Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У НЯДЗЕЛЮ Ў ПОЛЬШЧЫ МАЮЦЬ АДБЫЦЦА ВЫБАРЫ Ў МЯСЦОВЫЯ ОРГАНЫ ЎЛАДЫ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Cпачатку беларускія арганізацыі Беласточчыны меліся браць удзел у выбарах разам з арганізацыямі іншых меншасьцяў, такіх, як Форум Меншасьцяў Падляшша. Аднак пасьля таго, як кіраўніцтва Форуму падпісала пагадненьне з кіроўнай цяпер кааліцыяй Саюзу левых дэмакратаў і Вуніі працы, паводле якога кааліцыя гарантавала кандыдатам ад меншасьцяў месцы ў сваіх выбарчых сьпісах, Беларускі Зьвяз у Польшчы выйшаў з форуму ды стварыў уласную выбарчую арганізацыю – Беларускі Выбарчы Камітэт.

Гаворыць бурмістар места Бельск-Падляскі Андрэй Сьцепанюк:

(Сьцепанюк: ) “Форум Меншасьцяў Падляшша аказаўся групкай людзей, якія ў Беластоку хацелі пайсьці разам з Саюзам левых дэмакратаў(СЛД). Аднак нам гэта ня трэба. Мы хочам быць раўнапраўнымі партнэрамі, а не знаходзіцца на якім-небудзь месцы ў сьпісах СЛД”.

Дзеля ўдзелу ў муніцыпальных выбарах беларусы Бельшчыны разам з украінцамі стварылі “Кааліцыю Бельскую”, а ў Гайнаўцы – “Беларускі народны выбарчы камітэт”. Кандыдаты ад гэтых арганізацыяў дэкляруюць сваю беларускасьць і не зьвязаныя з аніякмі палітычнымі сіламі Польшчы.

Паводле дадзеных адказнага за інфармацыю Беларускага Выбарчага Камітэту ў Беластоку Яўгена Вапы, ад беларускіх арганізацыяў на Беласточчыне ў выбарах бяруць удзел каля 400 кандыдатаў.

Беларусы балятуюцца ў выбарчыя органы ўсіх узроўняў. Гэта сэймікі, ці мясцовыя саветы, малых мястэчак і Беластоку. Упершыню ёсьць кандыдат-беларус і на прэзыдэнта, ці мэра, самога Беластоку. Гэта прафэсар Антоні Мірановіч.

Галоўны слёган выбарчай кмпаніі беларусаў – “Мы знаходзімся ў сябе”. На перадвыбарчых плякатах у Беластоку напісана па-беларуску кірыліцай: “Люблю наш край, старонку гэту”.

Беларускія кандыдаты дэкляруюць таксама сваю прыналежнасьць да праваслаўя. На агітацыйных матэрыялах прафэсара Мірановіча адзначаецца, што ён зьяўляецца “адзіным прадстаўніком праваслаўнай грамады” сярод кандыдатаў на кіраўніка Беластоку.

Аднак напярэдадні Польская Праваслаўная Царква выступіла супраць ужываньня яе аўтарытэту ў часе выбараў.

Я запытаўся ў бурмістра Бельску-Падляскага, ці можна сказаць, што існуе нейкі супраціў кандыдатам-беларусам з боку польскай, амаль цалкам каталіцкай, часткі насельніцтва на Бельшчыне?

(Сьцепанюк: ) “Бывае па-рознаму. Розьніца найбольш адчуваецца, калі прыходзяць выбары. Мы жывем тут адвеку, мы ў сябе – нас ніхто сюды не прывёз. Падзел на праваслаўных, каталікоў, беларусаў і палякаў дагэтуль існуе. У нашых выбарчых сьпісах – усе праваслаўныя, а ў правых – усе католікі. Ня ведаю, добра гэта ці не, што існуе падзел, але павінна мінуць яшчэ шмат часу, пакуль ён зьнікне. Я не хачу, каб гэты падзел зьнік у такі спосаб, што зьнікнуць самі беларусы”.

Вынікі выбараў будуць вядомыя ў аўторак.

Варта адзначыць, што раней выбарчыя акругі на Беласточчыне былі падзеленыя такім чынам, што да акругаў зь пераважна беларускім насельніцтвам былі дададзеныя тэрыторыі, дзе жывуць у асноўным палякі. Натуральна, што гэта будзе мець нэгатыўны ўплыў на шансы кандыдатаў-беларусаў.
XS
SM
MD
LG