Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСЕЙСКАЕ ГРАМАДЗТВА ЖОРСТКА ПАДЗЯЛЯЕЦЦА НА ДВА ЛЯГЕРЫ


Гутарыў Сяргей Абламейка

(Вядучы: ) “Віктар, што адбываецца на гэты момант каля Тэатральнага цэнтру, у якім утрымліваюцца закладнікі?”

(Дзятліковіч: ) “Галоўная навіна апошняй гадзіны – гэта тое, што тэрарысты дазволілі прынесьці закладнікам ежу і ваду. Цягам апошняй гадзіны тры чалавекі невялікімі порцыямі прыносяць гэтую ежу і ваду.

Сёньня былі вызваленыя 15 закладнікаў. 7 дарослых былі вызваленыя вельмі рана, а недзе апоўдні былі вызваленыя яшчэ 8 дзяцей ад 8 да 12 гадоў. Усё гэта рабілася намаганьнямі Чырвонага Крыжа і некаторых афіцыйных прадстаўнікоў Расеі”.

(Вядучы: ) “Магчыма, сярод вызваленых былі грамадзяне Беларусі?”

(Дзятліковіч: ) “Не, грамадзянаў Беларусі сярод вызваленых не было, хаця зранку зьявілася інфармацыя, што недзе а 9-ай гадзіне будуць вызвалены ўсе закладнікі, якія не зьяўляюцца грамадзянамі Расеі. Дзеля гэтага каля ўваходу ў будынак павінны былі знаходзіцца прадстаўнікі дыпляматычных місіяў тых краінаў, грамадзяне якіх знаходзяцца ў будынку. Але дыпляматы спазьніліся прыкладна на 15 хвілінаў, і гэта парушыла ўсе пляны, чачэнцы сказалі, што яны ня вызваляць закладнікаў. Адзінай вызваленай замежнай грамадзянкай была 9-гадовая дзяўчына, якая выйшла разам з расейскімі дзецьмі. Усе астатнія замежныя грамадзяне засталіся ў будынку ў якасьці закладнікаў.

(Вядучы: ) “Ці вядома нешта пра пляны сілавых структураў Расеі адносна вызваленьня закладнікаў?”

(Дзятліковіч: ) “Нічога не вядома пра гэтыя пляны, і гэта зразумела - гэта цалкам сакрэтная інфармацыя, і калі нават і прапрацоўваюцца нейкія варыянты штурму будынку, то зразумела, што каб не ствараць небясьпекі для жыцьця і здароўя закладнікаў гэтыя пляны ня будуць раскрывацца. Удзень зьявілася інфармацыя, што калі тэрарысты заўважаць нейкае перасоўваньне вайсковай тэхнікі вакол будынку, то яны пачнуць расстрэльваць закладнікаў, таму ваенныя і іншыя сілавыя структуры вядуць сябе вельмі асьцярожна”.

(Вядучы: ) “Учор зьявілася інфармацыя, што на маскоўскіх кірмашах не гандлююць “асобы каўкаскай нацыянальнасьці”. Ці заўважаеце вы ў Маскве сёньня прыкметы ксэнафобіі, нянавісьці да выхадцаў з Каўказу?”

(Дзятліковіч: ) “Мне вельмі цяжка іх заўважаць, бо я другія содні зь перапынкам на ноч знаходжуся тут, каля будынку, але я слухаю радыёстанцыі, і таксама празь нейкія выпадковыя сустрэчы з масквічамі магу сказаць, што ксэнафобскія настроі ў дачыненьні да грамадзянаў так званай “каўкаскай нацыянальсьці” павялічыліся. Але разам з тым павялічыліся і антываенныя настроі. Шмат людзей заклікае спыніць вайну ў Чачэніі. Такім чынам, расейскае грамадзтва жорстка падзяляецца на два лягеры – на тых, хто супраць вайны ў Чачэніі, і тых, хто заклікае да жорсткіх дзеяньняў. І ёсьць інфармацыя, што грамадзяне “каўкаскай нацыянальнасьці” стараюцца менш выходзіць на вуліцы з-за пагрозы гэтых ксэнафобскіх настрояў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG