Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У ЗЬВЯЗКУ З ПАДЗЕЯМІ Ў МАСКВЕ ДАДАТКОВЫЯ ЗАХАДЫ Ў СПРАВЕ БЯСЬПЕКІ ЗРОБЛЕНЫЯ Ў ПОЛЬШЧЫ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Яшчэ ў сераду ўвечары прадстаўнікі Міністэрства ўнутраных справаў Польшчы зьвярнуліся да расейскіх дыпляматаў з прапановай узмацненьня аховы амбасады Расеі ў Варшаве. Празь некаторы час каля расейскага дыпляматычнага прадстаўніцтва і кватэраў супрацоўнікаў амбасады зьявіліся дадатковыя патрулі, а на навакольных паркінгах пабочным асобам было забаронена пакідаць аўтамабілі. Учора ўрад вырашыў узмацніць кантроль асобаў, што накіроўваюца ў Польшчу з краінаў - усходніх суседзяў. У выніку і так доўгія чэргі на ўезд ў Польшчу зь беларускага боку, праўдападобна, яшчэ павялічацца.

Што тычыцца рэакцыі вядучых польскіх палітыкаў на тэрарыстычны замах, дык прэзыдэнт Аляксандар Квасьнеўскі, які зараз знаходзіцца ў турнэ па краінах Азіі, адназначна зганіў дзеяньні тэрарыстаў. Прэм'ер Лешэк Мілер заявіў, што маскоўскія падзеі сьведчаць пра эскаляцыю тэрарызму ў сьвеце. У сваю чаргу, сьпікер Сойму, Марэк Бароўскі сказаў, што замах у Маскве зашкодзіць іміджу Чачэніі.

“Я кажу пра гэта з болем у сэрцы. У Чачэніі выбіваюць цэлыя вёскі, людзей заганяюць у фільтрацыйныя лягэры, якія насамрэч зьяўляюцца канцэнтрацыйнымі. Я ня ведаю, як бы я сябе паводзіў, калі б маю жонку спачатку згвалцілі, а пазьней забілі”, – адзначыў сьпікер Бароўскі.

Варта адзначыць, што Польшча зьяўляецца другой краінай у Эўропе паводле колькасьці чачэнскіх уцекачоў. Сёлета па палітычны прытулак да польскіх уладаў зьвярнуліся каля дзьвюх тысячаў грамадзянаў Расейскай Фэдэрацыі чачэнскай нацыянальнасьці. Гэта на 600 больш, чым летась, і больш за палову ад агульнай колькасьці заяваў у гэтай справе. Атрымаў прытулак пакуль толькі кожны дзясяты чачэнец.
XS
SM
MD
LG