Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УДЗЕЛЬНІКАЎ ПІКЕТУ СУПРАЦЬ ІНТЭГРАЦЫІ З РАСЕЯЙ ПАКАРАЛІ ВЯЛІКІМІ ШТРАФАМІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Спадары Севярынец, Мацкойць і спадарыня Лазарчык былі затрыманыя міліцыяй у сераду, каля менскага Міжнароднага адукацыйнага цэнтру, дзе ў той час праходзіла канфэрэнцыя, прысьвечаная г.зв. новай расейска-беларускай інтэграцыі. Яны ўдзельнічалі ў пікеце, арганізаваным Маладым Фронтам і Партыяй свабоды.

Пікетоўцы хацелі прадэманстраваць удзельнікам канфэрэнцыі й расейскім гасьцям, што ў Беларусі ёсьць сілы, якія ня хочуць ніякага аб’яднаньня з Расеяй.

Міліцыянты абвінавацілі затрыманых у арганізацыі недазволенай акцыі й у той жа дзень адвезьлі іх у суд. Але Павал Севярынец, а таксама муж і жонка Мацкойць і Лазарчык запатрабавалі адваката. Разгляд іх справаў судзьдзя Дзьмітры Антаневіч перанес на сёньня, а яшчэ аднаго пікетоўца Ільлю Ядранцава пакараў трохсутачным арыштам. (У суботу ён ужо выйшаў на волю.)

Сёньня судзьдзю Антаневіча найперш цікавіла, навошта затрыманыя арганізавалі пікет і чаму не падпарадкаваліся патрабаваньням міліцыянтаў разысьціся. Павал Севярынец, Сяргей Мацкойць і Алена Лазарчык ад удзелу ў пікеце не адмаўляліся, але заявілі, што закон не парушалі, бо тэрыторыя Міжнароднага адукацыйнага цэнтру мае экстэрытарыяльнасьць, і таму браць дазвол на правядзеньне там мерапрыемстваў ня трэба. Дзьмітры Антаневіч доўга ўгаворваў Алену Лазарчык прызнаць віну й папрасіць прабачэньня, але безвынікова. На гэтым разьбіральніцтва й скончылася.

У выніку Павал Севярынец, які цягам году ня раз прыцягваўся да адміністратыўнай адказнасьці, аштрафаваны на 1 мільён 665 тысяч рублёў, а Сяргей Мацкойць і Алена Лазарчык, якія маюць малых дзяцей, на 222 тысячы.

Павал Севярынец так пракамэнтаваў судовае рашэньне:

(Севярынец: ) “Гэта паказвае на тое, што рэжым Лукашэнкі мяняцца не зьбіраецца. Ён па-ранейшаму карае за лёзунгі “Не — саюзам з Расеяй!” і “Беларусь у Эўропу!” Дарагавата яны каштуюць, па нашых мерках. Але мы будзем працягваць і гэтыя пікеты, і гэтыя акцыі, і будуць гучаць гэтыя лёзунгі далей”.

А вось камэнтар Сяргея Мацкойця:

(Мацкойць: ) “Усім зразумела, што ні ўлады, ні Лукашэнка, ні нейкія трэція сілы, якія існуюць у Беларусі — ім незалежнасьць гэтая не патрэбная. Гэта для іх проста тавар. Ад майго ўдзелу, натуральна, нічога ня зьменіцца, але калі б людзі больш выходзілі на такія акцыі, мы б здолелі забясьпечыць ня толькі сваю будучыню, але й будучыню нашых дзяцей”.

А ягоная жонка ні аб чым не шкадуе й будзе надалей удзельнічаць у падобных акцыях:

(Лазарчык: ) “Я вельмі задаволеная, што ўзяла ўдзел у гэтай акцыі. Я заўсёды падтрымлівала незалежнасьць Беларусі, заўсёды выступала супраць саюзу з Расеяй. Таму я ні пра што не шкадую і буду працягваць такую дзейнасьць надалей”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG