Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМЭРЫКАНСКАЯ ПАЛІЦЫЯ АРЫШТАВАЛА ДВУХ ЧАЛАВЕК, ЯКІХ ПАДАЗРАЮЦЬ У СЭРЫІ ЗАБОЙСТВАЎ


Алесь Грыневіч, Прага

Падазраваныя ў справе аб сэрыі забойстваў, 41-гадовы Джон Мухамад і 17-гадовы Джон Мальво, спалі ў машыне, калі іх арыштавала паліцыя. Паліцыянтам затэлефанаваў кіроўца, які убачыў аўтамабіль, прыпаркаваны ўначы на шашы. Грэг Шыплі, кіраўнік паліцыі штату Мэрылэнд, якая правяла арышт, апісаў затрыманьне гэткім чынам:

(Шыплі: ) “Паліцыянты наблізіліся да машыны. Я ня ведаю, якія канкрэтныя тактычныя манэўры яны скарысталі, але яны зрабілі гэта вельмі ахайна, вельмі хутка, вельмі эфэктыўна, і гэтых дзьвюх асобаў узялі пад варту без аніякіх праблемаў”.

Гэтак званага “Вашынгтонскага снайпэра” шукалі па ўсіх Злучаных Штатах. Незадоўга да арышту паліцыя атрымала інфармацыю, што забойствы каля Вашынгтону могуць быць зьвязаныя з абрабаваньнем у штаце Алабама, больш за тысячу кілямэтраў на поўдзень ад амэрыканскай сталіцы. Падчас рабаваньня загінуў чалавек, а на месцы злачынства знайшлі адбіткі пальцаў 17-гадовага Джона Мальво. Паліцыя знайшла дом на паўночным захадзе ЗША, больш за 4 тысячы кілямэтраў ад Вашынгтону, дзе нейкі час жылі Мальво і Мухамад. Суседзі казалі, што адтуль часам чуліся стрэлы. Паліцыя адправіла на экспэртызу знойдзены ў двары дома пень, які мог выкарыстоўвацца, як мішэнь.

Іншая балістычная экспэртыза паказала, што стрэльба, знойдзеная ў машыне падазроных, ужывалася прынамсі ў 11 з 13 нападаў снайпэра. Адзін з арыштаваных, 41-гадовы Джон Мухамад – вэтэран вайны 1991-га году ў Пэрсыдзкай затоцы. І хоць ягоная вайсковая спэцяльнасьць – машыніст, Мухамад таксама меў узнагароду трапнага стралка. Пра другога затрыманага, Джона Мальво, мала што вядома, акрамя таго, што ён нарадзіўся на высьпе Ямайка. Паводле некаторай інфармацыі, Мальво – прыёмны сын Мухамада.

Пакуль што арыштаваным не прад’яўлена афіцыйнага абвінавачваньня ў забойствах. Іх утрымліваюць за парушэньні законаў аб зброі.
XS
SM
MD
LG