Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСЕЙСКАЯ АМБАСАДА Ў БЕЛАРУСІ ЖАЛОБНЫХ МЕРАПРЫЕМСТВАЎ НЕ ПЛЯНУЕ


Ігар Карней, Менск

Ідучы да будынку расейскай амбасады, чакаў убачыць нешта падобнае да таго, што было год таму ля дыпляматычнага прадстаўніцтва ЗША: людзей, якія тады прыйшлі выказаць спачуваньні загінулым у выніку тэрактаў 11 верасьня, кветкі, кнігу смутку, урэшце, супрацоўнікаў амбасады, якія асабіста выслухоўвалі б словы маральнай падтрымкі.

Сёньня ля цэнтральнай брамы расейскай амбасады ляжаў адзін сьціплы букецік з чатырох гвазьдзікоў, а дзяжурны міліцыянт параіў паехаць у консульскі аддзел — маўляў, можа там больш ажыўлена. Што тычыцца самой амбасады, то пра жалобу, абвешчаную сёньня ў Расеі, нагадваў толькі прыспушчаны сьцяг.

У самой амбасадзе распавялі, што праводзіць адмысловыя мерапрыемствы з нагоды чалавечых стратаў сэнсу ня бачаць. Як выказаліся сёньня некаторыя калегі-журналісты, у расейскім прадстаўніцтве, магчыма, чакаюць іншага — віншавальных тэлеграмаў з нагоды апэрацыі спэцслужбаў, якую ўлады лічаць бліскуча праведзенай. Вось што я пачуў ад супрацоўніцы расейскай амбасады:

(Супрацоўніца расейскай амбасады: ) “Нічога падобнага ў нас не плянуецца: ня будзе ні кнігі смутку, нічога астатняга. Хто хоча выказаць спачуваньні, можа адправіць тэкст па факсе 250-36-64”.

Вяртаючыся ад будынку расейскай амбасады, я адмыслова прайшоўся побач зь месцамі, дзе адбываюцца найбольш масавыя культурныя мерапрыемствы — Палацам рэспублікі і Нацыянальным тэатрам опэры і балету. Зьнешне нічога не паказвала на ўзмоцнены рэжым працы аховы ці міліцыі. Па-ранейшаму па Кастрычніцкай плошчы ходзіць адзін дзяжурны міліцыянт, а ля опэрнага тэатру людзей у пагонах няма наогул.

У Міністэрстве культуры, якое ёсьць куратарам усіх канцэртных пляцовак, рэальнай небясьпекі для жыцьця гледачоў ня бачаць, і пытаньне дадатковых мераў перасьцярогі пакуль нават не ўздымалася. Гаворыць кіраўнік аддзелу мастацтваў Міністэрства культуры Барыс Лазука:

(Лазука: ) “Я ня думаю, што рэальная пагроза існуе. Хоць зь іншага боку — хто думаў, што падобнае здарыцца ў Маскве. Мы да Чачэніі, да пытаньняў унутранага жыцьця Расеі ці наогул ня маем адносінаў, ці маем іх ускосна. Мы падтрымліваем кантакты выключна ў галіне культуры”.

Зрэшты, і сама публіка ня вельмі верыць, што падзеі ў Маскве нейкім чынам могуць паўтарыцца ў Беларусі. У тэатральных касах няма ніводнага выпадку, каб хтосьці з гледачоў вярнуў набыты квіток на канцэрт ці спэктакль. Вось што распавяла старэйшая касірка тэатру Янкі Купалы ў Менску спадарыня Леакадзія:

(Леакадзія: ) “Міліцыя і да гэтых падзеяў у нас была, тэатар ахоўваўся. Міліцыянты ўзброеныя, сядзяць ля службовага ўваходу. Толькі калі захопнікі ўварвуцца праз глядзельную залю, калі гледачоў запускаем. Вось гэта цалкам магчыма: ну што можа супрацьпаставіць ахоўнік? Натуральна, ён іх не затрымае. Але гледачы не баяцца, і ніхто вокам не міргнуў, маўляў, страшна. Беларусы нічога не баяцца — на міны пойдуць”.

Супрацоўнікі адміністрацыяў іншых тэатраў паведамілі, што службы аховы працуюць у ранейшым рэжыме. Адзінае выключэньне — нядаўні юбілейны вечар кампазытара Сяргея Картэса, які адбыўся ў Нацыянальным тэатры опэры і балету. Кіраўнік службы аховы тэатру распавёў, што паводле ініцыятывы Цэнтральнага РАУС сталіцы ў будынку тэатру знаходзіліся дадатковыя міліцэйскія сілы.
XS
SM
MD
LG