Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НІХТО ЗЬ БЕЛАРУСАЎ ПАДЧАС ШТУРМУ НЕ ЗАГІНУЎ


Гутарыў Сяргей Абламейка

(Дзятліковіч: ) “На гэты момант вядомыя лічбы, зьвязаныя с ранішнымі падзеямі: засталіся жывымі 750 закладнікаў, але 67 закладнікаў загінулі. Таксама былі забітыя чачэнцы, але зараз няма дакладнай лічбы. У афіцыйных паведамленьнях ФСБ казалася, што забітыя 30 чачэнцаў, але паводле апошняй інфармацыі, у будынку Палацу культуры, дзе ўтрымліваліся закладнікі, быццам бы знайшлі трупы 42 чачэнцаў, якія ўтрымлівалі закладнікаў. Вельмі складаная сытуацыя таксама з тымі людзьмі, якія засталіся ў жывых, фактычна ўсе яны знаходзяцца зараз у бальніцах, прычым ня менш за 100 чалавек зараз знаходзіцца ў рэанімацыі. Па пэўных зьвестках, большасьць ад іх пакутуюць ад атручаньня невядомым газам, які быў ужыты падчас штурму. Такім чынам, колькасьць ахвяраў штурму можа быць большаю, чым тая, што называецца зараз – 67 чалавек”.

(Вядучы: ) “Ёсьць інфармацыя, што частка чачэнцаў, якія захапілі мірных людзей у будынку Тэатральнага цэнтру, уцякла...”

(Дзятліковіч: ) “Была такая інфармацыя, больш за тое, прадстаўнікі ФСБ абяцаюць нават нейкія грошы людзям, якія дадуць якую-небудзь інфармацыю пра чачэнцаў, якія быццам бы зьніклі з будынку. Ідзецца пра аднаго ці двух чалавек. Але ўсё ж такі, калі йдзецца пра чачэнцаў, якія засталіся на волі, ідзецца хутчэй за ўсё пра тых людзей, якія не былі ў будынку, а дапамагалі людзям, якія ўтрымлівалі закладнікаў, але дапамагалі звонку. Зараз гаворыцца пра тое, што ў захопнікаў былі саўдзельнікі, і Міністэрства ўнутраных справаў паведаміла, што ўжо затрымала 30 чалавек па-за межамі будынку, якія пэўным чынам каардынавалі дзеяньні тых людзей, якія ўтрымлівалі закладнікаў. ФСБ гаворыць пра тое, што адзін з саўдзельнікаў чачэнцаў, якія ўтрымлівалі закладнікаў, быў у амбасадзе адной з арабскіх краінаў. Такім чынам, фактычна ўлады Расеі прызналі, што адзін з саўдзельнікаў гэтых людзей – замежны дыплямат”.

(Вядучы: ) “Ці вядома што-небудзь пра лёс 10 грамадзянаў Беларусі, якія былі ў ліку закладнікаў?”

(Дзятліковіч: ) “Зараз вельмі складана пра гэта казаць, таму што вельмі мала інфармацыі паступае з бальніцаў. Каля ўсіх бальніцаў сабраліся вялікія натоўпы сваякоў людзей, якія зараз там знаходзяцца, але большасьць зь іх ня можа атрымаць інфармацыю пра тое, ці іхныя сваякі ляжаць менавіта ў гэтай бальніцы ці не і ў якім яны стане. Таму, зразумела, цяжка казаць і пра тое, у якім стане зараз грамадзяне Беларусі. Вядома толькі тое, што ўсе яны жывыя, і вядомы лёс адной дзяўчыны, грамадзянкі Беларусі, якая знаходзіцца ў стане сярэдняй цяжкасьці, не ў рэанімацыі, але ўсё ж такі лекары кажуць, што стан яе досыць складаны. Што тычыцца астатніх, то пакуль што ніякай інфармацыі няма, але ўсьцяшае ўжо тое, што ніхто з грамадзянаў Беларусі не загінуў падчас штурму”.

(Вядучы: ) “Я дадам, што агенцтва РИА Новости паведаміла, што прынамсі сям'я Савіцкіх не пацярпела, знаходзіцца ў лякарні, і да іх ужо прыхалі сваякі зь Беларусі.

І такое пытаньне: як прарэагавала расейская грамадзкасьць на даволі жорсткае разьвязаньне крызысу ў Тэатральным цэнтры на Дуброўцы?”

(Дзятліковіч: ) “На гэтае пытаньне зараз цяжка адказаць, таму што грамадзтва, здаецца, яшчэ не адышло ад шоку ад падзеяў апошніх трох дзён, і яшчэ не выказваюцца нейкія думкі, меркаваньні наконт жорсткасьці гэтых дзеяньняў расейскіх уладаў. Аднак ужо гучаць заявы спэцыялістаў у справе барацьбы з тэрарызмам. Яны кажуць, што ў прынцыпе пры такіх тэрарыстычных актах, пры вызваленьні закладнікаў, калі гіне 10% закладнікаў, то гэта – як ні жорстка гэта гучыць – гэта норма. Такім чынам, лічыцца, што апэрацыя, якую правялі расейскія спэцслужбы, даволі пасьпяховая. Я думаю, што ў найбліжэйшыя пару дзён, калі грамадзтва трохі адыдзе ад гэтага шоку, будзе відаць, наколькі грамадзтва палічыць адэкватнымі дзеяньні ўладаў і ці ня будуць людзі думаць, што трэба было пайсьці на нейкія саступкі чачэнцам, каб выратаваць жыцьці закладнікаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG