Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<font color=CC0000 size=+0,3>АНОНС: ЯКІЯ ПЕРАДАЧЫ ПРАГУЧАЦЬ У НАШЫМ ЭФІРЫ Ў СУБОТУ І НЯДЗЕЛЮ</font>


Ул. інф.

“Суботні дыялёг”. 26 кастрычніка

Рэпрэсіі былі заўсёды. І ў савецкі час іх ахвярамі былі часьцей за ўсё навукоўцы. Найноўшая гісторыя Беларусі стваралася таксама навукоўцамі. Слухайце заўтра ў “Суботнім дыялёгу” ўспаміны археоляга Міхася Чарняўскага — аднаго з тых, каго савецкая ўлада называла “нацыяналістамі”.


"Праскі акцэнт". 27 кастрычніка

Захоп закладнікаў у Маскве адбыўся ўсьлед за скандальнай дэпартацыяй расейскіх парямэнтароў зь Менску. Пры ўсяе адрознасьці маштабу, абедзьве гэтыя падзеі апынуліся ў цэнтры ўвагі прэсы. На чым палягае драматызм гэтых падзеяў? Наколькі поўную і аб’ектыўную карціну ствараюць беларускія і расейскія мэдыі, і якую ролю адыгрывае ў цяперашняй сытуацыі незалежная прэса ў Беларусі?

Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць удзельнікі перадачы “Праскі акцэнт” палітоляг Аляксандар Патупа, кінасцэнарыст Уладзімер Халіп і журналіст Аляксандар Уліцёнак. Вядзе гутарку за круглым сталом Віталь Тарас.


“Вольная студыя”. 27 кастрычніка

Паэт Анатоль Сыс пры канцы 80-х гадоў праявіў сябе як яркая, харызматычная асоба, быў адным са стваральнікаў Таварыства маладых літаратараў “Тутэйшыя”. Неардынарны талент праяўляўся і ў неардынарных паводзінах. Аднойчы ледзь не дайшло да міжнароднага скандалу, калі паэт прачытаў міністру замежных справаў Расеі павучальны верш пра “расейскага мядзьведзя”. Цяпер Анатоль Сыс жыве пераважна ў сваёй роднай вёсцы Гарошкаў на Гомельшчыне, дзе кансультуе фальклярыстаў і дзе калісьці сабраў унікальную калекцыю зь сямідзесяці абразоў. Гутарку зь ім Міхася Скоблы слухайце ў нядзельнай “Вольнай студыі”.


“Беларускі Інтэрнэт”. 27 кастрычніка

Сеціва, бадай, найбольш апэратыўна зрэагавала на захоп закладнікаў у Маскве. У чарговай перадачы сэрыі “Беларускі Інтэрнэт”:

– Дзе прачытаць у Інтэрнэце аб’ектыўную інфармацыю пра сытуацыю вакол Чачні – інтэрвію з супрацоўнікам Паўночнакаўкаскай службы Радыё Свабоды.

– На гэтым тыдні хакеры атакавалі сэрвэры, якія адказваюць за доступ у Інтэрнэт ва ўсім сьвеце. Падобным чынам быў атакаваны і сайт Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі.

– Зьявіўся чарговы сайт для замежнікаў пра сытуацыю са свабодай слова ў Беларусі. Чэскі журналіст стварыў шматмоўную старонку, на якой – інфармацыя пра лёсы Міколы Маркевіча, Паўла Мажэйкі, Віктара Івашкевіча і шэрагу незалежных беларускіх газэтаў.

Перадачу падрыхтавала Вольга Караткевіч.
XS
SM
MD
LG