Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АЛІНА ЖАСАН ПАЛЮБІЛА БЕЛАРУСКУЮ МОВУ


Валер Каліноўскі, Менск

Нягледзячы на ад’езд спадарыні Жасан, офіс АБСЭ ў Менску працягвае дзейнічаць, у ім застаецца сем беларускіх супрацоўнікаў і прыкамандаваныя са штаб-кватэры АБСЭ.

У інтэрвію Радыё Свабода Аліна Жасан паведаміла, што за чатыры гады працы ў Менску яна палюбіла беларускую мову, выдатна разумее яе і можа сказаць некалькі словаў:

(Жасан па-беларуску: ) “Шаноўныя беларусы, дзякую ўсім за сумесную працу! Мы яшчэ сустрэнемся!”

(Карэспандэнт: ) “Спадарыня Жасан! Які лёс місіі АБСЭ пасьля вашага ад’езду, ці ёсьць нейкае пэўнае меркаваньне ў вас і вашага кіраўніцтва?”

(Жасан: ) “Офіс застаецца, ён не зачыняецца на адміністратыўным узроўні — пакуль будуць ісьці кансультацыі, пакуль знойдуць рашэньне, якім ён павінен быць, ці прыедуць тыя ж людзі, што працавалі тут, з тым жа ці іншым мандатам.

А пакуль ня будзе гэтага рашэньня, у Менску застаецца офіс зь невялікай колькасьцю мясцовых супрацоўнікаў, якія будуць дзейнічаць пад кіраўніцтвам адміністратыўных супрацоўнікаў зь Вены, якія будуць прыяжджаць на ратацыйнай аснове — па два–тры тыдні. Такі парадак будзе да Новага году. Калі ж на той час будзе прынятае рашэньне, то мы ўсе будзем сьведкамі, што будзе далей”.

(Карэспандэнт: ) “Такім чынам, можна сказаць, што беларускія ўлады ўсё ж не дамагліся жаданага — аўтаматычнага закрыцьця місіі АБСЭ?”

(Жасан: ) “Не таму, што большасьць, амаль усе дэлегацыі ў АБСЭ супраць гэтага. Такога рашэньня пакуль не было, і я спадзяюся, што ня будзе, мы ўсе на гэта спадзяемся”.

(Карэспандэнт: ) “Спадарыня Жасан, куды вы накіроўваецеся заўтра і чым будзеце займацца далей?”

(Жасан: ) “Я ад’яжджаю ў Вену, у мяне кантракт з АБСЭ да канца гэтага году. У Вене я буду са сваімі калегамі: Мэган Фіцджэральд і Мішэлем Рывалье. Яны разам з Эбэргардам Гайкенам удзельнічаюць у перамовах зь беларускімі ўладамі, кансультуюць кіраўніцтва АБСЭ. А спадар Рывалье да гэтага часу выконвае абавязкі кіраўніка місіі. Што будзе пасьля новага году — залежыць ад таго, якое рашэньне будзе прынятае”.

(Карэспандэнт: ) “Ці засталіся ў Беларусі ў вас сябры, зь якімі будзе ахвота сустрэцца ізноў?”

(Жасан: ) “Вядома, іх вельмі шмат... Я толькі сёння атрымала афіцыйнае паведамленьне, што мне не працягнутая акрэдытацыя, і, натуральна за паўтара дня немагчыма зрабіць усё, што трэба: сабрацца, упакавацца, і разам з гэтым так шмат сяброў, так шмат людзей тэлефануюць, каб разьвітацца, запрашаюць прыяжджаць зноў…

Шчыра кажучы, я толькі гэтым займаюся сёньня, у мяне нават няма фізычнай магчымасьці скласьці рэчы. Тым ня менш, я вельмі радая гэтаму, спакавацца можна і ноччу. Але з тымі людзьмі, якія былі са мной, дапамагалі мне тут, у каго я вучылася, трэба пагаварыць і разьвітацца па-людзку, хаця мне беларускія ўлады нават не далі такой магчымасьці”.
XS
SM
MD
LG