Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕРАСЬЦЕЙСКАЯ МЫТНЯ АБВЯРГАЕ АБВІНАВАЧВАНЬНІ Ў НЕАХАЙНАСЬЦІ


Алег Супрунюк, Берасьце

У залі мытнага афармленьня грузаў, што дзейнічае на берасьцейскім чыгуначным вакзале, зараз пануе напружаная атмасфэра. Мытнікі ўзрушаныя зьместам паведамленьняў у сродках масавай інфармацыі пра інцыдэнт, што здарыўся на вакзале напрыканцы мінулага тыдня. Шэраговыя мытнікі выказваюць сваю нязгоду з абвінавачваньнямі на свой адрас, але ад камэнтараў адмаўляюцца, спасылаючыся на загад кіраўніцтва мытні.

Нагадаю, што некалькі дзён таму хуткі цягнік "Варшава – Масква" быў затрыманы ў Берасьці на 14 гадзінаў. Супрацоўнікі дэпартамэнту фінансавых расьсьледваньняў разам з памежнікамі правялі адмысловую апэрацыю, па выніках якой пасажыраў цягніка абавязалі сплаціць мытных пошлінаў на 144 з паловай тысячаў амэрыканскіх даляраў. Паводле словаў адказаных супрацоўнікаў дэпартамэнту, апэрацыя адбывалася ўжо пасьля працэдуры мытнага афармленьня цягнiка. Гэта дало падставы распачаць крымінальную справу паводле артыкулу 425-га – "Бязьдзейнасьць службовай асобы".

Выканаўца абавязкаў начальніка берасьцейскай мытні Канстанцін Руцкі сёньня абверг зьвесткі пра тое, што пошліны былі сплочаныя пасьля праверкі цягніка мытнікамі. Спадар Руцкі цьвердзіць, што на працягу 12 гадзінаў асабіста назіраў за мытным афармленьнем грузаў, і адбывалася гэтая працэдура пры ўдзеле ягоных падначаленых. Што тычыцца заведзенай крымінальнай справы, дык кіраўнік берасьцейскай мытні зьдзіўлены, што ў лік падазроных трапілі мытнікі, якiя ня мелі дачыненьня да афармленьня грузаў у гэтым цягніку. На пытаньне, ці было выпадковым, што адмысловая апэрацыя была праведзеная менавіта ў дачыненьні да польскага цягніка, Канстанцін Руцкі адказаў наступнае:

(Руцкі:) "Гэты цягнік быў увогуле выключным. Такого не было нават у тыя часы, калі ехала шмат расейскіх турыстаў. Уявіце сябе – у гэтым цягніку перавозілася 63 тоны тавару. Там 12 вагонаў, у двух зь іх тавару не было, а толькі ў астатніх дзесяці. Вось палічыце – па 6 тон тавару ў пасажырскім вагоне. Адсюль усе праблемы".

Паводле словаў спадара Руцкага, у мытнікаў былі зьвесткі пра тое, што буйную партыю тавару грамадзяне Расеі спачатку спрабавалі вывезьці з Польшчы праз аўтамабільныя памежныя пераходы, але машыны былі вернутыя на польскі бок мяжы. Таму расейцы вырашылі скарыстацца чыгуначным транспартам. Спадар Руцкі мяркуе, што інфармацыя пра гэтыя пляны зьявілася ў кантралюючых службаў, але замест скаардынаванай працы па прадухіленьню правозу кантрабанды, яны вырашалі дачакацца, як адрэагуе мытня. Кіраўніцтва берасьцейскай мытні не выключае, што зроблена гэта было наўмысна, каб пасьля абвінаваціць мытнікаў у недобрасумленасьці Канстанцін Руцкі сьцвярджае, што гэтыя абвiнавачаньнi не бянтэжаць мытнiкаў.

(Руцкі:) "Тавар працягвае ісьці, пасажыры разважаюць, як нас падмануць. Тавар дзеляць на дробныя партыі. У мяне ёсьць інфарамцыя, што гэта ўсё зноў рыхтуецца ў Польшчы. I я чакаю, калі наступны такі цягнік прыйдзе і трэба будзе прымаць меры. Таму ў мяне зараз больш гэтых клопатаў, i няма часу апраўдвацца. Будзе сьледзтва, яно ўсё раставіць на месца".

Сёньняшні дзень свайго візыту на Берасьцейшчыну кіраўнік беларускага ураду Генадзь Навіцкі цалкам прысьвяціў знаёмству з працай памежных пераходаў на польскім напрамку. Прысьвечаная гэтай тэме нарада адбылася за зачыненымi дзьвярыма. Але амаль няма сумненьняў, што на ёй узгадвалася i гiсторыя, звязаная з затрыманьнем польскага цягнiка.
XS
SM
MD
LG