Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

МАРКУС ВЭНЭР: “У ЖУДАСНАЙ ГІСТОРЫІ З ЗАКЛАДНІКАМІ ЁСЬЦЬ АДЗІН ПАЗЫТЫЎНЫ МОМАНТ”


Алена Панкратава, Менск

Карэспандэнт швайцарскай газэты “Schaffhauser Nachrichten” Патрык Ніг жыве і працуе ў Менску. Ягонае сёньняшняе паведамленьне пра трагедыю ў Маскве ёсьць, так бы мовіць, поглядам празь беларускую прызму. Погляд дастаткова цікавы для швайцарскіх чытачоў, якія з паведамленьняў сваіх вядучых СМІ ведаюць пра ваеннае супрацоўніцтва Беларусі з тымі краінамі, якія падтрымліваюць тэрарызм.

Як і большасьць беларусаў, праводзячы гэтымі днямі час за праглядам расейскіх ды беларускіх інфармацыйных праграмаў, Патрык Ніг робіць выснову, што для многіх жыхароў Беларусі сёньня відавочна, што тэракт у Маскве — зьява таго ж парадку, што тэракты ў Нью-Ёрку ці Найробі. Зусім ня важна, кім зьяўляюцца паводле сваёй нацыянальнай прыналежнасьці тыя людзі, якія захапілі ў закладнікі іх шасьцёх землякоў, галоўнае — яны як прадстаўнікі міжнароднага тэрарызму ўяўляюць пагрозу жыцьцю, міру, цывілізацыі...

Маркус Вэнэр, маскоўскі карэспандэнт “Frankfurter Allgemeine”, аўтар гучных артыкулаў пра беларускі гандаль зброяй, эскадрон сьмерці дый іншых гэтыя дні праводзіць на вуліцы Мельнікава, ля эпіцэнтру маскоўскай трагедыі. Сёньня “Frankfurter Allgemeine” зьбіралася зьмясьціць рэпартаж Вэнэра пра чарговы скандал у беларуска-расейскіх дачыненьняў.

Аднак, паводле журналіста, падзеі ў Маскве зрабілі неактуальнымі нататкі наконт таго, што беларускія ўлады не пусьцілі ў Менск менавіта тых расейскіх палітыкаў, якім неабыякавы лёс зьніклых апанэнтаў рэжыму Лукашэнкі.

(Вэнэр: ) “Нявыключана, што такое Менск не аднойчы будзе паўтараць. Тым больш, што апошні менскі дэмарш сапсаваў і без таго складаныя расейска-беларускія дачыненьні. Але менавіта цяпер усе, канечне, думаюць пра іншае.

У гэтай жудаснай гісторыі з закладнікамі ёсьць адзін пазытыўны момант. Ніхто,бадай, за выключэньнем такіх адыёзных палітыкаў як магчыма Жырыноўскі, не патрабуе штурму, нейкага гвалтоўнага рашэньня. Галоўнае — выратаваць закладнікаў. Ня ведаю, як будзе далей, аднак мяркую, што такія памылкі, як былі з Будзёнаўскам, Першамайскам — не паўтарацца. Зараз да многіх прыходзіць усьведамленьне і пра пакуты чачэнцаў. “Зараз настрой такі — трэба штосьці рабіць іншае, не ісьці былым шляхам”.
XS
SM
MD
LG