Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“СУПЭРКАТАСТРОФА ДЛЯ ОРГАНАЎ БЯСЬПЕКІ”


Сяргей Навумчык, Прага

“Страта ілюзіяў: чачэнскі крызыс прыйшоў да Пуціна дадому”, – артыкул пад такім назовам надрукавала ў пятніцу “New York Times”. “Пуцін неаднаразова заяўляў, што вайна амаль выйграная, і нягледзячы на пастаянныя ахвяры сярод расейскіх вайскоўцаў, грамадзтва падтрымлівала яго… Пуціну ўдавалася забясьпечыць высокі рэйтынг, нягледзячы на тое, што часам апошняй чачэнскай кампаніі загінулі ня менш як 4500 расейскіх вайскоўцаў”. “New York Times” цытуе аналітыка Гувэраўскага інстытуту Майкла Макфаўэла, які лічыць, што цяперашні захоп закладнікаў – самая вялікая пагроза для Пуціна, зь якой ён сутыкаецца з моманту абраньня на пасаду прэзыдэнта. Пуцін “мог ствараць уражаньне, што справы ідуць добра, але цяперашнія падзеі выяўляюць, што гэта ня так. Масква нагэтулькі далёкая да міру ў Чачні, як і чатыры гады таму” – перакананы Макфаўэл.

Нямецкая “Die Welt” называе маскоўскія падзеі “супэркатастрофай для органаў бясьпекі”. “Захоп закладнікаў, які трымае ў напружаньні ўсю Расею – гэта ня проста трагедыя. Гэта супэркатастрофа для органаў бясьпекі. Сьцішыўшыся і ўціснуўшыся ў крэслы, сядзелі ў Крамлі кіраўнік ФСБ Мікалай Патрушаў ды міністар унутраных справаў Барыс Грызлоў і здавалі справу з сытуацыі агаломшанаму Ўладзімеру Пуціну. Пры гэтым наўрад ці ёсьць краіна, якая прытрымліваецца заходняй сыстэмы каштоўнасьцяў і дзе пры гэтым спэцслужбы і паліцыя маюць нагэтулькі шырокія паўнамоцтвы, як Расея. Яны могуць – паводле закону – чытаць кампутарную пошту, праслухоўваць тэлефоны і заходзіць у кватэры. Усяўладзьзю дзяржавы, якое склалася тут гістарычна, супраціву практычна няма”, – адзначае нямецкае выданьне. “Нізкаадукаваны і нізкааплочваны пэрсанал, карупцыя, якая зрабілася сыстэмай, а таксама зьліцьцё органаў бясьпекі з арганізаванай злачыннасьцю робяць працу расейскіх органаў бясьпекі неэфэктыўнай”.

Варта адзначыць, што ня толькі заходні друк акцэнтуе ўвагу на невырашанасьці чачэнскай праблемы. “Расейскае грамадзтва апынулася ў тупіку, зь якога няма традыцыйнага выйсьця. Яны і павінныя былі зрабіць гэта ў Маскве – горадзе, які па-эўрапейску зіхаціць агнямі бутыкаў і казіно, якія адбіваюцца ў лакіраваных бартах іншамарак. Горадзе, жыхары якога не жадаюць адчуваць, што іх радзіма сёньня вядзе вайну. Доўгую. Бясконцую. Безвыніковую”, – пішуць сёньняшнія “Известия”. А вось як камэнтуе падзеі газэта “Маскоўскі камсамолец”: “За тры гады нічога ня зроблена для палітычнага дыялёгу ў Чачэніі. Замест гэтага ўлада займалася самападманам і пастаноўкамі спэктакляў… Пазыцыя “Ніякіх перамоваў з бандытамі” – праваленая. Але сусьветная практыка сьведчыць: ворагаў не выбіраюць. Дамаўляцца трэба з тымі, хто ёсьць. Як бы гэта і не было непрыемна”, – адзначае “Маскоўскі камсамолец”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG