім чынам робіць”.

Многія мае суразмоўцы меркавалі, што спыняць афіцыйны візыт у Бахрэйн і Кувэйт Лукашэнку было ня варта.

(Спадар: ) “Я думаю, што падзеі ў Маскве ніякім чынам не кранаюць нашыя інтарэсы. Наколькі я ведаю, каля дзесяці нашых людзей былі ахвярамі гэтага тэракту. Так што з нагоды гэтага ня трэба было адкладваць ніякіх афіцыйных візытаў, тым больш, што гэта прэзыдэнт”.

(Спадарыня: ) “Я мяркую, што гэта цяпер не мае значэньня. Людзі ўжо загінулі альбо не загінулі. Нам трэба выконваць свае справы згодна з плянам”.

(Спадар: ) “Там адна жанчына загінула. Не, для дзяржавы гэтага замала”.

(Другі спадар: ) “Я думаю, што Лукашэнка ня мае дачыненьня да гэтых падзеяў”.

(Трэці спадар: ) “Ён увогуле тут невінаваты. Тут вінаватая іхная расейскай палітыка. Шмат людзей паклалі дарма”.

(Спадарыня: ) “Не павінен быў адкладваць, таму што ў іх свой прэзыдэнт ёсьць, а ў нас свой. У нас асобная краіна”.

(Спадарыня: ) “Вы ведаеце, я кіеўлянка. Мяркую, што ён павінен быў тут застацца й вырашаць праблемы беларускіх грамадзянаў, якія пацярпелі”.

(Спадар: ) “Пуцін адклаў, другія адклалі. А Лукашэнка неяк некарэктна паступіў у дачыненьні да нацыі”.

(Спадарыня: ) “Кучма гэта Кучма, а Лукашэнка гэта Лукашэнка”.

(Спадар: ) “Ня варта было адкладваць візыт, бо гэта палічылі б палахлівасьцю”.

(Спадарыня: ) “А што, Кучма дапамог чым-небудзь украінскім закладнікам? Абсалютна нічым. Такое ж самае бязьдзеяньне”.

(Другая спадарыня: ) “Мы ня вельмі сачылі за тым, дзе наш Лукашэнка, а больш глядзелі па тэлебачаньні пра тое, што адбываецца ў Маскве”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG