Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ІСНУЕ Ў БЕЛАРУСІ КАРНАЯ ПСЫХІЯТРЫЯ?


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Чаму ў сёньняшняй Беларусі магчыма выкарыстоўваць псыхушкі ў рэпрэсіўных мэтах?

Намесьнік старшыні Беларускага Гельсынскага камітэту Гары Паганяйла распавёў пра вядомы яму выпадак беспадстаўнага зьмяшчэньня аднаго былога вайскоўца ў псыхіятрычны шпіталь:

(Паганяйла: ) “Я не выключаю, што сьледзтва разам з судом і псыхіятрычнай службай схавалі чалавека ў псыхушку. Таму што ён доўгі час знаходзіўся пад вартай, але доказаў ягонай віны не знайшлося, а на што сьпісваць гэтае ўтрыманьне, калі доказаў віны не стае?”

Прычым згаданая гісторыя адносіцца не да савецкага часу, яна адбылася ў нашыя дні і яшчэ не завершаная. Праваабаронцы працягваюць змагацца за тое, каб чалавек, прызнаны лекарамі здаровым, выйшаў з псыхушкі на волю.

Гары Паганяйла кажа, што толькі ў Беларусім Гельсынскім камітэце штогоду вядзецца дзьве–тры справы аб незаконным псыхіятрычным перасьледзе грамадзянаў. На яго думку, ва ўсёй Беларусі падобных выпадкаў значна больш. І гэта дазваляе праваабаронцам сьцьвярджаць, што карная псыхіятрыя ў краіне дагэтуль існуе.

Найчасьцей злоўжываць сваім службовым становішчам сьледчыя, сьцьвярджае Гары Паганяйла і прыводзіць як прыклад зьмяшчэньне ў псыхушку былога дырэктара аб’яднаньня “Атлянт” Леаніда Калугіна:

(Паганяйла: ) “Сам сьледчы вырашыў, што неабходна Калугіна зьмясьціць у псыхушку для высьвятленьня — здаровы ён ці хворы. Ня маючы ні мэдыцынскіх зьвестак, ні іншых падставаў. У выніку падабароннаму была нанесеная вялікая маральная траўма, да таго ж на гэты час ён ня мог бачыцца з адвакатам, ня мог рыхтавацца да будучага працэсу, працаваць з дакумэнтамі сваёй справы, бо там ён такой магчымасьці быў пазбаўлены”.

Пры гэтым Гары Паганяйла адзначае, што зусім неабавязкова за выпадкамі падобных рэпрэсіяў праз псыхушкі стаяць вялікія начальнікі, слова якіх — закон для іхных падначаленых. Спакуса паквітацца з чалавекам, які ў нечым вінаваты ці падаецца вінаватым, зьяўляецца і ў дробных кіраўнікоў. На жаль, даволі часта такой магчымасьцю карыстаюцца. Вось выпадак, пра які распавядае наш карэспандэнт Севярын Квяткоўскі:

(Квяткоўскі: ) “Пэнсіянэрка райцэнтру Любань Тацяна Батава спрабуе давесьці незаконнасьць дзеяньняў псыхіятра раённай паліклінікі Андрэя Ладуцькі. Яшчэ ўлетку лекар прымусова скіраваў спадарыню Батаву ў рэспубліканскі псыхдыспансэр “Навінкі”. Пакуль дзяржаўныя структуры не камэнтуюць сытуацыю, мы маем магчымасьць даведацца вэрсію пацярпелай.

Канфлікт усчаўся яшчэ да сумнага знаёмства Тацяны Батавай з Андрэем Ладуцькам. На пачатку лета Батава зрабіла заўвагу сваёй суседцы, Ганьне Лагун, якая разам з сынам і нявесткай расьпівала сьпіртныя напоі проста на вуліцы. Вынікам заўвагі сталася зьбіцьцё пэнсіянэркі. Толькі ў сярэдзіне кастрычніка адна з суседак наважылася паведаміць сьледчаму пракуратуры, тое, што бачыла. Кажа Тацяна Батава:

(Батава: ) “Яна расказала, як было, як бачыла яна: як мяне цягнулі ў сарай, як запхалі, як білі... Баяліся падысьці да мяне тады ўсе. Я прасіла: “Памажыце, людзі, ратуйце!” А яна мне валасы пачала вырываць. Я тады думала: усё, мне будуць канцы”.

Мясцовая міліцыя праігнаравала заяву грамадзянкі Батавай пра напад і зьбіцьцё. А неўзабаве спадарыня Тацяна зьведала яшчэ адзін гвалт — з боку псыхіятра Андрэя Ладуцькі. Гэта адбылося на працоўным месцы ў Доме культуры, дзе Батава працуе бугальтаркай:

(Батава: ) “Я налічала пэдагогам адпачынкі. Ён мяне вырваў — з-пад ведамасьцяў асадка выпала. Схапіў... Чаму ён агрэсіўны быў, псыхіятар? Яна там працуе — у месцы, дзе ён жыве. Побач яны там!”

Спадарыня Батава долькі здагадваецца пра матыў Ладуцькі й прычыны ягонай агрэсіі. Пацярпелая распавядае, што спачатку нават не зразумела, што ёй паставілі псыхіятрычны дыягназ, а не арыштавалі:

(Батава: ) “Я ж думала, мо мяне вязуць у які ізалятар сьледчы. А пасьля гляджу — у “Навінкі” прывезьлі. Лекары ж там бачылі, гавораць: “Божа мой, каго яны прывезьлі! Толькі ў Любані могуць так рабіць”. Далі бальнічны мне. Я на працы нават сама налічвала яго”.

У афіцыйным адказе на скаргу любаньская пракуратура зазначыла, што складу злачынства ў дзеяньнях Ладуцькі ня выявіла, але ўсё ж “нетактоўнаыя паводзіны разабраныя ў калектыве. Лекару ўказалі на недапушчальнасьць грубага стаўленьня да пацыента”.

Толькі на пачатку бягучага тыдня любаньская пракуратура занялася-такі справай Батавай — па факце зьбіцьця — і выклікала аднаго з трох сьведак здарэньня. Але Тацяна Батава настойвае найперш на тым, каб завялі справу на псыхіятра Андрэя Ладуцьку”.


Камэнтуючы гэты выпадак, адвакат Гары Паганяйла заўважыў, што за мінулыя гады ўсё ж быў створаны пэўны мэханізм абароны ад выкарыстаньня псыхіятрыі ў карных мэтах. Быў прыняты закон, паводле якога зьмясьціць чалавека ў псыхушку магчыма толькі праз суд. Гэты закон і спрацаваў у выпадку, пра які распавёў карэспандэнт Севярын Квяткоўскі, інакш жанчына і цяпер знаходзілася б у псыхушцы, лічыць праваабаронца.

Але спадар Паганяйла дадае, што закон мае шмат недасканаласьцяў, якія дазваляюць нядобрасумленным сьледчым, дактарам ці нават судзьдзям яго абыходзіць. Гэтыя хібы трэба выпраўляць на заканадачым узроўні. А галоўнае, на думку Гары Паганяйлы, практыка зьмяшчэньня людзей у псыхіятрычныя лякарні мусіць быць максымальна празрыстай для грамадзкасьці. Пакуль жа падобныя справы вырашаюцца паўсакрэтна, што і прыводзіць да драматычных памылак, мяркуе адвакат.


* * *
Пры канцы традыцыйна нагадаю асноўную навіну тыдня ў справах зьніклых беларускіх апазыцыянэраў. Ёй можна лічыць слуханьні ў нацыянальным сходзе пытаньня пра стан злачыннасьці. Падчас гэтай дыскусіі дэпутаты плянавалі запытацца ў кіраўнікоў праваахоўчых ведамстваў пра вынікі расьсьледаваньняў справаў Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадзкага. Але ні генэральны пракурор Шэйман, ні міністар унутраных справаў Навумаў на слуханьні не зьявіліся. І гэтак выразна паказалі сваю пазыцыю, лічаць некаторыя дэпутаты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG